Выбрать главу

Дзеля гэтага-ж Масква цяпер ужо не стыдаецца прызнаць Карскага за свайго, за расейскага языкаведа й філялёга. І на гэта мае яна шмат асноваў. Карскі быў бясспрэчным беларусом па паходжаньні, па самапачуваньні, і, нават, па сваім правінцыяльнага тыпу патрыятызьме. Быў ён і бясспрэчным заснавальнікам беларускае моваведы й беларускае філялёгіі, як сьцьвердзіў гэта ўжо ў 1916 годзе Шахматаў. Заслуга гэтая яму належыцца без засьцярогаў і дзеля піянерскага характару ягонае працы ў гэтай галіне навукі, і дзеля грунтоўнасьці гэтае працы дый яе навуковага значэньня.

Дый хоць беларусаведам выдатным Карскі й быў, але вучоным найперш ён быў расейскім, і гэта ня дзеля таго толькі, што расейская навука прышчапіла яму сваю школу навуковае працы, дала яму навуковыя тытулы дый становішчы, асыпала шчодра прэміямі, нагародамі дый мэдалямі. Куды важнейшим было тое, што яна навязала яму адначасна й свой «обшчэрускі» сьветагляд дый ідэалёгію, а праз гэта ўціснула яго ў вузкія сьцены казённае, прыдворнае расейскага вялікадзяржаўя, навукі. А гэта, ізноўкі, моцна звузіла дый абмежавала ягоныя навуковыя гарызонты, падрэзала яму крылы да самастойных творчых натугаў, да шырэйшых навуковых палётаў. Гэта было адной з важных прычынаў таго, што паважнейшага свайго, нейкае свае арыгінальнае гіпатэзы ці тэорыі, Карскі так і не стварыў, не пакінуў. Пераймаў іх гатовыя ад іншых расейскіх моваведных аўтарытэтаў.

Гэтак, самастойным беларускім вучоным у дадзеных гістарычных абставінах Карскі стаць так і ня здолеў, у навуцы арыгінальным ня выявіўся, беларускае навуковае школы так і не стварыў. З навязанага расейскаю царскаю навуковаю школаю сьветагляду выламацца не патрапіў, дый нават і ня пробваў, Карскі ня толькі гаварыў, пісаў, але-й думаў парасейску. На вернай службе расейскае, царскарэжымнага тыпу, навуцы застаўся ён бадай да канца свайго жыцьця.

У абліччы гэтага ня дзіва, што вялікадзяржаўная Масква чырвоная сяньня гэта ўзважыла, ацаніла, дый знайшла, што мае дастаткова асноваў на тое, каб залічыць яго ў свае, у расейскія, вучоныя.

Жыцьцё й навуковая дзейнасьць Яўхіма Карскага пераплеценыя чарадою парадаксальных супярэчнасьцяў. Прыступаў ён да вывучэньня беларускае мовы з намерамі склясыфікаваць дый выясбніць яе факты з гледзішча пануючых у ягоную пару ў расейскай моваведзе «обшчэрускіх» паглядаў. Награмаджаны, аднак-жа, праз працавітае жыцьцё імжа вялізны моваведны матар'ял старое літаратурнае й сучаснае беларускае мовы ў гіпатэзы й канцэпцыі расейскае моваведы ня толькі не ўкладаўся, але ім пярэчыў, іх падважваў, адкідаў.

Прыкладам, тэзу яшчэ магістэрскага дыспуту Карскага, што беларуская мова — дыялект вялікарускай, запярэчылі вынікі ягоных-жа моваведных дасьледаваньняў, якія раскрылі й нязвычайнае багацьце дый размаітасьць і арыгінальную самабытнасьць беларускае моўнае сыстэмы. Намагаўся Карскі навязаць дый замацаваць у моваведзе для беларускай мовы азначэньне яе як дыялекту, «нарэчча», але, сваімі-ж працамі, дый асабліва манумэнтальнымі «Беларусамі», ён практычна падмураваў дый умацаваў яе становішча як самастойнае славянскае мовы. Ягонаму-ж дапушчэньню аб аддзяленьні ў гістарычную, быццам, яшчэ пару беларускае мовы ад гіпатэтычнае мовы «прарускае», пярэчылі ізноўка адцемленыя ім-жа факты з гісторыі беларускае мовы, якія паказвалі, што яна мусіла паўстаць не праз «адлучэньне» ад іншай, а шляхам аб'яднаньня ў дагістарычную яшчэ пару колькі існуючых старых беларускіх пляменных дыялектаў.

Дык пагляды, гіпатэзы, канцэпцыі, якія Карскі ў моваведзе намагаўся начапіць беларускай мове, да яе ня прысталі, пры ей не засталіся. Эвалюцыя моваведных паглядаў у галіне беларускае мовы паступова перачырквала канцэпцыі Карскага дый адкідала іх, як не сумесныя з фактамі навукі й жыцьця. У выніку, Карскі, хоць і вельмі неахвотна дый асьцерагаючыся, але з часам мусіў аднакжа пераглянуць свае пазыцыі. Таксама сваю тэрміналёгію «беларускае нарэчча», «заходнярускае нарэчча», «беларускае племя», «рускія мовы» — у значэньні «ўсходнеславянскія мовы» — тэрміналёгію, зь якою Карскі не пераставаў вазіцца яшчэ і ў сярэдзіне дваццатых гадоў, калі ад яе ўжо моцна аддавала старарэжымнаю старызною, давялося яму ў канцы закінуць, як яўна не адказуючую рэальнай запраўднасьці.

Выходзячы з расейскіх палітычна-навуковых канцэпцыяў, Карскі пралічыўся моцна й у сваім недаверы да будучыні беларускае мовы, літаратуры, дый наагул беларускага нацыянальна-палітычнага руху. Гісторыя яшчэ за жыцьця Карскага паказала, што разьвіцьцё ішло ў кірунку адваротным таму, якога ён спадзяваўся й ждаў. Беларуская мова не засталася толькі па «захалусьцях», але, як-ніяк, стала нават і дзяржаўнаю. Літаратура, таксама, аніяк ня думала зачыняцца ў рамкі правінцыяльнае. Палітычна-ж, працэс «эманцыпацыі» беларускага народу пасунуўся настолькі, што нават Маскве давялося прызнаць Беларусі дзяржаўныя, хай сабе й фікцыйныя, формы, дый нават даць ім і нейкі ход у міжнародным палітычным жыцьці.