Выбрать главу

Пад уплывам крытыкі Лёсіка ці не, але калі праз год Карскі чытаў у Вільні рэфэрат аб беларускай мове для слухачоў беларускіх настаўніцкіх курсаў, выказваў ён аб беларускай мове ў іншы ўжо спосаб, як у сваіх публікацыях. Пра гэты рэфэрат віленская беларуская «Крыніца» з 7 верасьня 1919 г. № 3 памясьціла гэткую зацемку:

2 верасьня, у беларускай гімназіі, прафэсар Карскі прачытаў лекцыю аб беларускай мове. Лекцыю закончыў вывадамі, што мова наша — ня гутарка якая, але мова так як і ўсе іншыя, што дзеля гэтага яна мае зусім роўнае права між суседнімі й далёкімі мовамі. Лекцыя была прадусім назначана для беларускіх вучыцялёў-курсантаў, апрача гэтых, было многа гасьцей.

Пяць гадоў пазьней, у 1924 г., выходзіць кніжка Карскага «Русская диалектология». У ей (на бачыне 83) Карскі падчырквае ўжо арыгінальнасьць «гістарычна ўжо даўно склаўшагася» арганізму беларускае мовы. Зь вялікарускімі дыялектамі ён яе ўжо зусім, і па паходжаньні, ня лучыць. Але азначэньне «нарэчча» да беларускае мовы й далей захоўвае, у адваротнасьць сказанаму перад беларускімі настаўнікамі на рэфэраце ў Вільні. «Нарэччам» называе беларускую мову Карскі й раней, у 1922 годзе, у апошняй кнізе «Беларусаў». Толькі на колькі гадоў перад сваей сьмерцяй, прыблізна ад 1928 году, Карскі пераходзіць у канцы ад «нарэчча» дый «племя» да тэрміналёгіі «беларуская мова», «беларускі народ».

Дык толькі тады завяршылася вельмі павольная, як бачым, эвалюцыя паглядаў Карскага ў справе самастойнасьці беларускае мовы.

Дый у канцы XIX ст. расейскія моваведы ня толькі намагаліся ахапіць у абсяг мовы расейскую сучасную беларускую мову. Ішла праца й над тым, каб давесьці адзінства беларускае й украінскае мовы з расейскаю й у даўнейшую гістарычную й дагістарычную пару. Для гэтай мэты творыцца адмысловая гіпатэза пра існаваньне супольнае некалі г. зв. «прарускае» мовы, зь якое пазьней мелі паўстаць, шляхам яе расшчапленьня, тры сяньняшнія ўсходнеславянскія мовы.

Карскі, калі ў 1885 г. пісаў свой «Обзор звуков и форм белорусской речи», беларускія моўныя асаблівасьці выводзіў ён яшчэ толькі з праславянскае мовы. Гіпатэза аб прарускай мове тады расейскімі моваведамі яшчэ ня была сканструяваная. Але пазьней гіпатэтычную «прарускую» моўную супольнасьць Карскі прымае за навуковы канон і, апісваючы зьявы беларускае мовы ў сваіх «Беларусах», ён ужо намагаецца выводзіць іх з гіпатэтычных «прарускіх» гукаў і формаў. (РФВ, № 2, 1914, бач. 638). Гэтае «прарускае» гіпотэзы Карскі трымаецца бадай да канца свайго жыцьця, арыентуючы на яе свае працы. Ведамая рэч, што падобныя гіпатэтычныя моўныя супольнасьці ў дагістарычную пару дапускаліся спачатку моваведамі для заходніх дый паўдзённых славянскіх моваў. Дый хутка яны тамка былі адкінутыя, паколькі ім супярэчылі існуючыя факты мовы.

Карскі, прыняўшы гіпатэзу даўнейшай «общерусской» моўнай супольнасьці для трох усходнеславянскіх моваў, разам стаў і на становішчы, што супольнасьць гэтая мусіла існаваць яшчэ ў гістарычную пару. Паводле яго, толькі ад нейкага XIII стагодзьдзя пачалося выдзяленьне паасобных усходнеславянскіх моваў. З гэтага быў роблены й выснаў, што й зараджэньне беларускіх моўных асаблівасьцяў дый паўстаньне беларускае мовы трэба аднесьці на час ранейшы XIII ст.

Выдатны расейскі мовавед і сучасьнік Карскага, Шахматаў, які й сам трымаўся прарускае гіпатэзы, аднак-жа ўжо ў 1894 годзе пісаў: «Гісторык застае рускае племя жывучае ўжо далека ня супольным жыцьцём на ўсім ім занятым прасторы: „общерусская“ эпоха гэткім чынам гісторыку недаступная». З гэтых словаў бачым, што Шахматаў усьведамляў сабе добра, што месца для «прарускай» гіпатэтычнай мовы ў гістарычную пару няма. Калі яна наагул існавала, дык магла існаваць толькі ў часы дагістарычныя. Гісторыя-ж на прасторах усходняе Эўропы застае ўжо жывыя гаворкі трох усходнеславянскіх моваў з разьвітымі ў іх у сваей аснове галоўнымі характэрнымі асаблівасьцямі. Праруская-ж супольнасьць — чыста тэарэтычная канцэпцыя, на пацьвярджэньне якое гісторыя нам фактаў не дае.

І хоць гэтыя сьцьверджаньні Шахматава, друкаваныя ў РФВ, Карскі напэўна чытаў, у сваей працы над беларускаю мовай ён выходзіў спачатку аднакжа зь іншага пагляду, а пайменна, што «праруская» пара — зьява даволі позная, што гэта факт гіcmaрычны. Сваей «прарускай пары» Карскі намагаўся рабіць месца й у гісторыі беларускае мовы. Дзеля гэтага пару зараджэньня й сфармаваньня беларускіх моўных асаблівасьцяў Карскі стараўся адсоўваць як мага на пазьнейшую пару — на XIII ст., а нават i на XIV. У выніку тэндэнцыі даводзіць на прыкладзе беларускае мовы гістарычнае яшчэ існаваньне «прарускага адзінства», Карскі пападае ня раз у яўную супярэчнасьць з моўнымі фактамі.