А можа, Беразіна не гэтая — прыток Дняпра, а другая — Нёманская. Сяргей здзівіўся, што ёсць яшчэ адна Беразіна. Не ведаў.
Дазваніўся нарэшце Уладзіславу Мачульскаму. Абяцае на наст. тыдні ганарар. Абяцае з лістапада. Няма грошай.<.. .>
8 лютага 2003 года
...Дзён колькі назад падумаў: «Трэба пазваніць Нічыпару. Хоць ён, Юрэвіч, Асіпенка сарвалі мне прэмію (навела «Сябры»), але я крыўды не трымаю. А на другі дзень чытаю ў «Звяздзе»: памёр Нічыпар. І стала мне шкада яго і балюча, і страшна — ад думак пра смерць. Ці пахавалі хоць з СП? Наўрад. Горка: да чаго давялі СП!
10 лютага 2003 года
Учора сядзеў, чытаў. Здзівіўся, што не чуваць Ванечкі. Спіць? Не. Працуе ТУ. Выйшаў у сталовую, дзе тэлевізар. Сядзіць уся сям’я, сцішаныя. Ванечка, гарэза, непаседа, ціха-ціха сядзіць на канапе, накрыты пледам.
— Тэмпература?
— Не. Яго зноў выташніла. Чатыры разы.
Такое было ў красавіку мінулага года, тады «хуткая» забрала яго ў бальніцу.
Мне так шкада стала дарагога ўнучка, што паліліся слёзы. Хацеў званіць свайму ўрачу. Намерваліся выклікаць «хуткую». Сяргей пазваніў заг. аддзялення Галіне Васільеўне, якая лячыла яго ў той раз.
Яе рашэнне: у бальніцу! Пазваніла туды. У 9 вечара завезлі. Як ён па-даросламу збіраўся. Без слёз, капрызаў. Машынку ўзяў — гуляць. Палажылі з Алесяй, гэта супакоіла. З 10 вечара да 3-х ночы трымалі пад кропельніцай. Спаў. Алеся трымала яго ручку. У 8 раніцы пазваніла Алеся. Ноч прайшла спакойна. Толькі што ў 6 прыехаў Сяргей, сядзеў там з гадзіны дня. Днём кропельніцу не ставілі: аналізы здавальняючыя. Дзякуй Богу.
Уночы, усхваляваны, не мог заснуць да 4-х — з тазепамам. Рана падняўся, хадзіў, чакаў Алесінага званка. Потым заснуў. Застаўся адзін — выць хацелася. Добра, што прыйшла Маша, гаваруння ўнучка разагнала хмары майго настрою.
Чытаю ў «Дуэли» артыкул, на дзве паласы, «Готовят ли США удар по России?». Доказна — рыхтуюць. Доказ: колькасць ракет, якая нарыхтавана. Падводныя лодкі. Зрабілася страшна. За дзяцей. Прага кіраваць светам ператварае людзей у страшыдлаў, у нелюдзей.
13 лютага 2003 года
Ванечка ў бальніцы. І мне самотна аднаму. Як мне не хапае яго, любага гарэзу. Алеся з ім. Сяргей едзе зранку і таксама сядзіць з ім. Корміць і Ваню і Алесю. Пасля — на працу. Я адзін. Не пішу. У бяссонніцу шукаю ўспамін, які мог бы стаць сюжэтам нявыдуманай навелы. Адаслаў Таццяне «Асуджэнне за талент» — як я трапіў на прэзідыум СП СССР, на якім судзілі Барыса Пастарнака за Нобелеўскую прэмію, якую не далі Л.Талстому, ледзь атрымаў Шолахаў, якую гадоў 25 чакае Чынгіз Айтматаў, сядзеў паслом у Люксембургу, у Бельгіі...<.>
15 лютага 2003 года
Да нярвовай ліхаманкі чакаў учора Ванечку з бальніцы: выпішуць? Не выпішуць? Бег да пульта дамафона, забыўшыся на свой апорна-рухацельны апарат... Званок. Стары Дзітлаў з «Рэспублікі», дзе мая нататка пад яго фота (1972): я, Лынькоў, Танк, Шырма з Машэравым на Нарачы на цеплаходзе (між іншым, Дзітлаву 91 год, і ён ходзіць па рэдакцыях, не забыў прынесці мне газету. Зайздрошчу). Званок другі. Ваня!
— Это мы, — так ён заўсёды, калі вяртаецца з прагулкі з мамай. Радасна цалаваў яго... Зараз Ваня спіць. Я глядзеў фільм «Подари мне лунный свет» з Яроменкам-малодшым у галоўнай ролі. Пачатак — нішто, захапіў. Канец — клюква. Во якім жорсткім можа быць лёс. Памёр бацька, праз год — сын. Мікалай-малодшы — акцёр выдатны.
Чытаю ўначы другі том Салжаніцына «Двести лет вместе». Як стары мог адужаць такі матэрыял? Сотні крыніц! Яўна працавала ўся сям’я.
26 лютага 2003 года
Думкі пра смерць наплываюць хвалямі. Ціха — і раптам, як цунамі, б’юць з разбуральнай сілай. Што іх выклікае? Самыя нечаканыя прычыны, часам дробязныя, бытавыя.
Чытаў дзённікі Талстога. 1895 г. Памёр Ляскоў. Леў Мік. піша пра яго завяшчанне: пахаваць па самым «нізкім разрадзе». Талстой: «Вчера думал о завещании Лескова и подумал, что мне нужно — написать такое ж. Я все откладываю, как будто еще далеко, а оно во всяком случае близко». «Похоронить меня там, где я умру, на самом дешевом кладбище... и в самом дешевом гробу — как хоронят нищих. Цветков, венков не класть, речей не говорить. Если можно, то без священника и отпевания».
Я таксама адкладваю. Але прызнаюся — о, грэшны! — такога завяшчання не напішу. Я хачу, каб мяне пахавалі па вышэйшым, дзяржаўным, разрадзе. Лічу: заслужыў. <...>
Учора вычытваў «Прэміі» — раздзел пра Алеся Ганчара, сумны. І вельмі захацелася даведацца: на яго магіле ёсць помнік?
А каму напісаць? Няма Васі Казачэнкі, Юрыя Збанацкага, Міколы Нагнібеды, замаўчаў мой актыўны перакладчык Гр. Кулініч. Малодшыя — хто з іх ёсць, а хто жывы — на якіх пазіцыях? Багдан Чалы, Мікола Зарудны... Усё распалася — сувязі, дружба. І смерць стала — як на вайне: сёння жывы, заўтра закапаюць у невядомай магіле на невядомай зямлі, бо пахавальныя рэляцыі не заўсёды даходзілі да штабоў. Дзе ляжыць мой брат Павел? Тройчы пісаў у архіў МА ў Падольску. Не маюць фактаў — першы раз, другі — далі яўна непраўдападобныя: у сакавіку 44-га пад Магілёвам. Не мог Павел з верасня 1943, калі вызвалялі Добруш, да вясны 44-га не напісаць бацькам.