Выбрать главу

Будучы прыродным беларусам, узгадаваны дый адукаваны сярод беларусоў, і дзеля гэтага з самога маленства аж да апошняга часу перабываючы блізу толькі ў беларускім асяродзьдзі, аўтар здабыў некаторую дазнанасьць у беларускіх гаворках, якую пазьней падмацаваў знаёмствам з запісанымі творамі беларускае мовы (Обзор звуков и форм белорусской речи. Б. 3).

Дый Карскі ня толькі ўсьведамляў разумова свае беларускае этнічнае паходжаньне. З родным сабе краем і народам быў ён зьвязаны й пачуцьцёва, што выяўлялася ў бясспрэчным, хоць і своеасаблівым беларускім патрыятызьме. Ужо з самых вялізных памераў ягонае навуковае працы, укладзенай у дасьледаваньне, ё апісаньне беларускае мовы, можна дапускаць, што гэта маем справу ня толька з чыста навуковым зацікаўленьнем аўтара выбранаю сабе тэмаю дый паўсталым пазьней, у часе заглыбленьня ў студыі, захапленьнем вывучаным прадметам, — што ў вучоных ня раз здараецца.

Была, бясспрэчна, і патрыятычна-пачуцьцёвая лучнасьць з тэмаю, якая дадавала Карскаму вытрываласьці ў працы, дый абумовіла тое, што ўкладаў ён у яе блізу ўсе сілы ўсяго свайго жыцьця, ідучы наважана й сыстэматычна да завяршэньня ўзводжанае рупліва, а заплянаванае яшчэ ў юнацтве, вялікае навуковае будыніны аб мове роднага краю.

Патрыятычныя матывы свае навуковае працы над вывучэньнем беларускае мовы Карскі й сам ня раз падчыркваў. Гэтак, у 1903 г. як мотто да першага тому сваіх «Беларусаў» ён ставіць зваротку зь вершу Янкі Лучыны:

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя Загляне ясна над натаю ніваю. І будуць жыці дзеткі патомныя  Добраю доляй, доляй шчасьліваю.

За мотто да 1-е кнігі II тому «Беларусаў», што выйшла пяць гадоў пазьней, узятыя ізноўка словы Сымона Буднага зь ягонага прысьвячэньня нясьвіскага «Катэхізысу» 1562 году князём Радзівілам: «Слушная рэч ест, абы вашы княжацкія міласьці таго народу язык мілаваці рачылі, у каторым даўныя прэдкі і іх княжацкія міласьці панове атцы Вашых княжацкіх міласьці прэднейшыя прэлажэнства нясуць».

У прадмове да 3-е кнігі таго-ж II тому «Беларусаў», кнігі, якая што выйшла ў 1912 г., патрыятычны сантымэнт да прадмету студыяў высказаны Карскім яшчэ яскравей словамі: «…(аўтар)… адно пра сябе можа сказаць, што працаваў з захапленьнем і любовяй да таго… народу, мову якога стараўся прадставіць: найболей з тае прычыны іжэ мя міласьцівы Бог з таго языка на сьвет пусьціў — скажам словам і Ф. Скарыны, выдатнага беларускага дзеяча пачатку XIV ст.». Цытату гэтую з Скарынавае прадмовы да праскага Псалтыра 1517 году Карскі ставіць і за мотто да гэтае кнігі «Беларусаў».

Падобных, вось, выказваньняў у Карскага знойдзем і болей. Усе яны сьветчаньні самога Карскага аб тым, што навуковую працу над беларускаю моваю ён уважаў і за свой беларускі патрыятычны абавязак. Дый памылкаю было б рабіць ужо выснаў, што патрыятызм Карскага быў адэкватным, раўназначным зь цяперачы агульна принятым паймом беларускага патрыятызму.

Беларускі патрыятызм Карскага меў іншы, больш правінцыяльны харакгар, ён быў абмежаны дый быў падпарадкаваны ідэалёгіі й палітычным канцэпцыям тагачаснага расейскага вялікадзяржаўя, ці, калі ўжыць тэрмін, якім сам Карскі ў сваіх навуковых працах ня раз карыстаўся, канцэпцыі «общерусской». Дык, хоць Карскі пачуцьцёва бясспрэчна быў моцна зьвязаны з сваёй роднай зямлёю, яе прыродаю, беларускім народам, яго моваю, бытам і народнай культурай, — дый разумова ўсё гэта ён падпарадкоўваў навязанай яму расейскаю школаю й адукацыяй маскоўскай імпэрскай ідэалёгіі, і, у выніку, культуру, інтарэсы й будучыню беларускага народу ён падпарадкоўваў інтарэсам і будучыні народу расейскага.

Істоту гэтага тыпу беларускага патрыятызму, падпарадкаванага патрыятызму й інтарэсам народу іншага, пашыранага ў Беларусі асабліва ў XIX ст., а ня рэдка сустраканага яшчэ й сяньня, дужа трапна азначыў расейскі вучоны й беларусавед А. Пыпін, які яшчэ ў апошняй чвэрці XIX ст. такі патрыятызм сфармуляваў гэткімі словамі (цытуецца з парафразай — аб чым ніжэй):

…у мясцовым патрыятызьме адбылося даволі дзіўнае спалучэньне вельмі разнародных элемэнтаў: патрыятызм гэты быў беларускі, дый істота яго была расейская. Ён быў беларускі па каханыіі да тэрытарыяльнае бацькаўшчыпы дый яе пэйзажнага й бытавога навакольля, але ўсё жыцьцё самога беларускага народу разумелася з чыста расейскага гледзішча, народ гэты іграў ролю толькі служэбную; ягоны бытавы склад, ягоная паэзія, не маглі чакаць якогаколечы свайго самастойнага разьвіцьця й павінны былі служыць толькі да ўзбагачэньня расейскае літаратуры й паэзіі, як сам народ павінен быў адчуваць у сабе расейскую нацыянальнасьць, у складзе якой ён уважаўся (Белорусская этнография // Вестник Европы. Июнь 1887 г. Бач. 296).