Выбрать главу

Т. Ч. Значыць, ёсць нешта глыбіннае, сутнаснае, што дазваляе назваць паэзію паэзіяй пры ўсіх адрозненнях у яе форме, змесце і ролі...

А. Р. Роля і прызначэнне паэзіі вынікаюць з яе прыроды. Ёсць жа свая прырода ў вады, агню і жалеза, ёсць свая прырода і ў паэзіі. Яна дазваляе быць паэзіі разнастайнай — як агонь, як вада, як жалеза, але не дазваляе быць самім агнём, вадой, жалезам. Даверымся гэтай прыродзе — яна ведае, што яна хоча і што яна робіць. Прырода, як у свой час зазначыў Гётэ, — заўсёды праўдзівая і заўсёды мае рацыю, памылкі і заблуджэнні ідуць ад людзей.

Варта падкрэсліць, і ад саміх крытыкаў, і ад саміх паэтаў. Гэта толькі здаецца, што паэт піша, што хоча. Уся справа ў тым, што — у ідэале — ён хоча якраз таго, чаго хоча прырода паэзіі.

Т. Ч. Аднак гэта ў ідэале, а ў рэальнасці мы, чытачы і крытыкі, маем справу з канкрэтнымі кнігамі, публікацыямі. I складваецца ўражанне, што паэзія нібы спынілася на раздарожжы, забылася, чаго яна хоча і куды ідзе. Часы марнаслоўя падарвалі давер да слова ўвогуле і мастацкага слова ў прыватнасці. Яно страціла сваё ўнутранае духоўнае напаўненне, ператварылася ў пусты гук, завяло ў безвыходнасць...

А. Р. У тыя часы не толькі падрываўся давер да слова, але і набываўся. Ішло размежаванне між словам, якое было пустым гукам, і словам, якое нешта азначала і нешта казала. Афіцыйшчына і псеўдапаэтычная балбатня не прываблівала нават яе творцаў, усе гарнуліся да літаратуры, на якой ляжаў — густы ці не дужа — цень забароны. Сапраўднае станавілася падпольным і, каб уцалець, каб не дэфармавацца самому, выпрацоўвала сваю, часта дэфармаваную, паэтыку. У безвыходнасць рухалася рэчаіснасць, заснаваная на карупцыі, дэмагогіі, угодніцтве, і ў безвыходнасць рухалася літаратура, зрошчаная з гэтай рэчаіснасцю і зацікаўленая ў ёй. Але нікога яна не вяла за сабою, не мела куды весці...

Т. Ч. Цяпер становішча, хоць і марудна, пачынае змяняцца. Але пытанне «куды весці?» застаецца. Шмат якія паэты і крытыкі бачаць выйсце ў набліжэнні да канкрэтыкі, надзённасці, да вострых сацыяльных праблем, у прамым публіцыстычным звароце да чытача са словам праўды. Як ставіцеся вы да гэтага шляху?

А. Р. Калі б шлях набліжэння да сацыяльных праблем быў якраз тым шляхам, на якім мастацкае слова станавілася б словам праўды, то, мабыць, Дастаеўскі не сказаў бы аб праўдзе, што яна вышэй і за Някрасава, і за Пушкіна, і нават за ўвесь народ. У публіцыстыкі свой ракурс асэнсавання рэчаіснасці і чалавека ў ёй, надзвычай важны і актуальны сёння, але не варта яго універсалізаваць, казаць, што ён галоўны. Інакш мы рызыкуем спрасціць некаторыя рэчы, пасля чаго немінуча мусіць спрасціцца і сам чалавек.

Т. Ч. А хіба публіцыстычнае слова не можа супасці з паэтычным так, каб публіцыстыка была гэткаю ж высокай, як паэзія, а паэзія гэткаю ж актуальнаю, як публіцыстыка?

А. Р. Чаму ж, супадае. Вунь у вершах Пімена Панчанкі супадае, і пры тым так, што публіцыстычны пачатак трансфармуецца ў паэтычны. Без гэтай трансфармацыі, без гэтага ўнутранага агню верш быў бы не ўзорам грамадзянскай паэзіі, а разнавіднасцю паэтычнай публіцыстыкі, якая мала што дадае да паэзіі і мала што — да публіцыстыкі. Паэт можа пры гэтым нават дэманстраваць высокі клас майстэрства, версіфікацыі, але верш не ўвядзеш у зман, у ім усё роўна відаць, дзе гаворыць паэзія, а дзе — за паэзію, наватна мове самых актуальных рэалій і фактаў.

Т. Ч. Згодна з вамі ў тым плане, што «прамая» публіцыстычнасць у паэзіі, калі паэт не ставіць іншай мэты, як толькі нешта адмовіць альбо сцвердзіць, выкрыць нейкую загану грамадства, не выконвае не толькі вышэйшага прызначэння паэзіі, але і сваёй бліжэйшай практычнай задачы. Латышскі паэт і публіцыст Імант Зіеданіс піша, напрыклад, у інтэрв'ю часопісу «Литературное обозрение», што ісціне паэзіі ён верыць больш, чым ісціне публіцыстыкі, бо «публіцыстычная» ісціна ўзнікае з супярэчнасцяў, канфліктаў, неадпаведнасцяў жыцця, і патрэба ў ёй знікае, як толькі здымаецца гэтая супярэчнасць. Ісціна ж паэзіі — вечная і неаспрэчная, як зыходная духоўная аснова быцця чалавецтва. Гэта — «радок бяззбройны і бясспрэчны» (У. Караткевіч). Але іншая справа, калі публіцыстычны, сацыяльна надзённы момант прысутнічае, уключаны ў быційнае і агульначалавечае. У гэтым сэнсе і вашы паэмы і версэты, напрыклад, «На гэтай зямлі», «Будучыня», «Прыкметы», «Ланцуг», «Шэрань» і інш., я лічу, публіцыстычныя.

А. Р. Сфера публіцыстыкі — сацыяльна-грамадская, і праз прызму гэтай сферы вы можаце прачытаць іх як публіцыстычныя творы. Аднак, здаецца, гэта не вычэрпвае іх, сёе-тое застаецца і для наступнага прачытання?