Выбрать главу

Гіпотэзы, будаваныя тэарэтычна, што апіраюцца на невялікі лік фактаў, часта прыпадковых, з часам могуць аказацца без гістарычнае акурат над сабой базы, і, у выніку, бязвартасныя, тады як факты мовы ніколі ня згубяць значэньня.

Калі гэтае цьверджаньне самога Карскага сяньня можна аднесьці й да ўсяе ягонай навуковай спадчыны, дык найперш аднак-жа да II тому ягоных «Беларусаў» пра беларускую мову.

Ды ня згубленая ў вялікай меры навуковая вартасьць і двох іншых тамоў «Беларусаў». Пра першы, уводны агульны нарыс пра беларускі народ, ягоную тэрыторыю, прагісторыю і гісторыю, мову, жаролы й літаратуру да яе вывучаньня ўспаміналася ўжо раней. Не малую вагу маюць і паасобныя разьдзелы ці матар'ялы і 1-ае кнігі тому III пра беларускую народную паэзію, які й па сяньня застаецца найбольш абшырным агульным аглядам вуснае народнае творчасьці. Цэнная пераважна й па сяньня частка другая — агляд гістарычны старое беларускае літаратуры. Вельмі шмат скарыстае і дасьледнік новае беларускае літаратуры з часткі трэцяе, пра новую беларускую літаратуру, а практычна, безь яе наагул не абыйдзецца, дзеля вялізарнага ліку абнятага тамка літаратурна-інфармацыйнага матар'ялу ды бібліяграфіі прадмету.

Трэба помніць, што ў галіне нашае мовы Карскі, галоўна сваімі «Обзором звуков и форм белорусской речи» ды II томам «Беларусаў» паклаў аснову й гэтым даў пачатак усім першьм практычным ім граматыкам беларускае мовы — і Тарашкевіча, і Лёсіка, і іншым. Ягоны-ж нарыс гісторыі беларускае літаратуры паслужыў за вельмі важнае жарало пры ўкладаньні нашых першых нарысаў беларускае літаратуры ды першых хрэстаматыяў. Прыпомнім таксама раней сказанае, што ягоны нарыс беларускае палеаграфіі, памешчаны ў 1-ай кнізе ІІ-га тому «Беларусаў», застаўся й па сяньня адзіным, хай сабе й няпоўным ды кароткім, падручнікам беларускае палеаграфіі. Нават і ягоная «этнографічная карта белорусскага племені», твор найменш дасканалы, з грубымі памылкамі, у сваю пару сыграў сваю ня толькі навуковую, але й палітычную ролю, на жаль, не заўсёды нам карысную.

Калі жыцьцё ды поступ навукі й парабілі свае немалыя карэктуры ў навуковай спадчыне Карскага, а шмат з гэтага сяньня й наагул вычыркнулі, дык трэба помніць, што гэткая доля навуковай спадчыны ўсіх працаўнікоў навукі — час заўсёды робіць свае зьмены ды папраўкі — бяз гэтага ня было-б поступу.

Бесстаронна трэба аднак-жа зьвярнуць увагу й на тое, што калі вартасьць навуковае спадчыны Карскага значная й сяньня, дык, як-бы парадаксальна гэта ні гучэла, але ў гэтым ёсьць доля й ня толькі ягонай заслугі. Часткава гэта вынік і тых гістарычна склаўшыхся абставінаў, пры якіх дзесяцігодзьдзі ўжо буйнае разьвіцьцё беларускае культуры, навукі, моваведы было брутальна спыненае, яе духовыя вартасьці, навуковыя ўстановы ды і самыя творцы прасьледваныя ды нішчаныя. У выніку ня было гістарычных магчымасьцяў паднятую Карскім працу разьвіваць далей, каб стварыць нешта больш абшырнае, грунтоўнейшае ды больш поўнае. Змарнаваныя гэтак для беларускай навукі ворныя гады сіламоц фактаў значна павышаюць нам сяньня вартасьць працаў Карскага беларусаведнае галіны.

6. Важнейшыя небеларусаведныя працы Карскага

Пакінутая навуковая спадчына Карскага ў іншых, небеларусаведных, галінах, значна меншая, але й там Карскі даў паважны ўклад. Пра ягоныя працы ў галіне палеаграфіі, асабліва пра падручную вялікую кнігу «Славянская кирилловская палеография», было ўспомнена ўжо раней, паколькі гэтая праца па сваім зарысаваным загалоўкам кнігі пляне абыймала й беларускую палеаграфію ды ў шмат чым аснована й на прыкладах з старое беларускае пісьменнасьці.

У выніку выкладаньня Карскім царкоўнаславянскае мовы, спачатку ў гімназіі ў Вільні, а посьле на ўнівэрсытэце, паўстала ягоная «Граматыка царкоўнаславянскае мовы», якая пачынаючы ад свайго першага віленскага выданьня 1888 году мела аж 19 усіх выданьняў, апошняе ў 1917 годзе.

У галіне расейскае літаратуры й моваведы мае Карскі побач шмат драбнейшых працаў, і гэткія большыя ды важнейшыя: працы пра «Архангельскае эвангельле», «Лісткі» Ундольскага, Лаўрэнцеўскі летапіс, праца «Русская диалектология» (1924, дзе абыймаецца і беларуская дыялекталёгія), важная праца «Очерк научной разработки русского языка в пределах СССР» (1926, дзе ізноўж ахопліваецца і беларуская мова). Апошняе і вельмі цэннае выданьне, гэга апублікаваная ў СССР у 1930 г. «Русская Правда по древнейшему списку», выданьне вельмі грунтоўнае ды на вышыні з навуковага гледзішча, у якім маем Карскага ўводзіны. Тэкст, поўную рэпрадукцыю, паясьненьні, паказальнікі аўтараў і лексыкі. Гэтая праца ў савецкай літаратуры залічаецца заўсёды ў «рускія працы Карскага», хоць «Руская праўда» памятка перадусім украінскае пісьменнасьці.