Выбрать главу

Кожны стараўся выкарыстаць такі момант. Толькі вось сябар Міхася, Аляксей, да ўсяго гэтага быў абыякавы. Справа ў тым, што ў апошнія, шостыя суткі дарогі ў яго схапіў жывот. Тыя таблеткі, якія даў яму падарожны лекпом, не памаглі, і ён вельмі пакутаваў.

— Вось хутка будзем на месцы, там табе акажуць больш эфектыўную дапамогу, — абяцаў яму дарожны лекар. — А пакуль пацярпі.

А колькі засталося быць у дарозе, ніхто «неспакойным пасажырам» не гаварыў. Усё трымалася ў вялікай тайне.

— Грамадзянін начальнік, — асмеліўся Губанаў звярнуцца да ахоўніка з камандзірскай адзнакай, — скажыце, хутка наш фініш?

— Што, што? Не разумею, — адказаў той.

— Высаджваць нас хутка будзеце?

— Прыйдзе час — высадзімся, — здзекаваўся ён. — Ты гэта і сам убачыш. Толькі набярыся цярпення.

— Дык цярпець жа не магу — вельмі баліць жывот.

— Пабаліць ды перастане. Дарэчы, у нас тут і медпункт ёсць, звярніся — дапамогуць.

— У тым-то і справа, што не могуць дапамагчы.

— Добра, што-небудзь прыдумаем, — паабяцаў начальнік.

Параход запаволіў хаду, даў доўгі гудок.

— Вось і прыбылі на месца, — сказаў ахоўнік. — Я зараз жа паведамлю медслужбе, што ты хворы, — і ён пайшоў наверх.

Перад тым як рабіць выгрузку «жывога тавару», па Губанава прыйшлі два санітары і загадалі яму ісці з рэчамі.

Міхась не стрымаўся і спытаў:

— Куды ж вы яго забіраеце?

— А што, не здагадваешся? У лазарэт.

Вось так Міхась зноў застаўся адзін — і невядома, ці надоўга.

Частка трэцяя

— Ты за что же попал-то в лагерь?

.

— Ни за что…

— Не бреши, ни за что не садят!

Видно, в чем-нибудь виноват… —

И солдат машинально гладит

Руковицей желтый приклад.

.

— На, возьми, мужик, закури!

Я готов протянуть ладони.

Я, конечно, махорке рад.

Но пенек-то — в запретной зоне.

Не убьет ли меня солдат?

И такая бывает штука.

Может шутку сыграть с тобой.

Скажет после: «Бежал, подлюка!»

И получит отпуск домой.

Анатолий Жыгулин

.

Горад марскіх варот

Як толькі пачалося будаўніцтва Нарыльскага горнаметалургічнага камбіната, марская прыстань ля пасёлка Дудзінка ператварылася ў порт, а сам пасёлак — у горад. Што ўяўляла з сябе тагачасная Дудзінка? Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады яна з’яўлялася сталіцай Далгана-Нянецкай нацыянальнай акругі, якая была неадымнай часткай Краснаярскага краю, гэта быў невялікі рыбацка-паляўнічы пасёлак на беразе магутнай ракі — Енісея, у паўднёвай частцы Таймырскага паўвострава, на Крайняй Поўначы нашай краіны. Там тады ішоў бойкі гандаль каштоўнай пушнінай і, канечне, рыбай. Вось і ўсё.

Знаходзячыся за 2000 кіламетраў ад краявога цэнтра і чыгуначнай станцыі Транссібірскай магістралі, як у эканамічных, так і культурных адносінах, Дудзінка расла і развівалася вельмі марудна. Уся ўвага аддавалася суседняй Ігарцы, якая з пачатку 30-х гадоў стала цэнтрам лесаапрацоўчай прамысловасці і міжнародным цэнтрам ляснога гандлю і лясных паўфабрыкатаў на Крайняй Поўначы краіны. Там быў пабудаваны новы марскі порт, куды рэгулярна прыходзілі параходы з розных краін свету па лясныя тавары. Нават сам горад быў пабудаваны нанава. А на Дудзінку ў той час ніхто надта не глядзеў. Яна так і заставалася пасёлкам рыбакоў і паляўнічых аж да 1937 года.

Яна патрошкі пайшла абуджацца яшчэ з лета 1935 года, калі пачаліся работы па пракладцы вузкакалейнай чыгункі ў напрамку Нарыльска, дзе геолагамі былі знойдзены багатыя радовішчы руд каляровых металаў, а таксама каменнага вугалю. Два гады ішлі падрыхтоўчыя работы. А з лета 1937 года туды штодня пачалі паступаць грузы як рачным, так і марскім шляхам, а таксама і рабочая сіла — зняволеныя. Звычайнай рачной прыстані ўжо не пад сілу было справіцца з такой нагрузкай. А таму само жыццё падказвала, што яна павінна стаць марскім портам.

Разам з вялікімі суднамі туды прыбывалі і партальныя краны для разгрузкі тых тавараў, якія былі не па сіле чалавеку з голымі рукамі. А каб гэтыя грузы хутчэй траплялі на месца прызначэння, хуткімі тэмпамі пракладвалі вузкакалейку на адлегласці 120 кіламетраў — Дудзінка — Нарыльск — Валёк. Спачатку грузы часткова перапраўляліся на самалётах да аэрапорта Валёк, адкуль іх на машынах-цягачах, на аленях і на сабаках дастаўлялі на будаўнічыя пляцоўкі будучага Нарыльскага горна-металургічнага камбіната. А калі была пракладзена ветка гэтай вузкакалейкі Валёк — Нарыльск, — ужо на цягніку.