Выбрать главу

Пра багацьці беларускае народнае творчасьці, ведама, пісалі розныя аўтары шмат і да Карскага, і пасьля Карскага. Але Карскага нарыс і па сяньня найабшырнейшы з існуючых апісаньняў беларускае народнасьці ды абрадавасьці. Гэтая кніга «Беларусаў», зь некаторымі скарачэньнямі ды ператасоўкамі, была перавыдадзеная ў перакладзе прафэсара М. Фасмэра ў 1926 годзе.

2. Старая западно-русская письменность. Петроград, 1921, бач. 254.

Кніга пачынаецца разьдзелам з нарысам пра выступленьні беларускае народнае мовы ў ролі літаратурнага органа ў старую пару беларускае гісторыі ды пра разьвіцьцё самастойнае свае пісьменнасьці.

Далей ідзе агляд памятак старое беларускае пісьменнасьці паводле жанраў — літаратура перакладная, рэлігійная і сьвецкая, літаратура сваяродная, летапісы, запісы тагачасьнікаў, памятнікі юрыдычнае літаратуры, вершы, палемічная рэлігійная літаратура, беларуская пісьменнасьць лацініцай, сатыра, спробы драматычнага жанру, беларуская пісьменнасьць арабскімі літарамі.

У кнізе Карскі апрача апісаньня паасобных твораў, пераказваньня іх зьместу ды ідэйнага накіраваньня, заўсёды асаблівую ўвагу прысьвячае мове дадзенага твору ці дадзенага аўтара, зьвяртае ўвагу на яе характэрныя асаблівасьці й яе чысьціню ды на ступень уплываў на яе моваў царкоўнаславянскай ці польскай.

Асабліва важна, што тут, як і ў сваіх паасобных папярэдніх працах, Карскі дэтальна разгледзеў і абаснаваў беларускасьць старое літаратурнае мовы ВКЛ і яе такіх помнікаў як летапісы, Статут ВКА, выданьні Скарыны, рэлігійнай літаратуры.

Мову Скарыны Карскі характарызуе, напрыклад, гэтак:

Ён не адважваецца яшчэ перайсьці на чыста народную мову: у яго ня рэдкія яшчэ аорысты, імпэрфэкты, часта твораныя няправільна, і іншыя царкоўнаславянскія асаблівасьці ў мове; побач з гэтым даволі частыя чэхізмы, як дань арыгіналу, зь якога ён рабіў свае пераклады, — ды ўсё-ж аснова мовы народная беларуская, з тымі асаблівасьцямі, якія характарызуюць старую яе рэдакцыю ў Літоўскім гаспадарстве.

Кніга пісаная на багатым фактычным матар'яле, перавернутым гадамі аўтарам і, мінаючы свомую Карскаму тэрміналёгію — «западнорусский язык», свае навуковае вартасьці ня губляе ў вялікай меры й па сяньня, хоць падыход у ей да паасобных твораў пісьменнасьці больш моваведны, чым гістарычны літаратурны.

3. Художественная литература на наролном языке. Петроград, 1922, бач. 472.

У гэтай, апошняй частцы, трэцяга тому «Беларусаў» Карскі дае нарыс новае беларускае літаратуры — стагодзьдзя XIX ды пачатку XX, даведзенага аж да году выхаду кнігі, 1922. Карскі ў гэтай частцы манаграфіі намагаецца спачатку даць гістарычны фон ды склаўшыеся прычыны, якія выклікалі наяву новае беларускае літаратуры, а пазьней і адраджэнчага нацыянальнага беларускага руху. Далей ён адцемлівае ў сабе кажны паявіўшыся твор ці нават і друк пабеларуску, дае характарыстыку кажнага паважнейшага аўтара і ягоных твораў, ягонае мовы.

Кніга мае перадусім цану, і па сяньня, як крыніца вялікага ліку зарэгістраваных фактаў важных для вывучаючых гісторыю беларускае літаратуры абнятае пары. Значна слабейшая яна зь літаратурнага строга гледзішча. Калі і выказваюцца аўтарам крытычныя заўвагі аб творчасьці паасобнага пісьменьніка, заўвагі аб мастацкім боку ягоных твораў, яны часта прымітыўныя, маюць малую цікавасьць, сьветчаць аб нелітаратурным падыходзе да літаратурнага матар'ялу.

У канцы кнігі Карскі дае й слоўнічак меншых беларускіх пісьменьнікаў, які сяньня асаблівую мае вартасьць для дасьледчыка беларускае літаратуры нашаніўскае галоўна пары. У слоўніку падаецца каля паўтары сотні прозьвішчаў, псэўдонімаў, ініцыялаў і крыптонімаў тагачасных беларускіх пісьменьнікаў, з частаю расшыфроўкаю іх запраўднага прозьвішча, з інфармацыяй, дзе і якія ягоныя вершы друкаваліся, часта з кароткаю тэлеграфічнаю ацэнаю. Слоўнікам абнятыя перадусім паэты, менш дакладна тыя, што пісалі прозаю.

Апошняя кніга «Беларусаў» азначаецца яшчэ тым, што ў ёй Карскі, у адваротнасьць папярэднім кнігам манаграфіі, адыходзіць часам ад свайго акадэмічнага навуковага стылю ды пераходзіць у звычайную палітычную палеміку зь дзеячамі беларускага адраджэнскага руху. Творыцца ўражаньне, што дзеля нейкіх паважных сабе прычынаў, акадэмік выбіўся з раўнавагі ды ў навуковы твор дачэплівае ня сутучным яму тонам і зьместам публіцыстыку. Пагляды Карскага, зразумела, ясна бачны з папярэдніх тамоў «Беларусаў», але яны там нідзе ня высказаны ў гэткім ваяўнічым, дасадным тоне. Якія былі праўдападобныя прычыны гэтага — будзе мова ў разьдзеле аб паглядах Карскага.