Выбрать главу

Вось так жыву. Колькі яшчэ працягну? Пісанне ўспамінаў супакойвала. І дзённік супакойвае. Але пасля позняга — у 12 — снедання заснуў у крэсле. Слабасць. Ці праглынутае ў гадзіну ночы снатворнае дзейнічае? А без яго не заснуў бы да раніцы. А гэта — пакута. Якія толькі думкі не лезуць у старую галаву!

На двор не выходжу. Не магу паказваць людзям сваю нямогласць, баюся, што хтось парадуецца. Не, у двары няма Гілевіча. Ёсць добры сябра — Алесь Савіцкі. У 80 (будзе ў студзені 2004) — моцны. Дай Бог яму здароўя!

10 верасня 2003 года

Зноў пра «Сказ...». Перачытаў «паэму». Ні на адным радку не ўсміхнуўся. Старое і нуднае. Калі яшчэ першыя раздзелы «Дзяльба», «Праблема», «Будаўніцтва» даюць сатырычную карціну стварэння кааператыва, то «Мужчынскі страх» — зарыфмаваны сялянскі анекдот. Калісь да бацькі майго заходзіў краўцоўскі Дубадзел, ён быў канавал, і ён палохаў нас: «Я вам выра­жу яйцы», «Я вас злягаю», і мы яго баяліся. Пісьменнікі баяцца Марылі са скальпелем? Глупства! А як аплёўвае калег! Брыдка чытаць. Ды і каму гэта цікава, што рабілі Ставер ці Мыслівец? Крыўдна за добрых людзей, даўно ўжо нябожчыкаў. <.>

У Янкі Брыля памёрла жонка — Ніна Міхайлаўна. Шчыра спачуваю яму. Яна мая равесніца. Мы былі суседзямі па кватэрах. Сябравалі. Я пісаў пра гэтае сяброўства.<.>

Ніну я паважаў — разумная жанчына. Але з Машай яны не сышліся. Не помню, каб у госці да Брылёў мы хадзілі ўдваіх, і не помню, каб Ніна сядзела ў нас. Праўда, і адна і другая ўвогуле не любілі хадзіць у госці. На святы ў СП (Новы год, Перамога) я рэдка зацягваў Машу, і Янка, як правіла, прыходзіў адзін.

Смерць малодшых не так кранае, як равеснікаў. Вечная Вам памяць, Ніна Міхайлаўна! <.>

Чытаю Арыядну Тыркову-Вільямс «Пушкін». Як мэтр, настаўнік царскіх дзяцей Жукоўскі ставіўся да 18—20-гадовага Пушкіна (ды і да трагічнай смерці яго)! Па-бацькоўску. Было высакародства ў дваран. У нашай інтэлігенцыі яго няма. Праўда, у палітыцы і тады з’ядалі адзін аднаго, не толькі маральна — фізічна. З часоў Калігулы і Нерона (раней!) чалавецтва не стала дабрэйшым, больш гуманным...

13 верасня 2003 года

Глядзеў учора «Три тополя на Плющихе». Даўно не меў такой асалоды, такога захаплення. Якая Таццяна Дароніна! Як я люблю гэтую актрысу, хоць на сцэне бачыў яе разы два. Геніяльная актрыса! А якая жанчына! Якая абаяльнасць! Які незвычайны голас! Сёння позна падключыўся да Алесі, якая глядзела «Мачаху». Наплакаўся ад замілавання Даронінай, ад зачаравання яе гераіняй, ад радасці, што ёсць у нас (у нас!) такія акцёры, такія фільмы. Ніводны галівудаўскі так не кранаў. Хіба італьянскія, неарэалістычныя; цяпер і італьянцы, і французы амерыканізаваліся. Сорамна глядзець сексуальную галімаццю.

Са слязамі пашкадаваў, што Даронінай ужо 70. О, няўмольны, бязлітасны час! Якія скарбы чалавечай душы, творчасці, проста партрэтнай прыгажосці ён забірае — закопвае ў зямлю.

Учора правіў «Злое вока» (што лепш злое ці дурное? У народзе чамусьці кажуць дурное). Сёння сядзеў перад тэлевізарам. Навошта мне дэтэктыў «Возвращение резидента». Ад прагнасці?

Званіў учора Наталлі Брыль-Семашкевіч (яна рэдактар майго збору; Брылю не дазваніўся). Калега яе сказала, што усе яны, Брылі, паехалі на радзіму ў Карэлічы, каб там адзначыць 9 дзён з дня смерці Ніны Міхайлаўны. Лагічна.

Ніна Чайка (гал. «Нёмана») прынесла мне пералік тэм, на якія я павінен выказацца ў размове з ёй (для «Нёмана»). Суцэльная палітыка. А я не хачу палітыкі! Не хачу нікога чапаць з калег маіх. Я стаў непраціўленцам. Не хачу, каб хтось пляваў на магілу маю. Ды ўвогуле не хачу даваць ніякіх інтэрв’ю. Хопіць!

15 верасня 2003 года

Учора напісаў пісьмо ў Пракопаўскую школу. Ад іх атрымаў у чэрвені, але падумаў, што пачаліся канікулы, і не адказваў. Згубяць пісьмо да збору вучняў. Цяпер не магу знайсці іх пісьмо. Хачу паслаць кнігі. Трэба індэкс. Дойдзе без індэкса? Мець музейчык я хацеў бы не ў Карме, а ў Пракопаўцы ці ў Церусе. Чаго захацеў! Ці думаў Лёва (Л. М. Талстой. — А. Ш.) пра музей. У дзённіках няма. Але яму можна было не турбавацца, ён спадзяваўся не на цара, а на дзяцей і грамадскасць. Наша грамадскасць успомніць летапісца В[ялікай]А[йчыннай] в[айны] і паўсотні пасляваенных гадоў? Забудзе ў тлуме капіталізацыі. Каму будзе да Адамчыка, Брыля, Шамякіна!

17 верасня 2003 года

Мяне жыццё вымушала працаваць уначы — жыллёвыя ўмовы, дзеці, служ­ба. Што вымушае Таццяну? Славяну? Таццяна расказвае: з раніцы мы ўсе — як сонныя мухі, а пад вечар — вясёлыя, бадзёрыя, расказваем анекдоты, рагочам.

— І да трох ночы працуем?

— Да трох. Гэта гены.