Выбрать главу

Трэба прызнаць, што ў пару паявы Карскага як дасьледніка беларускае мовы, у другой палове XIX ст., і самыя пагляды расейскіх моваведаў на беларускую мову, на яе месца сярод іншых славянскіх моваў, на яе паходжаньне дый межы займанае ею прасторы былі вельмі няясныя, блытаныя, супярэчныя. Гэга часткова вынікала й з таго, што й у справе падзелу ўсходнеславянскіх моваў дый іхных дыялектаў, а таксама іх паходжаньня, сярод тагачасных славістых-моваведаў ня было аніякое аднадумнасьці.

Гэтак, у часе пісаньня Карскім ягонае першае працы «Обзора звуков и форм белорусской речи», г. зн. у сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, у пытаньні пра месца беларускае мовы сярод іншых усходнеславянскіх моваў дый дыялектаў, Карскі быў пастаўлены перад гэткімі трыма рознымі дый супярэчнымі альтэрнатывамі:

1. Беларуская мова — гэта падмова гутаркі вялікарускай. Пагляд, якога трымаліся галоўна І.І. Сразьнеўскі й А. А. Патэбня. Канкрэтна ўважалася, што беларуская мова была падмоваю паўдзённага вялікарускага дыялекту, дыялекту, які мае значны лік супольных асаблівасьцяў зь беларускаю мовай.

2. Беларуская мова — гэта падмова гутаркі маларускай (украінскай). Пагляд Міклошыца дый Аганоўскага.

3. Беларуская мова — такая-ж самастойная, як і вялікаруская дый маларуская. Становішча М. Надзеждзіна дый М. Максімовіча. Надзеждзін уважаў, што спачатку наагул былі толькі дзьве ўсходнеславянскія мовы: беларуская, ці балтыйская, і маларуская, ці пантыйская. Мова-ж расейская — вялікаруская — гэта ўжо навейшы твор, што паўстаў зь дзьвёх напярэдніх шляхам скрыжаваньня на новакалянізаваных прасторах. Пры тым, паўдзённавялікарускі дыялект паўстаў галоўна на аснове беларускай, а паўночнавялікарускі на аснове маларускай. Гэтая г. зв. пантыйска-балтыйская тэорыя нядаўнага паўстаньня вялікарускіх дыялектаў, апублікаваная Надзеждзіным у пачатку 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя, у сваю пару сярод расейскіх моваведаў выклікала жывую дыскусію. (Nadezdin М. Mundarten der russischen Sprache // Jahrbucher der Literatur. Wien, 1841).

Пастаўлены перад гэткім моўным разнабоем на самых пачатках свае навуковае кар'еры Карскі ў «Обзоре звуков и форм белорусской речи» заяўляе, што ён ня прыхіляецца да ніводнага з гэтых паглядаў. За сваё становішча ён затое прыймае чацьвертую канцэпцыю, высказаную П. Жыцецкім, якая кажа, што беларуская мова — вялікарускі дыялект, але дыялект незалежны, раўнаважны. Як бачым, становішча гэтае — гэта толькі мадыфікацыя першага пагляду. У ім толькі націск кладзецца на самастойнасьць дый раўнапраўнасьць беларускае гутаркі сярод вялікарускіх дыялектаў.

Свае становішча ў гэтым пытаньні Карскі 8 гадоў пазьней паўтарыў яшчэ раз у тэзах да свайго магістэрскага диспуту на Варшаўскім унівэрсытэце 24 кастрычніка 1893 г. Пяць тэзаў гэтага дыспуту, што тычыліся беларускае мовы, з усіх 9-ці, мелі гэткую фармулёўку (Б., I, 424):

4. Беларуская мова, гэта адно зь вялікарускіх нарэччаў, раўнасільнае паўмочнавялікарускаму й паўдзённавялікарускаму.

6. Паасобныя асаблівасьці сучаснага беларускага нарэчча часта паяўляюцца з XIII ст., наогул-жа яны не маладзейшыя за XV ст.

7. Літаратурная мова старых заходнярускіх памятак апрача стыхіі беларускай мае ў сабе яшчэ элемэнты царкоўпаславянскае й польскае мовы, а таксама маларускага нарэчча.

8…можна сказаць, што чужыя ўплывы ў заходнярускай мове выявіліся галоўна па лексычным складзе, і толькі ў вельмі нязначнай ступені на гуках і формах.

9. Асаблівасьці жывое беларускае мовы разьвіліся, праўдападобна, самастойна, без пасярэдніцтва суседзяў.

Хоць Карскі сваё цьверджаньне аб тым, што «беларуская мова гэта адно зь вялікарускіх нарэччаў», паўтарыў у пачатках свае навуковае дзейнасьці найменш двойчы, у «Обзоре звуков и форм белорусской речи» падчас магістэрскага экзаміну, дык, як адмеціў гэта ў 1916 г. Шахматаў, «цьверджаньне гэтае не знайшло сабе разьвіцьця ў далейшых працах аўтара». І запраўды, тэзы гэтае Карскі ў сваей пазьнейшай навуковай працы над беларускаю мовай ніколі не абгрунтоўваў, не разьвіваў, не даводзіў.

Зусім наадварот. З паасобных выказваньняў Карскага відавочна, што эвалюцыя ягоных паглядаў на месца беларускае мовы сярод моваў усходнеславянскіх, ішло ў іншым кірунку. Ужо ў «Обзоре звуков и форм белорусской речи» з 1885 году, атакуючы пагляд, што мова беларуская — падмова іншых, Карскі з усім свомым маладому філялёгу імпэтам накідаецца на цьверджаньне, што беларуская гутарка — падмова паўдзённавялікарускай. Між іншым, ён кажа: «…падобнасьць беларускага нарэчча з паўдзённавялікарускім… давядзецца тлумачыць перайманьнем, толькі пераймалі не беларусы ў паўдзённых вялікарусаў, а якраз наадварот. Так што лепш было-б казаць — не беларусы галіна паўдзённавялікарусаў, а наадварот…» (156). І на гэта Карскі дае далей пераконваючыя довады. А дзеля гэтага (158): «…беларускае нарэчча павінна ўважацца за самастойнае: спалучэньне яго характэрных асаблівасьцяў не паўтараецца ані ў воднай славянскай мове…»