Гэтае цьверджаньне Карскага, хоць яно й мела служыць абароне тэзы пра самастойнасьць беларускае мовы ўсяго як дыялекту, аднак-жа ў сваей фармулёўцы «спалучэньне характэрных асаблівасьцяў» беларускае гутаркі «не паўтараецца ані ў воднай славянскай мове», гучыць яно скарэй як маніфэст поўнае самастойнасьці й раўнавартасьці беларускае мовы ў сям'і іншых славянскіх. Гэта напэўна было й аднэй з прычынаў таго, што, як сам Карскі сьветчыць у «Беларусах», ягоная «дысэртацыя была вельмі прыхільна сустрэтая беларускімі навукоўцамі й студыюючай моладзяй» (Б., III, 3, 153).
Існавала ў першай навуковай працы Карскага й другая, кардынальнай вагі, нутраная супярэчнасьць. Хоць, адваяваўшы ў «Обзоре звуков и форм белорусской речи» беларускай мове «раўнасільную» пазыцыю, Карскі фармальна пакідаў яе ўсё-ж яшчэ ў рамках вялікарускіх дыялектаў, дык фактычна, сьведама ці не, але сваей аргумэнтацыяй ён разбураў самую лягічную базу для лучэньня беларускае мовы зь вялікарускаю наагул. Каб аб гэтым пераканацца, трэба зьвярнуць увагу на тое, што ўсе цьверджаньні аб прыналежнасьці беларускае мовы да вялікарускіх дыялектаў aпіраліся на ведамым факце існаваньня значнага ліку супольных асаблівасьцяў у гутарках беларускіх і паўдзённавялікарускіх. Аб супольнасьці беларускае мовы з паўночнавялікарускім окаючым дыялектам ніхто звычайна й ня думаў. Карскі, разьбіваючы сваімі аргумэнтамі ўсякую залежнасьць і паходжаньне беларускае мовы ад паўдзённавялікарускага дыялекту ніштожыў гэтым і адзіную падставу для цьверджаньня аб прыналежнасьці беларускае мовы да сям'і вялікарускіх гаворак наагул, і гэтым самым фактычна падмуроўваў пагляд Надзеждзіна дый Максімовіча аб поўнай самастойнасьці беларускае мовы.
Хоць у сваей далейшай навуковай дзейнасьці Карскі не разьвівае, ані фармальна не адклікае свае магістэрскае тэзы: беларуская гутарка — адзін з раўнасільных дыялектаў гутаркі вялікарускай, аднак-жа практычна пазьней ён пачынае трактаваць яе як мову цалкам роўную вялікарускай і ўкраінскай гутаркам, хоць — не расейскай літаратурнай мове, якую ён уважаў за супольны здабытак усіх трох усходнеславянскіх моваў, якая дзеля гэтага, паводле Карскага, й павінна заставацца ў ролі супольнае «вышэйшае» літаратурнай мовы для ўсіх трох славянскіх народаў.
Выглядае, што Карскі найперш, і даволі рана, заўважыў, што ў ягоную схему: беларуская мова — вялікарускае нарэчча, — ніяк не даецца ўкласьці старую беларускуто літаратурную мову, як мову высака ў сваю пару разьвітую, мову шырокага дзяржаўнага ўжытку ў ВКЛ, і ні ў якім выпадку не «нарэчча» наогул. Ужо ў сваім рэфэраце да Віленскага Археалягічнага Зьезду 1893 г. аб старой беларускай літаратурнай мове Карскі пісаў:
Старое заходнярускае нарэчча, будучи моваю вуснага карыстаньня адукаванага тагачаснага грамадзянства, увесь час апіралася на мову простата народу мясцовага беларускага племені. У выніку гэтага, дзеля наяўнасьці ў ім элемэнтаў беларускае мовы, і называць яго трэба беларускім языком, дадаючы хіба для адрозьненьня ад сучаснага беларускага нарэчча назву старога.
Аднак-жа 25 гадоў пазьней, у кніжцы «Белорусская речь» з 1918 г., беларускую сучасную мову Карскі, прынамсі ў яе паходжаньні, лучыць яшчэ з дыялектамі вялікарускімі. На гэта зарэагаваў тады востра Язэп Лёсік у «Вольнай Беларусі» (№ 29, 1918 г.) словамі: «…чытаючы глядзіць на беларускую мову, як падмову маскоўскага языка… Ён яшчэ да гэтага часу разглядае беларускую мову, як некага блуднага сына, адшчапенца, каторы доўгі час бадзяўся па чужыне й папсаваў сваю мову».
Словы гэтыя моцна задзелі Карскага. У апошняй кнізе сваіх «Беларусаў» ён пагляды Я. Лёсіка й падобныя ўважае за «ня вытрымваючыя ніякую філялягічную крытыку». Аб самой-жа заўвазе Лёсіка ён адзываецца: «Слова „русскій язык“ у яго раўнасільна з „московскій“; у беларускім нарэччы яму хацелась-бы бачыць ледзь не раданачальніка ўсіх рускіх языкоў».