У арыгінальнай фармулёўцы Пыпіна ў гэтай цытаце ўсюды на месцы словаў «расейскі» стаіць слова «польскі», бо гаварыў Пыпін гэта пра беларускую інтэлігенцыю XIX ст. польскае культуры й арыентацыі. Тым ня менш яна вельмі трапна ўхоплівае й істоту беларускага патрыятызму інтэлігенцыі арыентацыі й культуры расейскае, г. зв. западнарускай, да якое належаў Карскі.
Што ў выпадку Карскага маем справу з гэткага тыпу беларускім патрыятызмам, патрыятызмам, падпарадкаваным інтарэсам расейскага народу, пра гэта жыцьцяпіс Карскага дае нам даволі пацьвярджальных фактаў. Асабліва яскрава пагляды Карскага на нацыянальныя справы беларускага народу выявіліся ў пазьнейшыя гады ягонага жыцьця, калі гістарычныя падзеі сканфрантавалі яго, і ня раз, зь беларускім патрыятызмам шырэйшага разуменьня, патрыятызмам сувэрэнным, патрыятызмам не абмежаным інтарэсамі народу іншага.
Што да агульнае ідэалёгіі дый сьветапагляду Яўхіма Карскага, дый трэба сказаць, што хоць ён і быў «обшчэрусам» зь перакананьня, але па сваім палітычным настаўленьні да чарнасоценцаў ня прымыкаў. Быў ён затое заўсёды вельмі ляяльным да ўладаў царскага рэжыму й дзеля гэтага меў у гэтай улады давер, аб чым добра сьветчаць тыя высокія адказныя становішчы, якія ён ад яе даставаў, як, для прыкладу, рэктарства Варшаўскага ўнівэрсытэту, як камандыроўкі за межы імпэрыі, а разам і тыя матар'яльныя дабрадзействы дый ласкі, якімі яго гэтая ўлада шчодра асыпала.
Што й казаць — Карскі, этнічны беларус, што добра сабе ўсвоіў афіцыяльную «обшчэрускую» ідэалёгію, і пры тым быў здольным рэпрэзэнтацыйным навукоўцам, — быў асобаю вельмі карыснаю царскай уладзе, як добры ўзор такога ідэальнага ўслужлівага падданага з інародцаў, якімі Масква жадала сабе бачыць і ўсіх іншых.
Разгляды Карскага беларускіх этнаграфічных зборнікаў і старых моўных памятак, разгляды й на адпаведнай навуковай вышыні, і, адначасна, і з сталаю арыентацыяй на «обшчэрускія» канцэпцыі дый з сталымі намаганьнямі як найцясьней увязаць беларускую мову з моваю расейскаю ў сучасным, мінулым і на будучыню, выклікалі, зразумела, толькі задавальненьне навуковых органаў рэжыму, якія за гэта й не шкадавалі яму нагародаў, ганаровых адзначэньняў, залатых мэдалёў. Справа іншая, што, як паказала гісторыя, у канцавым выніку навуковая праца Карскага прычынілася куды больш да выяўленьня арыгінальнае самабьггнасьці беларускае мовы, чым да збліжэньня яе з моваю расейскаю.
За аснову сьветапагляду Карскага, побач ягонага «западнарусізму» ў нацыянальнай плошчы, трэба ўважаць сьветагляд пашыраны сярод інтэлігенцыі Расейскае імпэрыі канца XIX ст., сьветагляд тыпу лібэральна-дэмакратычнага, дый з пачуцьцёва-сэнтымэнтальным народніцкім падыходам да народу, да яго жыцьця, быту, культуры й сацыяльнае долі. У сьветаглядзе Карскага ў пачатковую пару ягонага жыцьця й навуковае дзейнасьці гэтая народніцкая пачуцьцёвая афарбоўка выразна выступае.
Пераходзячы да справы стаўленьня Карскага да беларускага нацыянальнага адраджэньня, характэрная вельмі ўжо ягоная заўвага аб Багушэвічавай прадмове да «Беларускай дудкі». Сам
Карскі адзначае, што прадмова гэтая мела вельмі важнае значэньне ў беларускім нацыянальным адраджэньні, бо яна была тым штуршком, які надаў палітычны імпэт нарастаючым ужо й так сілам беларускага руху. Пра гэтую прадмову Карскі вось што кажа: «„Pradmova“ написана довольно ловко… несомненно з целью вызвать смуту в русском семействе…» (Б., I, 451). Пад прыведзенымі словамі Бурачка-Багушэвіча мог-бы падпісацца кажны беларус. Дый у выпушчаных мною мясцох яўна вызіраюць сэпаратыстычныя імкненьні аўтара: «…імкненьне аддзяліць беларусоў ад вялікарусаў, разьвіць палітычную эманцыпацыю, з чым далёка ня ўсе згодны спаміж беларусоў…» (Б., III, 3, 153).
Сэпаратызм з гэтае прадмовы, пэўне-ж, вызірае запраўды, і моцна, дый зь беларускага гледзішча гэта быў аніякі грэх. Затое жаданьне пасяліць нацыянальную варажнечу ў прадмове аніяк ня відаць. У гэтым Карскі чамусьці недакладны. Затое ўражвае, што Карскаму не падабаецца й тое, што Багушэвіч, паводле яго, хоча «разьвіць палітычную эманцыпацыю» беларускага народу. Карскі-ж, хоць сябе называў беларусом, гэтага аднак-жа свайму беларускаму народу не жадае, бо словы «з чым далёка ня ўсе згодны спаміж беларусоў…» яўна найперш датычаць самога Карскага.
Паяву «Нашае Нівы», яе дзейнасьць дый ідэалёгію Карскі, выглядае, сустрэў наогул даволі прыхільна, хоць і не безь некаторай асьцярожнасьці дый засьцярогаў. «Нашу Ніву» ён характарызуе гэтак (Б., III, 3, 163):