Сёння хацеў пазваніць Чаргінцу (яго, дэпутата, выбралі старшынёй Літфонду). Узнікла пытанне: ці думае хто-небудзь пра пісьменніцкіх удоў? Няхай не матэрыяльна — маральна. Раней мы думалі. Але ж былі і матэрыяльныя магчымасці: выдаць, памагчы грашамі, пуцёўкамі. Цяпер мой клопат пра няшчасных бабуль — пусты гук, філантропія.
Што ўдовы? Ці ведае СП, як жывуць пісьменнікі? Дзе, напрыклад, Вера Вярба? Гадоў 10 не відаць яе вершаў. А Ніна Загорская? Падалася да царкоўнікаў? Дай Бог, каб ад гэтага ёй было лягчэй жыць — ад веры.
Сляпога Міколу Аўрамчыка даглядае, возіць з Мінска ў Плёсы суседкааднавяскоўка. А што яму рабіць, калі зусім страціў зрок!
Пад новы год пазваніў Аркадзь Марціновіч (даўно не званіў), таксама сляпы. Леаніла чытае яму. Некалі мы добра сябравалі — з партшколы. У мяне сын загінуў, у яго жывы, пачынаў як паэт, але цяжка хворы. Колькі лёсаў!
У Расіі былі манахі «затворники». Я раблюся такім затворнікам. Ногі не ходзяць — я 4 м<есяцы> не выходжу з дому. Мог бы на машыне некуды праехаць — да людзей. Не хочацца. І каб да мяне прыходзілі — не хочацца. На пісьмы не адказваю. А ў маладосці столькі пісаў іх! З некаторых Маша рабіла копіі. Дзе яны? <.. .>
30 студзеня 2003 года
82. У маім родзе хто дажываў да такога ўзросту? Думаю, Шамякіны — Чарназёмы — не, бо бедныя былі. Калі-нікалі магчыма дажывалі — гаспадары, разумнікі. Бацькам маім жыцці ўкарацілі рэвалюцыі і вайна. Бацька пражыў 66, маці 73.
Што чалавек павінен адчуваць у 82? Талстой сышоў з дому — з-за Соф’і, у якой быў псіхічны зрух ці комплекс. Мне нікуды з сваёй кватэры не хочацца. <...>
Безліч званкоў. TV разбудзіла ў 7.30. Павіншавала і дало ў эфір з партрэтам. Сама калі людзі збіраліся на працу. Нагадалі. Першыя званілі гамяльчане: настаўніца, Курпатаў, дырэктар Пракопаўскай школы, Галіна Дашкевіч, пляменнікі Церашкоў, Калінін. Потым пайшлі мінчане — калегі, рэдактары, чытачы. Трохі баяўся, што з’явіцца хтось з начальства, летась Мясніковіч і Вайтовіч. Дзякуй Богу, няма. Але Алесь і Мікола сказалі, што абавязкова будуць. <.>
Так праходзіць дзень (які?) майго жыцця. Не вытрымаў — падлічыў — 29 930 дзён (па 365 у годзе). Ніколі не падлічваў. Без малога 30 тысяч (з высакоснымі). З іх тысяч 20 дзён пісаў. Не, відаць 20 не пісаў, многа напісаў бы, бо ў маладосці пісаў па 5-7 ст. у дзень. Але калі і па 2. Божа, гара паперы! Учора навелу «Алімп», дзе ў цэнтры Алесь Ганчар, закончыў на сумнай ноце: «Якая наша вядомасць, Алесь, там, за мяжой жыцця?» «Господи Иисусе Христе, сын Божий, дай силу жить и работать— писать о моем народе, славить его труд, его ратный подвиг». Так малюся ў бяссонныя ночы.
31 студзеня 2003 года
Першы дзень новага года — 83. Які дзень? Без камп’ютэра не падлічыць. Ціха. І сумна. <...>
Прыйшлі Савіцкі і Мятліцкі. Пасядзелі ў кабінеце за журнальным столікам. Палітыка. Літаратура. А што яшчэ нас цікавіць? Алесь прынёс «НГ» з даўжэзным, на паласу, артыкулам Скобелева. Паўтараецца Эдзік. Чытаў сёння больш гадзіны.Дарэмна так многа піша артыкулаў. Я раздзяляю яго думкі. Але хто ацэніць нават у недалёкім будучым? «Начныя ўспаміны» — больш жывучы жанр. <.>
Усе раяць не глытаць снатворнае. А як без яго заснуць. Сон — адзіны ратунак ад усіх праблем жыцця, ад сюжэтаў, ад думак пра смерць. Господи, продли мою жизнь!
5 лютага 2003 года
Пра што пісаць? Талстоўскіх думак няма. Філасофія. Бытавізм. Скардзіцца на сваё жыццё. А ці бывае ў 82-83 гады шчаслівае жыццё? Учора атрымаў пісьмо ад Жэні Бугровай, з якой перапісваўся ў вайну, цяпер Яўгенія Паўлаўна Зубрыцкая жыве ў Екацерынбургу. Маладая, яна пісала цікавыя пісьмы. Начытанае дзяўчо было. Мае адказы вучылі мяне пісаць: стараўся паказаць, што і я не лыкам шыты. Яна, здаецца, на год маладзейшая за мяне. І жывецца ёй не салодка. Яе крык душы: «Больно то, что я кругом одинока, дети отчуждаются, не звонят, не приходят, в том числе внуки, а дочка с зятем выживают, ждут моего конца — квартиры». Вось такое яе жыццё! Яшчэ адна трагедыя старасці.
Просьба: знайсці «вблизи реки Березина» вёску Реченька. Там жылі яе дзед і бабуля, палякі Гурэцкія, відаць, памешчыкі, бо яшчэ ў 1925 сасланы ў Магнітагорск. Дзед Фелікс, маці яе Мальвіна Феліксаўна. А як імя бабулі не ведае. Хоча ведаць! Здзівіла. Адукаваная бабуля, а думае лёгка знайсці недалёка ад Беразіны Реченьку (не беларуская назва). Беразіна ад Докшыц да Рэчыцкага р-на. Каб хоць раён ведала! Хочацца ёй і ў свае гады ведаць свой радавод, продкаў сваіх дваран. Маці тады баялася расказаць дзецям, хто яны ёсць, адкуль. І ў вайну Жэня ні слова не напісала, што яна мая зямлячка. Эвакуіраваліся са Смаленска не Гурэцкія — Бугровы.