Выбрать главу

«Белоруссы», т. IV

Тры тамы «Беларусаў» разам больш 3000 бач. друку (канкрэтна 3164 бачыны) — праца па сваей велічыні ў навуцы зьява ня частая. Але ў задуме Карскага быў яшчэ і том IV. Як відаць зь ягонага пляну «Беларусаў», накінутага рукою Карскага на вокладцы аўтарскага экзэмпляра 1-ай часткі II тому, што выйшла друкам у 1908, Карскі тады ўжо марыў

і канкрэтна плянаваў сваіх «Беларусаў» у IV тамох. Паводле гэтага пляну IV том меў называцца «Словарь белорусского наречия» і складацца ён меўся з

1 частак: 1. Словарь современного белорусского языка і 2. Словарь старого западнорусского языка.

Выдаючы, аднак-жа трэцюю кнігу трэцяга тому «Беларусаў», калі ён меў ужо 60 гадоў, Карскі ўсьведамляў сабе, што выканаць гэтую працу яму самому ўжо не давядзецца, і, наагул, гэткае вялікае заданьне выканаць аднаму чалавеку — проста не пад сілу. Ды каб справа аднак-жа не загінула, ды каб працу паднялі мо іншыя, у прадмове да апошняе часткі трэцяга тому Карскі падае цэлы плян працы для ўкладаньня «поўнага» беларускага слоўніка. Плян гэты ў невялікім скарачэньні й падам, і ня толькі таму, што Карскі марыў аб ім як аб завяршэньні сваіх «Беларусаў», але і таму, што праца гэтая й па сяньня, 40 гадоў пазьней, ня выкананая, і мець перад ачыма яе беларускім навукоўцам трэба. Пра слоўнік Карскі піша вось што:

…скласьці поўны беларускі слоўнік неабходна. Трэба зарэгістраваць тыя багацьці, якімі валодае беларуская мова. Пры кажным слове трэба адцеміць, сваё гэтае слова ці пазычанае адкуль-небудзь. Ды ўкладаньне слоўніка — справа дужа складаная, якую павінны папярэдзіць розныя падрыхтоўчыя працы, за іх трэба ўзяцца ўсім знаўцам і аматарам беларускага слова. Для гэтага трэба: 1) выбраць на картачкі ўсе словы з розных зборнікаў народнае творчасьці… пры тым пры кажным слове зусім дакладна, паводле правапісу арыгіналу павінна быць зацытавана (з пакліканьнсм на том, частку, бачыну) тая фраза, дзе дадзенае слова сустракаецца… Пэўне-ж… адной асобе прарабіць усё гэта немагчыма… Найлепш для гэтае працы паклікаць цэлыя камісіі; 2) тое-ж трэба прарабіць і з творамі беларускіх пісьменынкаў…; 3)…і існуючыя слоўнікі павінны быць праглынутыя поўным беларускім слоўнікам; 4)…у розных навуковых установах ёсьць ужо сабраныя матар'ялы па беларускім слоўніку… у Акадэміі Навук у Петраградзе ёсьць слоўнік Раманава, ёсьць матар'ялы ў «Обществе Любителей Русской Словесности» пры Маскоўскім Унівэрсытэце ў Інстытуце Беларускае Культуры ў Менску ляжыць рукапісны слоўнік Ціхінскага… ёсьць слоўнікі й у асобаў прыватных (Дыбоўскі, Фэдароўскі)…; 5) народныя назовы расьлінаў…; 6)…улучыць «навуковую беларускую тэрміналёгію», што выпрацоўваецца ў Менску…

Калі падрыхтоўчая праца будзе скончаная… можна будзе прыступіцьца рэдакцыйнага злучэньня ўсяго сабранага. Створанае для гэтае мэты таварыства ці гурток установіць правілы выданьня такога слоўніка. У гэты спосаб мы атрымалі-б слоўнік жывое беларускае мовы.

Што-ж тычыцца старое беларускае мовы… справа выглядае значна горш… Пакуль што мы ня маем і спробаў выданьня гэткіх слоўнікаў… Некалі, на пачатку XIX ст., І. Грыгаровіч пачаў друкаваць гэткі слоўнік, ды пасьля аддрукаваньня 10 аркушоў памёр, і далей друк не праводзіўся, а надрукаваная частка ляжыць у Акадэміі Навук. Улучыць сюды трэба слоўнікі Зызанія, Бярынды… Навіцкага… Гарбачэўскага… Неабходна заняцца выбарам слоўнікавага матар'ялу хоць-бы з важнейших рукапісных і друкаваных памятнікаў, пачынаючы з XIII ст. і да канца XVII стагодзьдзя…

Гэткі Карскага плян працы на ўкладаньне поўнага слоўніка беларускае мовы. Ня вылучана, што працу над укладаньнем гэтага слоўніка Карскі раней плянаваў праводзіць сам на Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце ў Менску, быць на якім у ступені прафэсара, ці нават і рэктара, Карскі быццам надзеяўся. Аднак-жа ў часе выхаду апошняе кнігі «Беларусаў» ён ужо ведаў, што ў Менску ён не застанецца. Дзеля гэтага свой плян працы ды заахвочваньне да яе пакідаў іншым пад развагу ды для выкананьня. Адцеміць гэтта аднак-жа трэба, што справа злажэньня поўнага слоўніка беларускае мовы, адказаная Карскім да выкананьня «ўсім знаўцам і аматарам беларускага слова», засталася ня выкананая й па сяньня, хоць у сваю пару праца над ім была разгорнутая шырака Аддзелам Мовы й Літаратуры Інстытуту Беларускае Культуры ў Менску. Паводле справаздачы, друкаванай у кнізе «Працы Акадэмічнае Канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу й абэцэды ў Менску ў 1926 г.», натады было ўжо вынесена на карткі 140 000 словаў, выбраных з твораў беларускіх пісьменьнікаў, ды адначасна было сабрана ў Менску й па краёвых цэнтрах рэспублікі каля 120 000 словаў-картак жывое народнае мовы, што разам давала больш чвэрці мільёна словаў. Ды, як ведама, далейшая праца над складаньнем гэтага слоўніка была цалком спыненая ўжо колькі гадоў пазьней падчас разгрому ўсяе беларускае культурна-навуковае працы ў БССР, у часе прасьледу ды нішчэньня і самых навуковых працаўнікоў. У выніку гэтага руйнаваньня Масквою ўсякае навуковае й культурнее беларусаведнае працы ды зьнішчальнага дзеяньня пазьнейшае II Сусьветнае Вайны, сяньня тутка цяжка сказаць, ці наагул нешта засталося й з таго сабранага ўжо. Слоўнік, у кажным выпадку, не паказаўся й па сёньння.