Выбрать главу

Пад уплывам, відаць, такіх паглядаў Шахматава позна, але пераглянуў наканец у гэтым пытаньні свае пагляды й Карскі. У працы з 1924 г. «Русская диалектология» ён ужо не гавора, што беларуская мова адшчапілася ад прарускае, але кажа, што беларуская гутарка склалася паступова з мовы тых даўных плямёнаў, якія ляглі ў аснову беларускае народнасьці, пайменна: «дрыгавічы, радзімічы, полацкія і смаленскія крывічы, якія ізноў-жа асымілявалі сабе мясцамі севяранаў вяцічаў і нават некаторыя балцкія плямёны» (бач. 81).

Але й зрабіўшы такое сьцьверджаньне дый падчыркнуўшы ў той-жа сваёй «Русской диалектологии» арыгінальнасьць «гістарычна ўжо даўно склаўшагася» арганізму беларускае мовы, Карскі ў той-жа працы мову гэтую ўсё яшчэ мянуе тэрмінам «нарэчча», а ня мовы. Толькі яшчэ чатыры гады пазьней Карскі пераходзіць у канцы да тэрміналёгіі «мова» заміж «нарэчча».

Чаму ён трымаўся доўга «нарэчча», з гэтага тлумачыўся Карскі ў 1928 г. у праскай «Славіі», калі рэцэнзаваў апублікаваныя тымчасам Інбелкульт у Менску «Працы Акадэмічнае канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу й азбукі». Адпаведныя заўвагі Карскага ў рэцэнзыі былі выкліканыя памешчаным у «Працах» рэфэратам Некрашэвіча «Сучасны стан вывучэньня беларускае мовы», што быў чытаны на Акадэмічнай канфэрэнцыі. У рэфэраце гаварылася:

Карскі сваімі грунтоўнымі й усебаковымі працамі па дасьледаваныно беларускае мовы робіць цэлую эпоху ў справе вывучэньня беларускае мовы. Дзякуючы яго капітальным працам, беларуская мова высьвятляецца як мова самасгойнага значэньня, што жыве па сваіх асобных моўных законах і па свайму значэньню роўна вялікарускай і ўкраінскай мовам. Праўда, у сваіх нрацах акад. Е. Карскі яшчэ не перастае называць беларускую мову «нарэччам русскаго языка»… (Бач. 48).

На гэта Карскі, відавочна крануты пахвалою Некрашэвіча ня менш, як ягоным дакорам, піша ў «Славіі»:

Даклад Некрашэвіча заўвагаў ня выклікае. Хіба толькі належыць успакоіць дакладчыка, што «нарэчча» тарнаванае да беларускае мовы мае такое-ж значэньне, як і ў сваім тарнаваньні да вялікарускае, г. зн. яно абазначае, што гэтыя абодва нарэччы патомкі аднаго (хоць бы і фікцыйнага) прарускага языка, як гэты апошні разам з другімі славянскімі мовамі быў нарэччам праславянскае мовы. Палітычнага значэньня гэты тэрмін мець ня можа, наколькі цяпер, як і ўдалёкім мінулым, беларуская мова зьяўляецца літаратурньім языком, здольным выражаць разумовыя, духовыя й палітычныя патрэбы народу.

Гэтае тлумачэньне Карскага цікавае з колькі гледзішчаў: і сваім мала пераконваючым паясьненьнем, чаму беларуская мова ў яго «нарэчча», і прызнаньнем усяе фікцыйнасьці гіпатэтычнага «прарускага языка», і пагадненьнем з пазыцыяй беларускае мовы як раўнапраўнага літаратурнага языка, «здольнага выражаць… патрэбы народу» цяпер і ў мінулым, што Карскі яшчэ ў апошняй кнізе сваіх «Беларусаў» у 1922 г. сучаснай беларускай мове адмаўляў. У сваей істоце гэтае «ўспакаеньне» Некрашэвіча Карскім — яўнае прызнаньне памылковасьці ўсіх сваіх аснаўных папярэдніх навуковых канцэпцыяў, дый грунтоўная пераарыентацыя ў ключавых сваіх паглядах аб беларускай мове.

У тым-жа артыкуле Карскі падае свае думкі й у справе прапанаваных на канфэрэнцыі зьменаў правапісу дый абэцэды, дый наогул у справах тамка закранутых. Як ня раз раней, Карскі і цяпер выказаўся супроць лацініцы ў беларускім пісьме, супроць назоваў 'крывіч', 'крывіцкі', супроць мяккага 'ль' у правапісным перадаваньні чужых словаў (філалогія, а не філялёгія).

Пры гэтай нагодзе Карскі паўтарыў яшчэ раз і свой пагляд, што «ўмеркаваная акаючая мова… больш мэлядыйная за моцна акаючую», хоць побач, на дзіва, ён за поўнае аканьне ў правапісе чужых словаў, гэта значыць за пісаньне 'геаграфія', 'этнаграфія', 'канфэрэнцыя', а не 'географія', 'этнографія', 'конфэрэнцыя'.

Толькі ад гэтае пары, у колькі сваіх апошніх друкаваных працах, Карскі закідае ўжо ўжываньне ранейшае свае тэрміналёгіі 'беларускае нарэчча', 'беларускае племя', 'рускія мовы', 'заходняруская мова', дый пераходзіць да тарнаваньня тэрміналёгіі 'беларуская мова', 'беларускі народ', 'усходнеславянскія мовы'.

Трэба адмеціць, у характеры Карскага было ўжо, што прызнавацца да памылковасьці сваіх ранейшых паглядаў ён ня любіў, з гэтым ён ніколі не сьпяшаўся. Фармальна ён часта трымаўся сваіх старых дапушчэньняў гадамі й пасьля таго, як поступ навуковага дасьледаваньня іх даўно і яўна ўжо адкінуў. Падобна было, між іншым, і з зарысаванымі Карскім межамі беларускага этнаграфічнага, а дакладней — моўнага прастору.