Выбрать главу

Мне цяжка дакладна вызначыць, якiм чынам адбiвалася грамадзкая дзейнасьць Арлова на яго творчасьцi. Але, вiдавочна, уплыў быў моцны. Нехта сьцвярджае (напрыклад, Глёбус), што грамадзка-палiтычнае адбiлася на творчасьцi празаiка адмоўна. Iншыя кажуць адваротнае: маўляў, грамадзкае сталася для пiсьменьнiка творчым палiвам, своеасаблiвым каталiзатарам. Пакiнем гэтае пытаньне лiтаратуразнаўцам.

Напрыканцы 1980-х Арлоў канчаткова вырашыў перабрацца ў эпiцэнтар культурнага i палiтычнага жыцьця Беларусi - у Менск. Спачатку ён зьехаў адзiн, а калi вырашылася пытаньне з жытлом, забраў сям'ю. 8 лютага 1990 году ў наваполацкай кватэры пiсьменьнiка адбыўся вечар-праводзiны Арловых у сталiцу. Сабраўся ўвесь прыдзьвiнскi бамонд. З гэтага ад'езду й пачаўся працэс культурнага заняпаду Наваполацку. Хутка стала вiдавочным, што менавiта Арлоў быў той восьсю, вакол якой круцiлася тутэйшае лiтаратурна-мастацкае жыцьцё. Замены яму не знайшлося. Неўзабаве наваполацкiя пiсьменьнiкi пачалi раз'яжджацца па ўсiм сьвеце. З творчых людзей, якiя прысутнiчалi на згаданых праводзiнах сям'i Арловых, засталiся на Полаччыне толькi я, мастачка Тацяна Козiк, журналiстка Ларыса Малашэня i пiсьменьнiца Iрына Жарнасек. Вiнцэсь Мудроў на той час знаходзiўся на расейскай Поўначы, куды зьехаў па ўласным жаданьнi разам з Алегам Мiнкiным у заробкi.

У Менску Арлоў тварыў гэтак жа апантана й працавiта i пасьпяваў паўсюль. Таму сталася нечаканасьцю, калi праз пару гадоў пiсьменьнiк iмклiва адышоў ад актыўных заняткаў палiтыкай. Сваё рашэньне ён патлумачыў наступным чынам: прыйшоў час выбiраць - або палiтыка, або лiтаратура. Лiтаратура перамагла. Але ненадоўга. Неўзабаве ўмяшалася муза Клiо. Ад гiстарычнай белетрыстыкi пiсьменьнiк пераходзiць да асьветнiцкiх артыкулаў. Арлоў робiцца галоўным папулярызатарам айчыннай гiсторыi.

Апошнi зборнiк прозы Арлова "Рэквiем для бензапiлы" пабачыў сьвет у 1998 годзе. Пасьля яго выходзiлi выключна кнiгi па гiсторыi. Мне, прынамсi, тое ня вельмi падабаецца. Добрых гiсторыкаў у Беларусi, дзякуй Богу, цяпер хапае. Горш з пiсьменьнiкамi. Камусьцi ў наргасе зноў цяжка прапагандаваць беларускую лiтаратуру.

А мне па-ранейшаму падабаецца першы, як аўтар яго называе, вучнёўскi зборнiк "Добры дзень, мая шыпшына". Або я непапраўны рамантык, або застаўся ў тым часе, калi ў iнтэрнацкiм стэдэнцкiм пакоi натхнёна чытаў аднакурсьнiкам шчымлiвае арлоўскае апавяданьне "Трое над Атлантыдай".

2001 г.