Выбрать главу

Асонансы, якія Карскаму не падабаліся, як бачым, усе блізкія ў сваей сугучнасьці, музыкальна багатыя, асонансы, якіх сяньня пазайздросьціў бы кажны прызваіты паэта.

Карскі працівіўся новаму ня толькі ў галіне формы. Ён быў супроць ужываньня пісьменьнікамі дый заводжаньне праз гэта ў беларускую літаратурную мову й моўных новатвораў дый правінцыялізмаў. Ён падазраваў, што некаторыя пісьменьнікі чыняць гэта знарок «зласьліва», каб аддаліць беларускую мову ад расейскае. Цікава адцеміць на колькі прыкладах, якія гэта правінцыялізмы Карскі ня радзіў пускаць у літаратурную мову: Ядвігіну Ш. ён, між іншым, дакарае за словы шоран, смоўж, глюгі, прагавітая… Аб мове Аляхновіча ён кажа:

непажадама пры выпрацаваньні літаратурмае мовы без патрэбы зьвяртацца да правінцыялізмаў, або да тварэньня новых словаў, калі ёсьць добрае старое. Пэўне-ж, добрае слова небасхіл = для абазначэньня гарызонта, можа быць дапушчанае й здань = привидение… но к чему настольнік при существующем абрус (Б., III, 3, 369).

Якою добрая, ідэальная беларуская літаратурная мова, паводле Карскага павінна быць, можна ўявіць сабе зь ягоных заўвагаў аб мове Максіма Багдановіча.

Багдановіч, як ведама, гадаваўся, вучыўся й жыў не ў Беларусі, а ў Расеі. Бываў ён у Беларусі толькі кароткімі наездамі. Дзеля гэтага мову беларускую ён ведаў бадай найслабей за ўсіх пісьменьнікаў нашаніўцаў. Яна ў яго й па лексыцы, і па міталёгіі, і па складзе ў вялікай меры расейская абеларушчаная мова. І вось пра мову гэтага паэты, які праз усё сваё кароткае жыцьцё змагаўся зь вялікімі цяжкасьцямі, каб наагул пісаць пабеларуску дый які толькі дзякуючы свайму вялікаму патрыятызму дый таленту гэтую перашкоду пераасіліў, ня толькі што выдатным беларускім паэтаю стаў, — пра беларускую мову Максіма Багдановіча вось што піша Карскі:

Што тычыцца мовы беларускай, дык у яго «чистый белорусский разговорный язык». У гэтым ягоная запраўдная краса. Няма ў ей прыдуманых хітрых словаў толькі для таго, каб адрозьніць беларускую гутарку ад расейскага літаратурнага языка, няма ў ей рэдкіх выражэньняў. Паэтычнае вычуцьцё зазначаецца й у высьцераганьні празьмернага аканьня, якое робе гугарку цягучаю й «утомительно однообразной» (Б. III, 3, 321).

З гэтае заўвагі пра Багдановічаву беларускую мову дый неспадзяваную пахвалуяе «чысьціні» трэба зрабіць выснаў, што хоць Карскі й вывучаў навукова беларускую мову, дый усё-ж ведаў яе ў яго была ў існасьці габінэтная. Пазнаваў ён яе гадамі з этнаграфічных, часта вельмі недасканалых запісаў, з старых памятак пісьменнасьці, а значна менш кароткатрывалымі выездамі ў паасобныя беларускія мясцовасьці. Яму яўна не ставала штодзённага беспасярэдняга сутыку й глыбейшага знаёмства з жывою вуснаю беларускаю гутаркай. Дзеля гэтага ў яго й не магло быць таго адчуваньня ўсіх адценьняў мовы, якое разьвіваецца ў чалавека, які гэтаю моваю карыстаецца штодзённа сам, які яе мэлёдыю чуе ад маленства ад свайго навакольнага асяродзьдзя. Інакш гэткае пахвалы чысьціні беларускае мовы Багдановіча, мовы вельмі далёкае ад гэтае чысьціні, Карскі хіба-ж напісаць-бы ня мог.

Пацьвярджаюць гэтыя дапушчэньні й сьветчаньні тых, што чулі лекцыі Карскага пра беларускую літаратуру. Лекцыі гэтыя Карскі заўсёды чытаў толькі парасейску. Калі-ж падчас іх даводзілася яму цытаваць патрэбныя прыклады зь беларускіх твораў пабеларуску, дык пры гэтым чытаньні выяўлялася, што ягоная беларуская вымова мела яскравы расейскі «акцэнт». Беларускае [ў] вымавіць ён ня мог, вымаўляў яго на расейскі лад як [в]. Меў ня меншыя цяжкасьці Карскі й з вымоваю беларускага дзеканьня дый цеканьня.

У сваей навуковай працы, у пісьме, Карскі ўжываў толькі мову расейскую. Тыя яго артыкулаў трынаццаць, што ў гадох 1919–1920 друкаваліся пабеларуску ў менскіх пэрыядычных выданьнях, рэдакцыі перакладалі для друку зь пісаных парасейску арыгіналаў.

Дык на слых Карскі чуў беларускую мову хіба мала часьцей за Багдановіча, бо й ён ад 1893 г. працаваў і жыў блізу ўвесь час па-за беларускім этнаграфічным прасторам. Гэта й было прычынаю таго, што Карскі меў клопаты зь беларускаю вымоваю. Дзеля гэтага й Багдановіча мова, мова зь вялікаю доляй расейшчыны ў слоўніку, у ладзе й складзе мовы, выдавалася яму, зусім натуральна, ідэальна чыстаю беларускаю моваю. Ня вылучана, што ў пахвале мовы Багдановіча дзеіць і сьведамая тэндэнцыя Карскага набліжэньня беларускае мовы да расейскае. Ён-жа гэтак заўсёды баяўся яе аддаленьня!