Выбрать главу

Але дарэмнымі былі намаганні Міхася. Яна заплакала яшчэ гучней і пачала рваць на сабе валасы. Потым абхапіла мужа за шыю і на ўвесь голас закрычала:

— Не пушчу! Звяругі, што вы з намі робіце?! За што вы нас разлучаеце?!

— Супакойце жонку! — цяпер ужо сталі крычаць энкавэдысты. — Інакш мы будзем прымаць свае меры.

Крык Таісы і канваіраў разбудзіў усіх жыльцоў вялікай камунальнай кватэры. Людзі ў адной бялізне павыскоквалі са сваіх пакояў. Жанчыны пачалі супакойваць Таісу, а мужчыны глядзелі на такое відовішча насцярожана. Домакіраўнік, бачачы ўсю складанасць сітуацыі, непрыкметна знік за дзвярыма. Суседзі ўгаворвалі Таісу, раілі ёй не нервавацца дзеля будучага дзіцяці. Прасіў яе аб гэтым і Міхась. І калі яна трошкі супакоілася, канваіры ўзялі пад рукі Міхася і хуценька вывелі яго на лесвіцу.

— Так і засталася забітая горам маладая жанчына адна са сваёй горкай доляю.

— …Яны ішлі ўтрох жнівеньскай цёплай ноччу, якую змяняў ужо золак. Спачатку крочылі па Ліцейным праспекце, а як толькі перасеклі Няву і апынуліся на Выбаргскай старане, адразу ж павярнулі направа і працягвалі свой шлях па набярэжнай ракі. Ідучы, яны міжвольна натыкаліся на закаханыя пары, якія за ноч яшчэ не паспелі нацалавацца.

— Цьфу, бессаромнікі! На вачах распуснічаюць, — не сцярпеў малодшы канваір.

— А табе зайздросна? — спытаў у яго начальнік і рассмяяўся.

— Не магу глядзець, — працягваў той абурацца.

— Адвярніся, калі не можаш, — параіў яму начальнік.

Міхась змоўчаў, а сам сабе падумаў, што такое яму больш няхутка давядзецца ўбачыць.

Недзе прыблізна ў пяць гадзін раніцы яны былі на месцы — у турме, якая двума сваімі «крыжамі» ўпісалася ў гарадскі ландшафт. Пазванілі, і магутныя жалезныя дзверы адчыніліся. Хоць там ужо і ведалі, хто ідзе (ім папярэдне пазванілі), але для парадку праверылі дакументы і пропускі.

Сама працэдура перадачы цягнулася нядоўга. Адны здалі, другія прынялі новага «госця». Праверылі ўсе аформленыя канваірамі дакументы, распісаліся адны і другія і, як кажуць, — будзь здароў.

Канваіры пайшлі адсыпацца, а новыя Міхасёвы гаспадары доўга не чыкаліся і многа не гаварылі. Пачаўся допыт.

— Прозвішча, імя і імя па бацьку? — спытаў турэмшчык.

— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч.

— Год нараджэння?

— 1911.

— Сямейнае становішча?

— Жанаты.

— Прозвішча, імя і імя па бацьку жонкі?

— Асцёрская Таіса Максімаўна.

— Хто яшчэ з членаў сям’і ёсць?

— Пакуль што больш няма нікога.

— Цяпер давай твой палец.

— Навошта?

— Гэта не твая справа! Палец! Вось гэты, вялікі.

Міхась не паспеў апамятацца, як турэмшчык абедзвюма рукамі ўхапіўся за яго палец, прыклаў яго да нейкай чорнай, мазутнай дошкі, пасля перавёў яго на паперу і прыціснуў некалькі разоў. Потым тое ж самае зрабіў і з іншымі пальцамі.

— Адвесці яго ў камеру 889, — загадаў ён узброенаму вартавому.

Пастка

Камера 889 знаходзілася на чацвёртым паверсе трэцяга рукава другога корпуса-крыжа. Яна, як і сотні іншых камер вялізнай турмы, была разлічана на зняволеных-адзіночнікаў. Так яно ў розныя часы і было. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў «Крыжах» адбывалі тэрміны вязні па палітычных матывах. Першых палітычных зняволеных камеры турмы прынялі пасля рэвалюцыйных падзей 1905–1907 гадоў. Якраз тады і ўступіла ў строй яе першая частка. Другая (другі крыж) была закончана і здадзена ў «эксплуатацыю» аж у 1917 годзе — перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй.

Уся турма складаецца з двух карпусоў, ці крыжоў, якія па праекту архітэктара павінны былі налічваць роўна 1000 камер. Але ходзіць легенда, што ў часе будаўніцтва інжынер памыліўся — аблічыўся на адну камеру: замест запланаваных 1000 камер атрымалася 999. Такой памылкі і ганьбы, звязанай з ёю, інжынер не перанёс, павесіўся. Канечне, легенда ёсць легенда, і верыць ёй не заўсёды можна.

У савецкі час — аж да 1937 года «Крыжы» былі агульнай турмой, у якой знаходзіліся крымінальныя злачынцы розных катэгорый. А з крутога 1937-га яна змяніла свой профіль — стала масава-палітычнай. Яна пачала прымаць у свае сцены «буйных дзяржаўных злачынцаў», ці «ворагаў народа». Яе «гасціннасць» зведалі такія партыйныя і савецкія дзеячы, як другі сакратар Ленінградскага абкома Чудаў, старшыня аблвыканкома Струпэ, старшыня Ленсавета Кадацкі, рэктар Ленінградскага універсітэта Лазуркін і яго жонка Лазуркіна, відны партыйны дзеяч, пасля — рэктар таго ж універсітэта Вазнясенскі і сакратары абкома Кузняцоў і Папкоў. Некаторы час «гасцявалі» ў ёй авіяканструктар Тупалеў і ракетчык Каралёў.