Выбрать главу

Разбудзілі ў два. Зараз пяць. Уначы не пераеў, а позна снедаючы, перабраў, яек нельга есці, а я націснуў на салат з печанню траскі і яйкамі.

Учора пазваніла пляменніца Таня з Лоева, сёння Саша — з Гомеля. Я пазваніў у Паставы Людміле... Гандлюе эканаміст з універсітэцкім дыпломам. Не асуджаю. Але баюся, надарве здароўе, цягаючы бавулы з Масквы ў Паставы, з Пастаў — на Нарач, у Глыбокае, Браслаў... Усе мы гандляры. «Не продается вдохновенье, но можно рукопись продать». А што прадаюць палітыкі? Сумленне? Аднак для першага дня хопіць. Рэалізую сюжэты «Нач. усп.» — трэба будзе паспрабаваць выбраць што-небудзь з дзённіка за апошнія пяць гадоў...

12 студзеня 2003 года

Сёння Вользе Філатаўне 88. Малюся за яе, мысленна малюся: «Гос­поди Иисусе Христе, сын Божий, дай здоровье и силу О. Ф., продли ее жизнь — жизнь праведницы и неустанной труженицы, которая с малых лет до глубокой старости всю щедрость своей души, все плоды своего труда отдавала людям, близким, родным и всем, с кем вместе работа­ла, вместе жила». І гэта так. Гэта не малітва — паэма пра чалавека, які пражыў сваё жыццё па запаветах Хрыста. За сваё доўгае жыццё я ведаў яшчэ аднаго чалавека — яе стрыечную сястру Марыю. Але гэтая была ў поўным сэнсе манашкай, фанатычкай, тая проста «истязала» сябе працай — на людзей. Вольга больш зямная. Яна вельмі добра ведала жыццё і людзей. Яна ведала нягоднікаў. Але не асуджала іх: «Бог ім суддзя». Яна сялянка і была інтэлігенткай у высокім значэнні гэтага слова. Яна вырасціла пляменніц Тамару, Ліну, сястру Клаву, сястру Машу, маю Машу, за гэта я кланяюся ёй. Яна вырасціла ўнукаў, Колевых дзяцей, маіх... Сёстры ёй плацілі глыбокай удзячнасцю. <...>

З акадэмічнай надбаўкай і ганарарамі можна было б неяк жыць. Дык не плацяць яго, ганарар. Калі выйшла «Сэрца на далоні»! Паўгода таму. Двойчы Мачульскі неяк выкраіў па 300 тыс. А «Прайсці праз зону», дзе мая аповесць, выйшла яшчэ ў 2001 г., — ні капейкі. Вось тут і жыві! <.>

З 2 па 10 пісаў навелу «Начных успамінаў» — аб маёй прысутнасці на пашыраным сакр. СП СССР, дзе асуджалі Б. Пастарнака за Нобелеўскую прэмію. Абсурд! Нават я, партыйны артадокс, але ўжо пісьменнік разумеў абсурднасць прымусу аўтара адмовіцца ад прэміі. Няўжо не разумеў гэтага Суркоў? У Эрэнбурга хапіла смеласці абараняць Пастарнака. <.>

15 студзеня 2003 года

Учора ў 10 узялі аналіз крыві, і я праспаў да 2.30. Сёння мяне падняло ў 6 (лёг у 2.30) і не мог заснуць да 8... Але потым спаў да 15. Сёння лёг у 2.30, прачнуўся ў 5.30. Не мог заснуць да 8. Заснуў гадзіны на паўтары, каля 10 прачнуўся і не заснуў больш. Падняўся ў 11.30. Хістаюся, як на ветры.

Цяжкая рэч бяссонніца: думкі, думкі, думкі... Хацеў успомніць сюжэт для «Начных успамінаў», не ўспомніў, лезе драбяза, бытаўшчына. Думаў пра смерць. Без страху. Змарыўся? Часам думкі пра смерць — што чарговы сюжэт, часам нават з гумарам. Кашчунства... Але шкадую: сюжэт гэты не напішу. Нехта штось напіша. Свае блізкія — слязлівае, Навуменка — сумнае, Савіцкі бадзёрае: аптыміст дзед быў, Мятліцкі сачыніць верш, дай Бог аптымістычны, як яго даўняя 7-гадовая эпіграма:

Век наш і пякельны, і суровы,

Ісціну банальную грызу.

Прэзідэнт адрокся ад каровы,

А Шамякін ледзь купіў казу.

Куплялі і казу ў 94 г. У другі раз за жыццё — першы ў Пракопаўцы. Падумаў: чаму не сюжэт для «Начных успамінаў»?

Сёння думаў аб трагедыі Жэні Янішчыц. Сюжэт вельмі трагічны. Хочацца напісаць. Але слаба ведаю яе жыццё, яе блізкіх. Затравілі? Хто? З якой нагоды? А можа, вінавата паэзія? Колькі яна загубіла сапраўдных паэтаў. Не, пісаць яшчэ маю пра што. Ці хопіць сілы? «Асуджаны за талент» напісаў за 7 дзён — 20 ст. Па 2 ст. у дзень — за год можна напісаць раман.

Можаш, Іван! У маладосці «Сэрца на далоні» пісалася тры гады. Дык тады ж было многа спакус і многа іншых абавязкаў.