Выбрать главу

— Вуліца Янкі Купалы! — абвясціў кіроўца. — Каму ў цырк, таму на выхад!

— Не, гэта цырк! — раптам зноў падхапіўся незадаволены дзядок. — Чалавек прысвойвае чужыя заслугі, а ўсе маўчаць! Ён дыктар радыё! А то я не ведаю дыктараў! Так ён і вашы заслугі прысвоіць, і мае! І што мне: аддаць?

Бабулі, абедзве ў ліловых хусцінках і чорных цыгейках, падняліся і пераселі ад дзядка далей — бліжэй да падпалкоўніка.

— Ён не казаў, што дыктар! — кінула займацца нашым з каптурыкам шчасцем Віялета Казіміраўна. — Ён сказаў, што выступаў, а вы ўсё перакручваеце!.. Ён жа перакручвае, таварыш палкоўнік!

Усе шукалі патрымкі ў чалавека, які ўвасабляў сілу. Слабыя ў моцнага.

У мяне старэйшы сябар Палкоўнік. Не сапраўдны палкоўнік, проста мянушка ў яго такая, але ён мацнейшы за сапраўднага. Ва ўсякім разе, за гэтага падпалкоўніка, які глядзіць на кандуктарку і не ведае, што сказаць.

— Падпалкоўнік я, — знайшоў, нарэшце, што сказаць, падпалкоўнік. — І адчуўшы, мусібыць, адказнасць за жанчын і дзяцей, абаронца краіны, якая скарачала свае ўзброеныя сілы, даволі строга спытаў дзядка. — А ў вас якія заслугі, каб іх прысвойваць?

Дзядок нібы толькі таго й чакаў.

— Вось! — выхапіў ён чырвоную кніжачку з кішэні! — Герой-падпольшчык!

Кандуктарка падхапілася:

— Там не напісана, што герой! Ездзіць можна бясплатна, я глядзела, але што герой — не напісана!

— Плошча Перамогі! — абвясціў кіроўца. — Ускладанне кветак героям!

Дама ў каракулі, якая не збіралася нікому ўскладаць кветкі, павярнулася да кандуктаркі: “Якая плошча?..” — і тая ўздыхнула, сядаючы: “Ды Круглая, Круглая… Усе ведаюць, а кожны пытае”.

Усе ведаюць, а кожны пытае, бо Круглая плошча, на якой паставілі абеліск і запалілі Вечны агонь, плошчай Перамогі стала нядаўна. Да новай назвы не прызвычаілася не толькі дама ў каракулі — для мяне дасюль плошча гэтая Круглая.

— Глядзі, — сказала адна бабуля другой у момант той цішыні, перад якой расчыняюцца дзверы. — Агонь на плошчы…

– І праўда… — з цікаўнасцю прыпала да акна другая. — Пэўна, дзеці распалілі…

“Жы-шу-шых!..” — расчыніліся дзверы — і ў іх лёгка, як парушынка, выляцеў мой сіні каптурык.

Нават не развіталася.

Нават кандуктарка здзівілася.

Нават бабулі ёй услед зірнулі.

Больш ніхто з тралейбуса не выйшаў, ніхто не ўвайшоў — і дзверы зачыніліся: “Шых-жы-шу!..”

Ад Круглай плошчы дарогі разыходзяцца на чатыры бакі.

— Шчасце не купіш, — паглядзеўшы ў зачыненыя дзверы, сказала кандуктарка. — Пралескі мог падараваць. Вянуць без толку.

Мог падараваць… Без толку вянуць… Калі б гэта была Ася, я б выскачыў з тралейбуса, схапіўшы пралескі. Не ў дзверы, дык у акно. Але гэта была не Ася — сіні каптурык. Нават не татарка Нэла.

Учора татарка Нэла таксама танцавала ў Палацы прафсаюзаў. Потым мы ўпяцёх: я, Нэла, Віл, Піля і Гарык праводзілі Марыну з амерыканцам. Воран сказаў: “Я з Асяй, а вы Марыну праводзьце. Ці мала што: усё ж амерыканец”.

Марыну чакаў каля дома чубаты Толік. Амерыканец адразу наскочыў на яго. Завадны: упершыню ўбачыў — і біцца. Такога б на вайну… І яны пабіліся б, калі б не мы. Вось тут, каля Вечнага агню.

Вайна магла пачацца яшчэ ўчора. Але яе перанеслі на сёння. Грушаўка будзе біцца з Сельгаспасёлкам.

— Наступны прыпынак — Даўгабродская!

Я вучыўся ў электратэхнікуме сувязі і жыў у інтэрнаце на Падлеснай, таму гэтая вайна была не маёй. Але разам са мной вучыліся Кон, Грыц і Балік. Кон і Грыц біліся за Грушаўку, Балік — за Сельгаспасёлак. Ён разважыў, што будзе справядліва, калі мы, свае са сваімі, будзем біцца два на два.

Я не хацеў біцца ні два на два, ні пасёлак на пасёлак. Я хацеў танцаваць рок-н-рол, слухаць Дзюка Элінгтана, Дзіна Рыда і Элвіса Прэслі, чытаць Агату Крысці, якую пераклалі з ангельскай Біг з Вілам, і кахаць Асю. Ды мала чаго я хацеў… Кон, Грыц і Балік сказалі: “Мы ўсе — адно. А ты — стыляга. Калі ты не з намі — ты супраць усіх”.

Я быў стылягам, але я не хацеў быць супраць усіх. Бо як супраць усіх — аднаму?

Татарка Нэла кажа: “Трэба быць усім з усімі, як татары з манголамі. Тады будзе Залатая арда”.

Тралейбус дугой каціўся па Круглай плошчы — і бабулі ўсё дзівіліся на агонь, які расклалі дзеці…

Татарка Нэла вучыцца на медсястру ў вучэльні на Падлеснай. Вучэльня — побач з Першай клінікай, у якой Нэла падрабляе. Яна пачала ўжо карыстацца парфумай — і ёй патрэбныя грошы. А бацькі на парфуму грошай не даюць.

— Ды якія дзеці! — сярдзіта не вытрываў, гледзячы на бабуляў, дзядок, але тлумачыць бабулям нічога не стаў. Буркнуў толькі, чакаючы падтрымкі ад дамы ў каракулі. — Дзярэўня!..