Выбрать главу

Першы раз Карскі апублікаваў сваю «Этнаграфічную карту беларускага племені» ў 1903 г. Уражвае ў ей тое, што хоць яна была апрацаваная й моваведам, аднак-жа можныя межы на ей дзіўна моцна супадалі з падобнымі-ж межамі, вытычанымі гадоў 30 перад тым зусім ня моваведам, афіцэрам расейскага генэральнага штабу Рыттыхам. Карта Карскага ад карты Рыттыха, апублікаванай у 1875 г., розьніцца паважней толькі тым, што Карскі ў беларускі этнаграфічны прастор ня ўлучае Сувальшчыны, хоць у Рыттыха яна беларускімі межамі ахопленая, творачы гэтак памост зь Беларусі ў Усходнюю Прусію. Усе-ж іншыя межы, праведзеныя Карскім, блізу цалком супадаюць зь межамі Рыттыха. Заходняе Палесьсе-Берасьцейшчына дый Піншчына — на абедзьвюх картах застаюцца па-за межамі беларускага этнаграфічнага прастору. З факту гэтага трэба зрабіць дапушчэньне, што пры праводжаньні сваіх межаў

Карскі апіраўся моцна на гатовую ўжо існуючую карту Рыттыха.

Дзівіцца мо гэтаму шмат і ня трэба. Прастор беларускае мовы ня гэткі малы й вызначыць надежна яго межы аднаму чалавеку, нават і моваведу, заданьне нялёгкае. Тым больш, што межы гэтыя на паўдні, усходзе дый наўночным усходзе вельмі нявыразныя дзеля існаваньня г. зв. переходных моўных палосаў між гаворкамі беларускімі дый расейскімі й украінскімі. А ў пару ўкладаньня карты Карскім дыялекталёгія дый лінгвістычная геаграфія на прасторах усходняе Эўропы былі яшчэ толькі ў зачатках свайго разьвіцьця.

Калі гадоў дзесяць пазьней Маскоўская Дыялекталягічная Камісія ў складзе М. М. Дурнаво, М. М. Сакалова і Д. М. Ушакова правяла дакладнейшае дыялекталягічнае вывучэньне памежных беларуска-расейскіх прастораў, дык яна й выявіла шырокія палосы г. зв. переходных беларуска-расейскіх гаворак, якія ў існасьці былі прасторамі беларускае моўнае асновы з пазьнейшымі расейскімі наслаеньнямі. Маскоўская Дыялекталягічная Камісія пераходныя прасторы на ўсходзе й поўначы адзначыла, дый межы беларускае мовы, у прыраўнаньні да межаў Карскага, значна тамка пашырыла. Хоць падобных дасьледваньняў на паўдні, на беларуска-ўкраінскім моўным памежжы МДК й не праводзіла, але зь яе працаў на ўсходзе й поўначы, па аналёгіі, вынікала, што падобнае палажэньне маем і на паўдні; у першую чаргу на абшарах заходняга Палесься, якое Карскі таксама не абыймеў у беларускія моўныя межы.

Вынікі свае працы з адпаведнаю картаю МДК апублікавала ў 1915 г. Яна Карскаму была ведамая, ён яе рэцэнзаваў у сваім РФВ. І ўсё-ж, выдаючы сваю «Этнаграфічную карту беларускага племені» колькі разоў нанава ў гадох 1917–1920, вынікі дыялектаграфічных досьледаў МДК Карскі ігнаруе, межы на сваей карце зьмяняе толькі ў драбніцах. Пры тым трэба адцеміць, што сам Карскі беларускасьць этнічную, калі ня моўную, «пераходных» прастораў добра сабе ўсьведамляў Яшчэ ў 1902 г. у сваім артыкуле «К вопросу об этнографической карте белорусского племени» ён пісаў:

тыя жыхары калускага й арлоўскага Палесься, каторыя гавораць паўдзённавялікарускаю гаворкаю, аднесеныя да паўдзённавялікарусаў, хоць іхныя продкі бяз сумліву былі беларусамі. («К вопросу об этнографической карте белорусского племени». ИОРЯС. 1902. Т. VII. Кн. 3. Бач. 219).

Дык межы Карскага на ягонай «Этнаграфічнай карце беларускага племені» не адказвалі ў запраўднасьці ані «этнаграфічнаму», г. зн. этнічнаму, ані моўнаму стану. Падобна было й з дыялектычнаю картаю Карскага, што была памешчаная ў І-м томе «Беларусаў». Азначыць дакладней беларускія дыялекты дый іхнія межы Карскаму таксама не ўдалося. Абумоўлена гэта было ў вялікай меры фактам слабога разьвіцьця гады беларускае дыялектаграфіі.

Цікава адцеміць, што папярэднік Карскага ў навуковай працы над беларускаю мапаю, Недзяшоў, у сваей працы «Исторический обзор важнейших звуковых и морфологических особенностей белорусских говоров» з 1884 г. мову Пскоўшчыны залічаў да беларускіх гаворак, значыцца, як паказалі пазьнейшыя досьледы МДК дый іншых расейскіх моваведаў, азначаў моўны беларускі прастор на поўначы правільней за Карскага. БНР карты Карскага ня прызнала за правільныя.

На заканчэньне трэба адцеміць слабы бок Карскага як моваведа й дзеля нязнаньня ім балцкіх моваў. Сярод моваведаў існуе пагаворка, што калі хочаш грунтоўна вывучыць мову дадзенага народу, дык найперш пазнай добра мову яго суседзяў, бо суседнія мовы заўсёды ўзьдзейнічаюць адна на другую, і, ведаючы іх, можна выкрыць уплывы суседняе мовы й гэтак выясьніць некаторыя моўныя зьявы, якія інакш заставаліся-б незразумелымі.