Выбрать главу

Усе свае харчовыя запасы ён адразу ж перадаў старасту камеры. Курэнне і запалкі — таксама.

— Таварыш матрос, вы, пэўна, нейкую акулу пакрыўдзілі, што трапілі сюды, да нас? — жартуючы, спытаўся ў яго Міхась.

— Ні кітоў, ні акул мы не лавілі. Больш селядцы ды траску, — не зразумеўшы жарту, адказаў Мітрафанаў.

— А ў чым, прабачце, вас абвінавачваюць?

— Кажуць, што шпіёніў, знаходзячыся за межамі Радзімы са сваім траўлерам.

— А была такая справа? — шуткаваў Міхась, гледзячы ў твар былому бясхітраснаму матросу.

— Навошта вы здзекуецеся з мяне? — пакрыўдзіўся Мітрафанаў.— Вы ж бачыце, што я не здольны на такія сабачыя справы.

— Вы даруйце мне, таварыш Мітрафанаў, за такі жарт, я гэта так, каб унесці нейкую разрадку для свайго калектыву ў гэтым «санаторыі».

— Ну нічога, я на вас не крыўдую, — адказаў Мітрафанаў.— На вашым месцы я рабіў бы тое ж самае.

— Што ж, тады распранайцеся і ўладкоўвайцеся, як вам зручней будзе, — спагадліва прапанаваў Міхась навічку.

— Цеснавата ў вас, хлопцы, — пасмялеўшы, спрабаваў шуткаваць новы жыхар.

— У цеснаце, ды не ў крыўдзе, — на жарт адказаў жартам Міхась навічку. — Вось мяркуем падаць заяву ў ЖАКТ, можа, там улічаць нашу просьбу і пашыраць жылплошчу.

Усе засмяяліся.

З прыходам Мітрафанава пачаліся выклікі на допыты, а разам з імі і катаванні. Ужо ў наступныя суткі пасля яго прыходу павялі ў кабінет следчага пастуха Калелайнена. Гэта была першая ластаўка, а праўдзівей — першая ахвяра. Як правіла, допыты праводзіліся ноччу — з дванаццаці гадзін да шасці гадзін раніцы. Днём жа адпачывалі і каты, і пакутнікі. Праўда, апошнім такая раскоша не заўсёды выпадала. Пасля кашмарнай ночы тыя, што маглі, часцей за ўсё стаялі ў калідоры тварам да сцяны, за якой размяшчаліся кабінеты следчых.

Калелайнена ўзялі ў дзве гадзіны ночы, а ў камеру прывялі ў пяць гадзін раніцы. І не прывялі, а прывалаклі, як быццам які мяшок, набіты сенам. Учарашні жвавы, здаровы чалавек цяпер паходзіў на труп. Ён быў увесь у сіняках і ў крывавых ранах.

Міхась як стараста камеры распарадзіўся вызваліць адзіны дашчаны шчыток, на якім сам пачынаў тут жыццё, і пакласці на яго небараку. Потым намачыў ручнік і з дапамогай сяброў па камеры — Краснова і Адамса — прамыў крывавыя раны чалавеку.

Толькі недзе гадзін у шэсць вечара ён упершыню адкрыў вочы і прамовіў: «Піць…» Вязні падалі яму гліняную конаўку, напоўненую астылым чаем з рэдкаю заваркай — яго дзённаю порцыяй, і ён выпіў яе да дна. Ніхто нічога не пытаўся, бо і так было відаць, хто і за што «частаваў» яго. Усе маўчалі. Але хутка гэту нядобрую цішыню парушыў матрос Мітрафанаў:

— Трэба ж было дазволіць, каб з такога маладога, здаровага і дужага чалавека здзекаваліся гэтыя вырадкі.

— У гэтых сценах і пры такіх абставінах такое можа здарыцца з кожным, у тым ліку і з табою, матрос, — адказаў былы ваенрук Красноў.

— Са мной?! — ускіпеў Мітрафанаў.— Ды я іх разнясу разам з гэтымі сценамі! Вы яшчэ мяне не ведаеце, дарагі таварышок!

— Мітрафанаў,— умяшаўся Міхась, — леў і тыгр дужэйшыя за цябе, але і яны трапляюць у клетку і ў цырку робяць усё тое, што ім загадаюць. І з жыццём развітваюцца, калі перастаюць слухаць сваіх гаспадароў і падпарадкоўвацца ім.

— Я — не леў і не тыгр, а матрос Мітрафанаў, які заўсёды можа пастаяць за сябе.

— Ну што ж, пажывём — убачым, хто на што здатны. Як кажуць, дай божа ўдачы. Можа, ты і правучыш гэтых катаў.

Роўна праз суткі ўспомнілі і пра Мітрафанава. У дванаццаць гадзін ночы па яго прыйшлі ў камеру два канваіры ў блакітных фуражках з трохлінейкамі цераз плячо. Ён усміхнуўся, памахаў рукою сябрам па камеры і знік за жалезнымі дзвярамі.

Ён вярнуўся толькі ў шэсць гадзін раніцы, але як! Туды яго вялі два канваіры-ахоўнікі, а адтуль неслі на руках ужо чатыры, таму што для двух цяжар быў не пад сілу. Цяпер дашчаны шчыток быў вызвалены для яго. Суткі ляжаў матрос нерухома. Нават і тады, калі ўжо апрытомнеў, доўга нічога не гаварыў. Ды і з насельнікаў камеры ніхто не турбаваў яго. Хоць ён і не прасіў, але яму падалі вады, і ён без слоў узяў дрыготкімі рукамі поўную конаўку і залпам выпіў.

Калі ж стала бачна, што матрос трохі ачуняў, Міхась падышоў да яго ложа і спытаў:

— Ну што, Мітрафанаў, не па-твойму выйшла?

На пытанне Асцёрскага Мітрафанаў не азваўся, толькі павярнуўся да сцяны і гучна заплакаў. Што ён думаў, аднаму богу было вядома.

Не паспеў матрос добра ачуняць, як у наступную ноч яго зноў павялі на допыт. Гэтым разам ён вярнуўся хутка, праз якую гадзіну, і ўжо без дапамогі канваіраў-ахоўнікаў, сваім ходам.