— Прагаласуем… Аднагалосна.
— Дык вось, таварыш стараста, бярыце гэтыя прадукты і падзяліце іх паміж усімі членамі нашай так званай камуны. Асабіста мне пакідайце такую самую долю, як і ўсім іншым, — сказаў сур’ёзна Абульханаў.
Так Абульханаў прынёс новы, свежы вецер у жыццё камеры 889. Адкрылася новая старонка ў жыцці зняволеных, якім пачынала здраджваць іх воля, канчалася цярпенне.
Гэты смуглявы, каржакаваты і мускулісты чалавек ніколі, ні пры якіх абставінах не падаў духам і не дазваляў гэтага рабіць іншым. Пры ім ніхто ніколі не сумаваў. Калі, здаралася, часам убачыць каго-небудзь сумным, падыдзе да яго са словамі жарту і скажа:
— Хвядос, чаго павесіў нос? Ну, асудзяць, ну і што з гэтага? Не мы першыя, не мы апошнія. Пашлюць, напрыклад, у Сібір, а там, як і тут, у Ленінградзе ці ў іншых мясцінах, так жа сонейка свеціць і праца ёсць. Толькі да чаркі радзей будзем прыкладвацца, вось і ўсё. А хлеб і да хлеба, калі будзем працаваць, і там будзе. Усё яно з часам ператрэцца, перамелецца, і мы зноў вернемся да сваіх жонак і дзяцей.
А калі хто пачне ныць і паўтараць два балючыя словы «За што?» — ён удумліва скажа:
— Не псуй нервы ні сабе, ні суседзям. Мы з табою хто? Мурашкі. А вунь паглядзі-тка, якіх акул ловяць — маршалаў, генералаў, наркомаў, работнікаў ЦК. Так што мы не адзінокія ў гэтых адносінах. Ды нас жа і выпусцяць хутчэй за іх. Вось толькі даведаецца пра ўсё гэта таварыш Сталін, ён пакажа гэтым самавольнікам, дзе ракі зімуюць! Дастанецца і гэтаму выскачку Яжову! Ён усім ім дасць раскрутку!
Тут трэба дадаць, што Абульханаў у турму трапіў другі раз. Першы раз пасадзілі яго за краты ў студзені 1930 года як падкулачніка, за тое, што абараняў раскулачанага суседа, даказваў, што з ім несправядліва абышліся. Мала таго, ён гаварыў, што так рабіць могуць толькі шкоднікі. І вось за «абразу і паклёп на дзяржаўных прадстаўнікоў» яго і пасадзілі. Але, не дачакаўшы суда, праз тры месяцы яго вызвалілі. А дапамог гэтаму артыкул Сталіна «Головокружение от успехов», апублікаваны ў «Праўдзе» ў сакавіку 1930 года. Да першага арышту Абульханаў жыў у вёсцы Арзы Татарскай АССР. Як і яго бацькі і ўсе сваякі, працаваў на сельскай гаспадарцы. Пасля вызвалення з турмы ён развітаўся з родным домам і роднымі мясцінамі і паехаў да знаёмых у Ленінград. Спачатку жыў адзін, а калі падшукаў належную кватэру, прывёз туды і сям’ю. З першага і да апошняга дня працаваў грузчыкам гандлёвай сеткі Гасцінага двара.
І вось цяпер, праз сем гадоў, пра яго ўспомнілі і пасадзілі за краты ў «Крыжах». Але ён упэўнены, што як толькі Сталін даведаецца пра такія беззаконні, яго адразу ж зноў выпусцяць. Верыў гэтаму і запэўніваў іншых, не ведаючы таго, што 37-ы год — гэта не 30-ы.
Пакуль Абульханаў знаходзіўся паміж вязняў камеры 889, тут панаваў дух бадзёрасці і надзеі. Кожны спадзяваўся на сваё хуткае вызваленне і наогул на выратаванне невінаватых, а таксама на пакаранне гвалтаўнікоў «справядлівай рукой таварыша Сталіна» і яго верных сяброў — Молатава, Варашылава, Кагановіча, Малянкова, пакуль нейкі нягоднік не зрабіў на яго данос. Але пра гэта ніжэй.
Дзям’ян Бедны і запалкі
Недзе ў канцы жніўня ў камеру прывялі яшчэ аднаго насельніка — слесара Іжорскага машынабудаўнічага завода. Гэта быў зусім яшчэ малады хлопец — гадоў 25, які да турмы не паспеў нават ажаніцца. Жыў з бацькамі, якія таксама працавалі на тым жа заводзе.
— Як гэта табе, такому маладому, давялося сюды патрапіць? — спытаў у яго Красноў.
— Я, браток, і сам здзіўляюся, як я мог сюды трапіць.
— Няўжо і не сказалі за што?
— Чаму не сказалі? Сказалі! За тое, што мы сваёй брыгадай сапсавалі першы савецкі блюмінг, які так патрэбны быў нашай айчыннай металургічнай прамысловасці. За гэта пасадзілі не толькі мяне, а і ўсю брыгаду на чале з брыгадзірам.
— Дык як жа гэта так здарылася?
— А д’ябал яго ведае! Хто не працуе, той не памыляецца. А тут яшчэ такая навінка, якую да гэтага мы нават у вочы не бачылі.
— Ну, і як на гэта паглядзелі «блюсціцелі савецкіх законаў»? Як вашу памылку яны ацэньваюць?
— Кажуць, што мы гэта наўмысна зрабілі, з мэтай шкодніцтва. Кажуць, што мы — паслядоўнікі Рамзіна і што за гэта нас будуць караць па ўсёй строгасці савецкіх законаў.
— Дзе гэта вам так сказалі?
— У Колпінскім аддзяленні энкавэдэ. А што тут скажуць, не ведаю.
— Вядома, па галоўцы не пагладзяць, — азваўся Абульханаў.
— Я і сам так думаю, — сказаў слесар.
Звалі навічка Віталем Громавым. Ён быў рухавым і гаваркім чалавекам, таварыскім па натуры. Яшчэ ў Колпіне атрымаў ад бацькоў неблагую перадачу, з якой і прыбыў у «Крыжы». І вось, зайшоўшы ў камеру, адразу ж развязаў свой клунак і пачаў частаваць новых сяброў па няшчасці.