З факту, прыкладам, што памятак пісьменнасьці ў Беларусі з XI–XII ст. вельмі мала, а дзеля гэтага аб беларускіх асаблівасьцях мовы гэтае пары маем ня шмат вестак, Карскі адразу робе выснаў, што беларускіх асаблівасьцяў моўных тады й ня было, або што яны былі яшчэ толькі ў зачатках, дый што гэта й была «общерусская» пара. У дадзеным выпадку Карскі нейк забываецца пра тое, што беларускія моўныя асаблівасьці ў памятках пісаных традыцыйным, перанятым з царкоўнаславянскае мовы, правапісам маглі толькі з трудам адбівацца ў іх наагул, асабліва ў добра адукаванага пісца.
Сам Карскі прызнае, што аканьне ці дзеканьне ў кнігах Скарыны, або ў Статуце ВКА, цяжка знайсьці дзеля той простай прычыны, што гэтыя друкі праходзілі праз рукі высокаадукаваных выдаўцоў. Дый ён пра гэта адразу забываецца, калі падыходзіць да разгляду памятак беларускае пісьменнасьці, прыкладам, з XII ст.
З рэдкага выступаньня аканьня ці іншых беларускіх моўных асаблівасьцяў у той ці іншай старой беларускай памятцы пісьменнасьці цьвердзіць, што іх тады й зусім ня было, ці былі яны яшчэ толькі ў зачатках — дапушчэньне вельмі памылковае. Пры гэткім падыходзе лёгка можна было б даводзіць, што аканьня, прыкладам, ня мае й сучасная літаратурная расейская мова, паколькі ў расейскім друку, дзеля прынятага правапісу, аканьня гэтага ня відаць. Ведамы таксама факт, што зьбіральнікі беларускага фальклёру канца XIX ст., якія запісы рабілі расейскім правапісам, у сваіх запісах зусім не перадавалі ні беларускага аканьня-яканьня, ні дзеканьня-цеканьня, ні шмат іншых фанэтычных асаблівасьцяў. Гэтак быў выдадзены ў 1780 г. й ведамы Насовічаў слоўнік. Абапіраючыся на гэткія, вось, запісы можна было-б цьвердзіць, што беларусы й у канцы XIX ст. ня акалі, ня дзекалі, а перажывалі яшчэ шчасьлівую «общерусскую» эпоху расейскіх моваведаў.
Факт сяньня бясспрэчна ўстаноўлены, што калі ў Статуце ВКЛ, у Скарынавых друках, ці і значна ранейшых пісьменных беларускіх памятках веку XIV, XIII дый і даўнейшых, сустракаем словы напісаныя 'вода', 'день', дык беларускія прашчуры іх і тады чыталі 'вада', 'дзень', бо нашыя прадзеды ў тую пару акалі хіба ня горш за нас. На гэта існуюць тысячы дый пэўных довадаў хоць-бы й у памятках пісаных менш у пісьме навытаранымі асобамі, як Скарына ці выдаўцы Статуту. Хоць дакладная беларуская вымова гэнай пары нам сяньня ў сваіх драбніцах й ня ведамая, але, як правіла, можна прыняць, што сяньняшняя беларуская вымова куды бліжэйшая тагачаснай, чым сучасны беларускі правапіс правапісу старое беларускае літаратурнае мовы.
Вось, хоць усе гэтыя факты Карскі як мовавед, што дакладна вывучаў старую беларускую мову, ведаў, дык усё-ж пад уплывам прынятае згары канцэпцыі паяву беларускіх моўных асаблівасьцяў ён намагаўся абмежыць у часе, каб і ў гісторыі беларускае мовы даць месца дыхнуць і сваей «прарускай супольнасьці». Цьвердзіць ён, прыкладам, што «сучаснае беларускае аканьне разьвілося каля XIV ст.», хоць яно выразна выступае ў надпісе на крыжы сьв. Афрасіні Полацкае з 1161 г., г. зн. у сярэдзіне XII ст., не гаворачы ўжо аб недатаваным Супрасьльскім рукапісе з XII ст. У супярэчнасьць сваімжа цьверджаньням Карскі ў I томе «Беларусаў» мусіў прызнаць факт існаваньня ў беларускай мове гуку [h] найпазьней ужо ў X ст., хоць быў ен у ёй напэўна і яшчэ значна раней.
Летувіскі мовавед К. Буга ў 1924 г. апублікаваў працу «Летувіска-беларускія дачыненьні й іхні час» (Die litauisch-weissrussischen Beziehungen und ihr Alter // Zeitschritt fur Slavische Philologie. Leipzig, 1924, бач. 26–55). У гэтай працы дадзена шмат прыкладаў аб перайманьні беларускіх фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў у летувіскую мову разам з запазычанымі беларускімі словамі яшчэ з дагістарычнае пары. У сваей рэцэнзыі на гэту працу Карскі піша: «Праца вельмі цікавая… Дарма толькі беларуская эпоха пачынаецца ледзь не з праславянскай. Запраўдныя беларускія асаблівасьці наўрад ці можна бачыць раней XIII ст.» (ИОРЯС, Т. XXIX. Культурные завоевания русского языка в старину на западной окраине его области, бач. 5). На гэтых сваіх сумлівах Карскі аднак-жа й затрымліваецца. Ніякіх канкрэтных довадаў няправільнасьці пададзеных Бугаю прыкладаў, фактаў і ягоных выснаваў, апертых на іх, Карскі не падае.
Карскі сударагава трымаўся прарускае гіпатэзы дый намагаўся даводзіць, што беларуская мова была ў ей яшчэ й у XII ст., і ў сярэдзіне дваццатых гадоў, тады, калі іншыя расейскія моваведы яе ўжо пакідалі, адкідалі, а найменш час яе адсоўвалі ў дагістарычную пару. Шахматаў тымчасам пасьпеў ужо дайсьці да выснаваў, што сучасныя ўсходнеславянскія мовы паўсталі зусім ня шляхам расшчапленьня на тры гіпатэтычнае прарускія мовы, а наадварот, шляхам аб'яднаньня ў паасобныя групы тых дыялектычных гаворак, што існавалі на прасторах усходняе Эўропы яшчэ з дагістарычнае пары.