Упэўнена, што гены. Глупства. Проста няўменне арганізаваць рэжым працы і адпачынку... І Славяна — вылітая маці. Назіраў на дачы. У вячэрнія часы сядзіць у сваім пакоі, піша. У 23 ідзе глядзець тэлевізар, у 2 ночы кіпяціць чай. <.. .>
Лаю Таццяну, Славяну, а сам такі ж. Да 12 сплю. Паднімаюся — ох, як цяжка! Грэю кашу, кіпень, п’ю каву. Галава — волавам налітая. Ціск розны — і высокі, і нізкі. Пазаўчора Алеся намерала 190 на 80, учора 140 на 60. Пад вечар ажываю. З 19 да 24 тэлевізар: навіны, фільм, навіны культуры, Максімаў. Да 2-х ночы — кніга. Апошнія дзён дзесяць двухтомнік ЖЗЛ «Пушкін» Арыядны Тырковай Вільямс. Па-мойму, самая сур’ёзная праца ў найбагацейшым пушкіназнаўстве. Мінулай ноччу раздзел «Адэса» і самае галоўнае пераконанне паэта, што з літаратурнай працы можна жыць: за «Б[ахчысарайскі] фантан» яму прысылаюць 3000 руб — па 5 руб за радок.
Вяземскі называе літаратуру «умственной промышленностью». І далей ён жа: «Могу доложить министру, что собственность ума — тоже собственность». Трапна! Разумныя людзі. І самае цікавае, што не толькі паэты разумелі гэта, але ў хуткім часе гэта зразумелі і чыноўнікі, і просталюдзіны. <.>
Многа карыснага я вычытваю ў разумных кнігах. А як перадаць гэта людзям? Каму карціць тое, што я ем адзін, сыты сам. <...> Пасля вайны хлопцы-франтавікі, партызаны, якім вайна перашкодзіла вучыцца ў інстытутах, але якія за свае баявыя заслугі сталі апаратчыкамі розных уладных органаў, не толькі самаахвярна вучыліся на завочным, чыталі не толькі Пушкіна і Купалу, але лічылі сваім абавязкам прачытаць «Глыбокую плынь», «Людзі на балоце», «У Забалоцці днее» — усё, што ацэньвала прэса. Хто чытае «Начныя ўспаміны»? Літаратары далёка не ўсе. А дзе прачытаць? Дзе выдаць гэтыя своеасаблівыя мемуары — гісторыю СПБ за 50 гадоў. Хіба нецікава?
Успомніў Брыля. Учора дазваніўся яму. Выказаў спачуванні. Па-сяброўску пагутарылі, даўно так не гутарылі. Перад вечнасцю мы робімся аднадумцамі. <...>Сёння пазваніў Мачульскаму. Адпачывае ў Анапе. Здароўя яму! Але калі ён заплаціць мне за два тамы «умственной собственности». Разумею, не ад яго залежыць. <.>
1 кастрычніка 2003 года
Таццяна для «Роднага слова» піша пра мяне: «Архітэктура ў творчасці Шамякіна», «Музыка...». Іншае. Чаго, можа, і няма ў мяне, той жа музыкі. А неяк тыдні два назад папрасіла: «Напішы пра мяне». Спачатку здзівіўся. А потым падумаў, а чаму не? Чаму не зрабіць ёй такі падарунак да 55-годдзя. Заслужыла сваёй працай. Доктар навук...
Напісаў «Бацькоўскае слова» — 15 старонак. Па-мойму, творчы партрэт атрымаўся. Горш партрэт дачкі, жонкі, маці. Тут паўтор «Слаўся, Марыя!» Але не паўтарыцца нельга.
Памёр Станіслаў Марцалеў. Званіў удаве Ал. Ів., яна расказала, як памёр. Напярэдадні на дачы цэлы дзень набіраў на камп’ютэры «Гарады і сёлы». У той трагічны аўторак быў на пасяджэнні аддзялення НАН. Прыехаў дадому... Прыйшоў сын: бацька сядзіць у крэсле каля тэлефона, трубка на каленях... Чалавек мёртвы. Інфаркт. Скажуць: лёгкая смерць. А мяне смерць равеснікаў палохае. Станіслаў на 4 гады маладзейшы — з 1925. Я паважаў гэтага чалавека. Ён рабіў заг. аддзела культуры ЦК. Наш начальнік. Ён дазваляў паспрачацца з ім і, выслухаўшы маю думку, нярэдка згаджаўся, яго можна было пераканаць. Пасля яго быў Іван Антановіч, непараўнальны эрудыт, дыпламат, на першы погляд — дэмакрат. Спрачацца любіў, але пераканаць яго было немагчыма, яго думка — вышэй усіх іншых. Станіслаў быў добрым дырэктарам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі, фальклору. Сам вызначальных прац не напісаў, але людзям памог напісаць. Яго любілі. Вечная памяць табе, Станіслаў Віктаравіч!
Учора наведала мяне Таццяніна і Сяргеева калега, доктар навук Скарапанава Ір. Сц., прасіла рэкамендаваць яе кнігу на прэмію НАН (рэкамендаваць ці вылучаць могуць толькі акадэмікі і члены-кар. НАН). Кніга «Постмодернистская литература (новая философия, новый язык)». Падарыла кнігу мне. Прачытаў першы раздзел. Божа, якая «заумь». Талмудыстыка. (Баюся, аўтары Талмуда пакрыўдзяцца.) Прасцей — разбор рускіх постмадэрністаў... А кніга вытрымала тры выданні і перакладзена на некалькі моў. Не магу зразумець, каму гэта эквілібрыстыка трэба... Сімвалізм узнік сам па сабе. Што ад яго засталося? Кубізм? Экспрэсіянізм? Мадэрнізм? Ад мадэрністаў у жывапісе засталося нешта, у літаратуры, па-мойму, нічога. І вось постмадэрнізм. <...>
5 кастрычніка 2003 года
Выдаецца часопіс «Дзеяслоў». Галоўны рэд. Барыс Пятровіч (Сачанка, пляменнік Барыса Сачанкі, нябожчыка). Афсетная папера, аб’ём 22 ул.-выд. аркушы, тыраж, праўда, сумны — 1000 экз... Выдавец: РГА (?) «Літар.-мастацкі фонд «Неман». Упершыню чую пра такі фонд. У рэдкалегіі — Акулін, Пашкевіч, Скобла...