Выбрать главу

Дзядок і на гэта раз нічога ёй не адказаў. Па ўсім відаць было, што не падабаюцца яму дамы ў каракулі.

— Які ку-у-льт?.. — незадаволена працягнуў, гледзячы ў акно, падпалкоўнік. — Прычапіліся… — І стукнуў кулаком па калене. — Я з ім у Берлін увайшоў!

У левыя вокны тралейбуса ўплывала Цэнтральная плошча, пасярод якой стаяў у бронзавым шынялі, прыклаўшы бронзавую руку да бронзавых грудзей, Сталін. Дзесяціметровы, велічны на высокім, абкладзеным мармуровымі плітамі пастаменце, ён, здавалася, падпіраў неба над Мінскам, быў пастаўлены тут на векі вечныя, і ніхто ў нашым тралейбусе — ні кіроўца, ні кандуктарка, ні дзве бабулі, ні намеснік начальніка паравознага дэпо таварыш Папковіч, ні дзядок у капелюшы і ні дама ў каракулі, ні тым болей падпалкоўнік — уявіць не маглі, што помніка Сталіну некалі не стане…

Не стала. Знеслі за адну ноч восенню 1961-га — напярэдадні 44-ай гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, якую Сталін звяршыў разам з Леніным, бо Ленін без Сталіна звяршыць яе не мог.

Цэнтральную плошчу агарадзілі высокім плотам, за якім нічога відаць не было, толькі чуліся гул ды скрыгат, і мы з татаркай Нэлай, а з намі Віл, Біг і Піля залезлі на дах найбліжэйшага да плошчы дома і адтуль глядзелі, як, накінуўшы трос на шыю, звальвалі бронзавага правадыра ўсіх часоў і народаў.

Правадыр упіраўся, не хацеў падаць. Каб зваліць яго, аднаго бронетраспарцёра, з-пад гусеніц якога іскрамі ляцела брукаванка плошчы, не хапіла. Па бляшаным даху бегаў за нашымі спінамі нізкарослы, п’яненькі мужычок і крычаў: “Юзік, трымайся!..” Але Юзік не ўтрымаўся. “Ніхто не ўтрымаецца, калі на яго ўсе астатнія разам накінуцца”, — сказала татарка Нэла. На плошчу падагналі яшчэ адзін бронетранспарцёр — і цугам яны правадыра павалілі.

“Зваліў Мікітка Юзіка…” — сказаў мужычок, сеў пад комін і заплакаў…

— Я да вас не прычапіўся, — перагнуўся цераз сядзенне да падпалкоўніка дзядок. — Я кажу вам, што ён можа быць Папковічам, але не тым таварышам Папковічам, які выступаў па радыё.

— А якім тады?.. — не зразумела кандуктарка. — Якім, калі не тым?

— Цэнтральная плошча! — абвясціў кіроўца. — Наступны прыпынак — вуліца Янкі Купалы.

Кандуктарка, адарваўшы квіток дзяўчыне ў сінім каптурыку, глядзела на дзядка, чакаючы… Але паколькі намеснік начальніка паравознага дэпо, не збіраючыся болей нікому даводзіць, што ён ёсць ён, крыўдліва маўчаў, дзядок буркнуў, сеўшы:

— Скуль я ведаю, якім…

Дзяўчына села побач са мной. У тралейбусе было поўна вольных месцаў, а яна села побач.

Прыгожая. Але не такая, як Ася. Такіх, як Ася, болей няма. Куды да Асі гэтай — у каптурыку.

Мусібыць, праз Асю амерыканец і падышоў да нас. Мы танцавалі рок-н-рол, ён стаў танцаваць з намі. Файна танцаваў. Лепш за Гарыка Клябанава. А лепш за Гарыка рок-н-рол ніхто не танцуе.

— У цябе шчаслівы? — спытала дзяўчына, падлічыўшы лічбы на квітку. І засмяялася. — У мяне — не.

Кандуктарка амаль старая, а ўсміхаецца. У гэтай квіток не шчаслівы, а яна смяецца. “Жанчына ўся таемная, як рака падземная”, — пад гітару спявае Гарык, які лепш за ўсіх танцуе рок-н-рол.

У сіняга каптурыка і не магло быць шчаслівага нумара. Наступны шчаслівы — 179881. Але для таго, каб ён выпаў, кандуктарцы трэба прадаць дзевяць квіткоў. А каму прадаваць?..

— Не ведаю, ці шчаслівы, — зманіў я каптурыку. — Можам памяняцца.

Каптурык зноў засмяяўся.

— Ведаеш. Пра сваё шчасце ўсе ведаюць. І шчасцем не мяняюцца.

“Давай памяняемся, — сказаў учора Косця Воран амерыканцу. — Я танцую з Асяй, ты — з Марынай”.

І амерыканец памяняўся.

Калі б ён не памяняўся, дык, магчыма, была б інакшай уся сусветная гісторыя. Невядома толькі: са шчаслівым квітком, ці не?

Ніхто нічога не ведае пра сваё шчасце, каптурык.

У маёй кішэні было дзесяць рублёў і дзесяць капеек. Паснедаць: яечня — 1 рубель 10 капеек, каша — 70, кісель — 30, батон — бясплатна. Гэта 2 рублі 10. Абед: салат — 50, паўбаршча — 80, катлета — 1 рубель 20, гарнір — 40, гарбата і хлеб за так. 2 рублі 90 капеек. Разам — 5 рублёў. Дзевяць квіткоў — 3 рублі 60 капеек. Усяго — 8 рублёў 60. У мяне застаецца паўтара рубля. Вечарам вайна, так што не да вячэры. А заўтра стыпендыя.

Я падаў чырвонец кандуктарцы:

— Мне дзевяць квіткоў.

Віялета Казіміраўна ўважліва ўглядзелася спачатку ў мяне, пасля ў маю суседку…

— Восем, — сказала кандуктарка, адлічыўшы квіткі і рэшту. — Адзін яна сама купіла.