Выбрать главу

— Евангелістаў, добры чалавек.

— Дык вы, значыць, сектант?

— Евангеліст, — паправіў яго Адамсан.

— Скажыце, калі ласка, Кальва, за што вас, святога чалавека, прывялі ў гэтыя апартаменты? — умяшаўся Міхась Асцёрскі.— Няхай мы, звычайныя людзі, маглі і награшыць, а вы ж заўсёды знаходзіцеся пад наглядам бога. Як жа гэта здарылася?

— Так богу захацелася, ён усё бачыць, і яму ўсё зразумела, — спакойна і ўпэўнена адказаў Адамсан.

— Няхай сабе богу і зразумела, а вам?

— Мне таксама. Так богу патрэбна.

— Ну, добра. Вось заўтра-паслязаўтра пачнуць вас мучыць допытамі, здзекавацца з вас… А ваш абаронца бог будзе глядзець абыякава ці рызыкне абараняць вас?

— Калі будуць мучыць, значыць, так усявышняму патрэбна. Ён сам, без нашай дапамогі і рассудзіць. Усё зробіць так, як трэба.

— Дарагі Адамсан, — умяшаўся Красноў,— вось вам, напрыклад, прапануюць падпісаць паперу, у якой напісана, што вы ўзначальвалі банду палітычных галаварэзаў, якая рыхтавала забойства членаў Палітбюро і збіралася ўзарваць Крэмль. А гэта значыць, што вам пагражае кара смерцю. Вы падпішаце яе?

— Падпішу, таму што гэта будзе ўзгоднена з самім госпадам богам.

— І не пабаіцёся смерці?

— Не, не пабаюся. Я буду жыць і там, на тым свеце, у раі. Так угодна будзе богу. А таму і не баюся…

— Смелы вы чалавек, але неразумны! — не стрымаўся качагар Карчоў.

— Не ў вас мне розуму пазычаць, мілы чалавек, а ў нашага адзінага бацькі — Бога.

Адамсан ні на кога не крыўдаваў за калючыя і нават балючыя пытанні. Ён з усімі быў добры і памяркоўны. Усім дараваў, хто яго свядома ці несвядома крыўдзіў. Яго ніколі нельга было ўбачыць узбуджаным, сярдзітым ці нястрыманым. Гаварыў ён спакойна і разважліва. Быў добры і гатовы падзяліцца апошнім кавалкам хлеба. Без працы не мог быць ні адной мінуты. Вядома, у турме, асабліва следчай, няма ніякага занятку. Але ён знаходзіў яго і тут: то з хлеба ляпіў фігуркі, то з паперы што-небудзь вырабляў, то дзяліў кожную запалку на колькі частак, то аглядаў сваю вопратку, нешта ў ёй калупаўся. Па колькі разоў на адным дні ён станавіўся тварам да сцяны ці да кутка і доўга маліўся.

— Таварыш Адамсан, — аднойчы звярнуўся да яго Міхась, — калі, не дай бог, пачнецца вайна, вы возьмеце ў рукі зброю, будзеце ваяваць?

— Калі скажа бог, буду ваяваць.

— А як жа вы даведаецеся аб божай волі?

— Я адчую гэта сэрцам.

— А калі не адчуеце?

— Тады не буду.

— Значыць, абараняць Радзіму вы не збіраецеся?

— Я і сам яшчэ не ведаю, якая будзе воля ўсявышняга.

Патомак батыя

Ды нечакана ўпіхнулі ў камеру адразу двух чалавек: бухгалтара з завода імя Леніна Антона Паўлавіча Смоліча і грузчыка з Гасцінага двара Мустафу Абульханавіча Абульханава. Смоліч нічым не вызначаўся, калі не лічыць таго, што насіў кароткія, акуратна падстрыжаныя чорныя вусікі. Сам жа быў выхадзец з Украіны. Уся яго віна заключалася ў тым, што ён звязаў свой лёс з каталічкай, праз якую «меў сувязь з Пілсудскім і яго хеўрай», як сцвярджаў следчы. Нейкі час ён знаходзіўся ва ўнутранай турме — «Шпалерцы», куды змяшчалі самых «небяспечных злачынцаў»: адказных партыйных і савецкіх работнікаў, на якіх былі падазрэнні і даносы іх жа саслужыўцаў. І вось калі там разабраліся, што ён, Смоліч, — «дробная сошка», перавялі ў агульна-масавую, палітычную турму «Крыжы».

Затое грузчык Абульханаў — вельмі цікавы чалавек, ён заслугоўвае асаблівай увагі. Не паспеў ён увайсці ў камеру, як сам, без чыёй-небудзь прапановы, назваўся ўсім прысутным у камеры:

— Абульханаў Мустафа Абульханавіч, татарын, патомак хана Батыя, грузчык Гасцінага двара, пражыў на свеце сорак два гады і мяркую пражыць яшчэ два разы па столькі. Жанаты, маю сямёра дзяцей. Рост сярэдні — 170 сантыметраў, вага 90 кілаграмаў. Вось вам усе мае анкетныя даныя. Калі што адпусціў па неабачлівасці, пытайцеся — я адкажу на ўсе вашы пытанні.

Пасля гэтых слоў ён кожнаму са зняволеных падаў руку — паздароўкаўся. Потым дастаў з торбы ўвесь правіянт і спытаў:

— Хто тут стараста?

— Пакуль што такога няма, — падаў голас пастух Калелайнен.

— Тады трэба выбраць — і неадкладна.

— Абульханава, — прапанаваў тут жа Карчоў.

— Не, людзі добрыя, мяне рана выбіраць, я навічок. Выбіраць трэба таго, хто тут найболей сядзіць у гэтай камеры, і, канечне, аўтарытэтнага чалавека.

— Асцёрскага, — прапанаваў былы ваенрук Красноў.— Ён першы пасяліўся ў гэтай «кватэры». Ну як, згодны?

— Згодны, — пачуліся галасы.