— Што так хутка? — спыталі сябры па камеры.
— Ат, што мне з імі там рабіць? — адказаў ён, ухіляючыся ад прамога адказу.
— Раскалоўся?
Раскалоўся — гэта значыць прызнаўся.
— Раскалоўся, — неахвотна адказаў ён. — Усё роўна ім не дакажаш, што белае — гэта не чорнае, а чорнае — не белае.
Услед за Мітрафанавым зноў павялі на допыт і пакуты Калелайнена, аднак і ён доўга там не затрымаўся і на сваіх нагах вярнуўся ў камеру. Ён таксама падпісаў на сябе пратакол, таксама «раскалоўся». Цяпер ужо яго абвінавачвалі не толькі ў агітацыі супраць савецкай улады, а яшчэ і ў шпіянажы на карысць Фінляндыі.
Наступнай ахвярай быў «божы чалавек» Адамс. Гэты з першага разу прыняў на сябе грэх: што сказалі, тое і падпісаў. Новы «вораг народа» «працаваў» ужо на буржуазную Эстонію.
Так на працягу трох сутак камера 889 прынесла тры ахвяры. Але галоўнае было яшчэ наперадзе.
Правакатар
Здавалася б, хопіць, ды не: у камеру, якая была разлічана на адзіночнікаў, упіхнулі яшчэ аднаго, дзесятага чалавека. Ён аказаўся самым вясёлым і кампанейскім з усіх насельнікаў гэтай мышалоўкі-пасткі. Яшчэ не паспелі сціхнуць за ім дзвярныя замкі-запоры, як ён з вясёлай усмешкай на твары да ўсіх і да нікога асабіста загаварыў:
— Шчокін Міхаіл Міхайлавіч, былы загадчык Смольнінскага райана горада на Няве, а цяпер — ахвяра часу і памагатых Яжова.
Ён быў сярэдняга росту, а таксама і веку — меў пад сорак гадоў, з тварам зарослым чорнай шчацінай, праз якую, як светлячкі, блішчэлі яго зыркія і ў той жа час пільныя вочы. Быў ён ненатуральна гаваркі.
— Хто тут у вас за старшага? Хачу ўручыць яму ўсе мае багацці: сухары, масла, цукар, папяросы, запалкі,— звярнуўся ён да прысутных. І калі паказалі на Міхася, ён адразу ж перадаў яму ўсё, што прынёс з сабою ў камеру.
— Гэта вось перадала мне жонка перад адпраўкай сюды са «Шпалеркі», унутранай турмы пры Ленінградскім аддзяленні НКВД. Тут увесь мой скарб, — гаварыў ён неяк па-свойску.
— А вы ўжо і «Шпалеркі» адведалі? — спытаў у яго Красноў. — А я трапіў сюды з ваеннай.
— Адведаў і таго «раю», — адказаў ён, уздыхаючы.
— Ну, як і чым вас там «частавалі»? — зноў спытаў Красноў.
— Ды, пэўна, тым жа, чым і вас там, на Загарадным, у ваеннай. Ратуй мяне, божа, ад такой «гасціннасці».
Праз якую гадзіну Шчокін з усімі насельнікамі камеры перайшоў на «ты» — стаў сваім чалавекам. Для кожнага ў яго знаходзіліся словы спагады. Але асаблівую зацікаўленасць выклікалі ў яго трое: Асцёрскі, Красноў і Смоліч. Двое былі звязаны са школай, а трэці — з бухгалтарскім улікам. Акрамя гэтага, Міхась Асцёрскі меў адносіны і да мастацкай літаратуры. Шчокін уюном віўся каля гэтых ахвяр.
Акрамя Краснова, яго ніхто не раскусіў. Усе захапляліся яго кемлівасцю, знаходлівасцю і аптымізмам, яго эрудыцыяй, таварыскасцю, а таксама шчырасцю. Словам, гэта была фігура, перад якой ніхто не мог застацца спакойным і абыякавым. Кожны хацеў трапіць яму ў лад. Пра што ён толькі не гаварыў, якія толькі тэмы не закранаў! Гаварыў аб усім, але не разганяўся. Больш вымушаў гаварыць сваіх субяседнікаў, асабліва на палітычныя тэмы і пра парадкі ў турме.
— Скажыце, — пытаўся ён, — б’юць у турме на допытах, здзекуюцца над невінаватымі?
— Бывае, — адказваў за ўсіх бухгалтар Смоліч. — З нашай камеры двум ужо косці «паправілі».
— А ў «Шпалерцы» проста лютуюць, да смерці забіваюць тых, хто не паддаецца на вудачку следчых, — гаварыў Шчокін. — Начныя крыкі катаў і іх ахвяр спаць нікому не даюць.
— У нас тут таксама не лепш за «Шпалерку», — адазваўся Міхась, — таксама па начах дзікія оргіі.
— Дык і тут ёсць майстры кулачнай справы?
— А дзе ж іх няма ў наш трывожны час?
Апошнія словы Міхася спадабаліся Шчокіну, а вось Краснова насцярожылі.
— Э, ці мала што бывае? — сказаў ён. — Допыт ёсць допыт. Гэта не экзамены ў школе і не частаванне ў кафэ. Па-добраму тут нічога не даб’ешся, — сказаў ён, гледзячы дапытліва ў вочы Шчокіну.
— А мяне, браткі, у «Шпалерцы» ледзь да смерці не забілі. Не ведаю, як толькі застаўся жывы, — скардзіўся на лёс і на парадкі ў турме Шчокін.
— А як жа ты выбраўся з тых клешчаў і трапіў сюды, у гэты «рай»? — не адставаў ад яго Красноў.
— А так. Паглядзелі, што я дробная рыбка, і спусцілі на прыступку ніжэй, у «Крыжы», да вас, значыць.
— Дык што, там яшчэ большыя за цябе рыбы знаходзяцца? — пацікавіўся Міхась.