Выбрать главу

8 сакавіка 2003 года

Віншаваў жанчын. Усіх сваіх. Мятліцкую, Бондар, Васілевіч... Стаміўся. <...>

Каньяк бы піць у такі дзень. Не магу. <.>

19 сакавіка 2003 года

Прыгадалася. Цяжкахворы Яўген Іванавіч (Максім Танк) ляжаў у бальніцы. Я наведваў яго. І помню (ці не апошняя сустрэча?) у яго вырвалася слова «хутчэй бы». Не слова. Крык душы спакутаванага чалавека. І ён, крык гэты, страшэнна ашаламіў мяне, уразіў. Не паверыць такому слову нельга было. А паверыць... Чалавеку хутчэй хочацца памерці!.. Жах. Ёсць самагубства, але там асаблівы псіхічны зрух і, думаю, імгненнае рашэнне: «Хопіць! Вось вам (табе)! Жыцця няма!» Я тады, хоць і набліжаўся да 75, не думаў пра смерць. Маша была жывая. Пісаў. Чытаў. Жыў.

Сёння я не дажыў яшчэ да душэўнага крыку «Хутчэй бы!» Але баюся, што дажыву. Не смерці баюся. Баюся жадання памерці. Гэта — страшна. Але жыццё гоніць да таго. Адсутнасць радасці. Ванечка радуе. Дай Бог табе здароўя, мой унучак. І табе, Славяна! І табе, Маша! <...>

Паўгода не вылажу з кватэры. Баяўся зімы. Ідзе вясна. Выйду? Баюся дачы. Не едзе «хуткая». Можа, дажыву да «хутчэй бы!» Але, думаю, лепш не дажываць да такога. Жыць! Але ў які стан прывядзе мяне мой апорнарухацельны апарат? 300—400 крокаў па пакоі і калідоры — «вышыня», якую яшчэ бяру. <.>

24 сакавіка 2003 года

Сяргей купіў у букіністаў 4 экз. «Злой зоркі». Новыя. Нечытаныя. Хто здае такія? Адкуль? Пытанне! Здзівіў тыраж. 1993 г. «МЛ» — 10 000, 2000 г. «Ураджай» — 25 000. Вось гэта здзівіла. Праўда, пад грыфам «Школь­ная бібліятэка». Не купляюць школы, не маюць грошай. Якая беднасць!

Пачаў чытаць з першага сказа «Жаніўся Глеб» і прачытаў тры раздзелы, не мог адарвацца. Дзён колькі я гэтак чытаў «Глыбокую плынь». Здзівіўся: адкуль у 1947—48 гг. такі сюжэт. А мова! Чалавека, які вучыў яе толькі ў сямігодцы. Мабыць, добра вучыў. У «Злой зорцы» ўразілі характары, асабліва старшыні райвыканкома Пыльчанкі, сакратара райкома. Як дасканала я ведаў гэтую партыйных кіраўнікоў! Крыўдна, што такі раман (не ведаю другога такога ні на Украіне, ні ў Расіі — пра Чарнобыльскую трагедыю) прайшоў непрыкметна, радавым. Што замінала прагрымець яму, як «Гл. плыні», «Сэрцу на далоні», «Атлантам...», «Гандлярцы»...

Не знаходжу сюжэт для «Начных успамінаў» і апаноўвае страх — спісаўся! А з’яўлялася падобнае пачуццё ў маладосці, калі зацягвалася паўза паміж раманамі. Там страх апраўданы: не замоўчаць! А цяпер чаго баяцца?

Што дададуць адна-дзве, няхай і цікавыя навелы ўспамінаў. Будуць надрукаваны раней, чым дзённікі. Дзённікі, між іншым, таксама «драбнеюць». «Роздум на апошнім перагоне» напоўнены маімі адносінамі да таго, як развальвалі вялікую дзяржаву. Сёння я поўны гневу супраць амерыканцаў, іх бандытызму ў Іраку. Учора слухаў «Времена» Познера... Адзін пажылы палітолаг (не запомніў прозвішча, не бачу надпісу) правільна сказаў: гэта пачатак новай сусветнай вайны. І яна ўдарыць па нас — па Расіі, па Беларусі. За Іракам Іран, адтуль Каспій, наша нафта. Пасля Карэя. Раней па зубах ЗША мог даць Кітай. Насцярожвае Кітай: Амерыка дае інвестыцыі, і яны багацеюць. Але калі іх магутнасць дасягне амерыканскую? Расійская не дасягне ўжо ніколі...<...>

8 красавіка 2003 года

З 1-га — у бальніцы. Хацеў палячыць свае суставы. Але трапіў у кардыялогію і на суставы ўвагі мала, мабыць, лічаць, што ў 83 так і павінен поўзаць стары атопак. Наведваецца Маша, мая добрая гаваруння. Алеся тэмпературыць. Ванечка застаецца адзін, калі Сяргей на працы. Размаўляе па тэлефоне. Весялун! Ажно лягчэй робіцца пасля яго галасочка.

Ляжаў паўтара дня з дзядком з Рагачова — 67 г. Сардэчнік. Рыхтавалі да аперацыі — шунціраванне сэрца. Платнае — 1000 дал. Дзе рабочаму ўзяць такія грошы? Плюс плаціў тут, бо не прымацаваны, але апарат ёсць толькі тут. Юрчанку гэтаму памаглі сыны, адзін прыляцеў з Мурманска, капітан міліцыі.

Зараз сусед — банкаўскі работнік Моўчан Уладзімір Васільевіч. Прыемны чалавек, можам пагаварыць, але ўсё роўна сумна.

Прачытаў у «КП»: Быкаву ў Празе зрабілі аперацыю, выразалі частку кішэчніка. Рак? Шкада мне стала Васіля. Добры пісьменнік. <.>

11 красавіка 2003 года

За тры тыдні Ірак здаўся. Жах! Буш, яго адміністрацыя, кангрэс, алігархі — злачынцы, ім трэба ўлада над усім светам. Але і Садам — наставіў сваіх манументаў, а да абароны не падрыхтаваўся. Амерыканцы страцілі 100 чалавек. Усяго. Яны павінны былі ўлезці, як у В’етнаме. І каб штодня прыходзілі «цынкавыя хлопчыкі», як пісала Алексіевіч. Амерыканцы павінны адчуць, што такое вайна. Народ у ЗША абажраўся і, акрамя ўласнага крыміналу, іншай бяды не ведае. А бушы набіраюць сілу. Ужо і тыя, хто выступаў супраць вайны — Пуцін, Шырак... ужо кланяюцца бушам.