Выбрать главу

Толькі што пазваніла Наталля Семашкевіч, рэдактар: выйшаў першы том Збору твораў. Узрадаваўся, як пачатковец. Пішу, выдаюся — жыву! Каб яшчэ ганарар плацілі своечасова. «Сэрца на далоні» выйшла паўгода назад. Ганарар не заплочаны. Званіў 23-га Ул. Мачульскі, абяцаў у пятніцу прывезці. Чакаю.

Пазваніў у Дзень Арміі (Савецкай!) Раманаву. Працуе яшчэ на адной назе. Як ён чытае лекцыі? Стоячы? У Таццяны баляць ногі, і яна па 4-6 гадзін стаіць перад аўдыторый. «Можна сядзець?» Не можа.Раманаў паведаміў: наведаў Ал.Кузьміна. Памірае. Рак лёгкага. Зацяты курэц быў. І яму 85. А ўсё адно шкада. З ім прыемна працавалася — ён любіў нас з Андрэем.

Званіў Пятру Прыходзьку. Пахаваў другую жонку. Учора яму было 83. Бадзёры... Да Пятра Бог літасцівы. Лёс?

28 лютага 2003 года

Я надрукаваў навелу «Ганарар» — як у 50-я гады не хапала грошай і як Матузаў дзяліў ганарар. Усім патроху, але штомесяц у ганарарны дзень. Ведаў, калі будзеш мець хоць часцінку свайго заробку. Цяпер нічога невядома. За шэсць месяцаў, як выйшла «Сэрца...», Мачульскі даў тройчы па 300 тыс. Сёння не з’явіўся, як абяцаў. Выклікалі Сяргея. Прывёз грошы і, галоўнае, першы том Збору твораў: «Карэнні і галіны», «Слаўся, Марыя!», «Глыбокая плынь». Парушыў храналогію, даў біяграфічныя рэчы, але адкрыў Збор твораў. Тыраж 3000 экз. Усяго! Плакаць хочацца аўтару, які меў 100 000—200 000 кніжных (на рускай мове, 55 тыс. — на беларускай і 2 млн. — «Раман-газета»). Што так пасадзіла тыражы? TV?

Сяргей і Алеся — поўныя гаспадары ў доме. Я не супраць. Асабліва добра адно: яны збіраюць усе публікацыі, усе рукапісы. Хто сабраў бы?

Не знаю, колькі мне плацяць за аркуш. І дачакаўся — рэбус: «6,5 базавай велічыні х каф. 1,3 за аўтарскі аркуш прозы (Дад. 1, п. 1.4.1, заўв. 1). Сапраўдны рэбус!

Адна таблетка тазепаму не ўсыпляе, прымаю па дзве.

4 сакавіка 2003 года

Сумна. Зноў наплываюць думкі пра смерць. Не баюся. Але калі яны не даюць заснуць — пакутліва. А пасля снатворнага позна сплю. У поўным сэнсе сава: уночы чытаю, удзень сплю. І бясконца задаю сабе пытанне: а навошта столькі чытаю? Каму спатрэбіцца мая начытанасць? На тым свеце? Чытаю больш біяграфіі знакамітых. Асіліў ажно чатыры тамы Карновіча. Дзіўна, што яго няма ва універсітэцкім курсе. Перачытваю Булгакава. На стале «Аляксандр ІІ». Цяпер і цары пайшлі ў серыі «ЖЗЛ». Чытаю Пашкевіча «Пляц волі». Ён, можа, першы расказаў пра так званае «Слуцкае паўстанне».<.>

Разгарнуў свой першы том — «Глыбокая плынь», прачытаў два раздзелы — прылёт Маеўскага. Здзівіўся. Радасна. Пасля тэхнікума будаўнічых матэрыялаў вучыўся толькі на вайне, у зенітнай артылерыі, на поўначы. А як напісаў беларускі лес! Людзей — партызан. Ворагаў — немцаў. Нішто не здаецца наіўным, усё праўда! А мова... Дзе я вучыў яе, беларускую мову? У 7 кл. у Анціпавай? Што прачытаў з 1940 па 1946 год? Томік Паўлюка Труса, які ўзяў з сабой у армію і чытаў па-беларуску дзяўчатам комі. Музыка верша заварожвала. Пісаць вучыўся ў пісьмах Жэні Бугровай. Я напісаў ёй пісем 50—70, ад яе было 70, Маша ў прыступе рэўнасці спаліла яшчэ ў Пракопаўцы, пасля, калі я стаў друкавацца, шкадавала.

У апошнім пісьме Жэня (Яўгенія Паўлаўна Зубрыцкая, на год маладзейшая за мяне) прызналася, што карані яе ў Беларусі, помніць, што вёска Рэчанька на Бярэзіне. Помніць, што дзед Фелікс Гурэцкі і сям’я ў 1925 г. выслана была ў Чэлябінск. Значыцца, памешчык ці заможны шляхціц. Просіць: ці нельга ў архівах нешта даведацца пра род Гурэцкіх. Хто яны? Як імя бабулі? Маці Жэні — Мальвіна Феліксаўна. Пазваніў сёння ў Камітэт па архівах Адамушку Уладзіміру Іванавічу (Валодзя Ліпскі падказаў).

«Задача цяжкая. Але пашукаем», — сказаў Адамушка. Тэл. яго 2-20-88-30. Пазваню. Яўгеніі было б прыемна нешта даведацца з сваёй радаслоўнай. Ліпскі выкапаў 500 Ліпскіх — на цэлую кнігу, цікавую. А я, лапух, мужык, гультай, не толькі не заглянуў у архівы — старых кармянцаў не спытаў, сваякоў. Гадоў 50—40 таму іх было яшчэ нямала, цяпер — нікога са ста­рых, а моладзь нічога не знае. Добра было б, каб пісаліся радаслоўныя сяльчан... Сяльчан? А гараджан? Нерэальна. Дваране пісалі. Але для гэтага трэба было быць дваранінам і па адукацыі, і па ўкладзе жыцця. Можа, камп’ютэрызацыя паможа?