Выбрать главу

Міхась змоўчаў. Ён сам сабе толькі падумаў: «Ці ж у гэтай тайзе-тундры, дзе пануюць драпежнікі, даб’ешся чаго-небудзь? Тут хутчэй галаву страціш, чым праўду знойдзеш. Трэба чакаць лепшага часу. Не можа быць, каб я надоўга тут засеў. На допытах і ў карцэры было цяжэй, і то выжыў. Выжыву і тут. Вечнага нічога не бывае. Буду спадзявацца на перамену».

Палягчэнне, але для каго?

Міхась не памыліўся ў сваім прадчуванні. Праз колькі дзён пасля таго выпадку ў барак зайшоў нарадчык са спісам і пачаў выклікаць аднаго за другім членаў брыгады. У спісе былі прозвішчы каля трох дзесяткаў чалавек, у тым ліку і Міхасёва. Усім выкліканым прапанавалі забраць свае ўласныя рэчы, пасля чаго іх паставілі ў калону па два чалавекі і пагналі амаль у тым жа напрамку, адкуль іх гналі сюды, на трэцюю штрафную. А пераганялі іх у новую калону таго ж самага аддзялення, непадалёку ад першага прыпынку — вёскі Білютай. У трэцяй штрафной зноў пакінулі толькі сапраўдных штрафнікоў. І ў далейшым туды заганялі самых адпетых блатнякоў і сімулянтаў.

Тут Міхасю зноў пашанцавала: разам з ім туды трапіў і Мікола Канеўскі, з якім яны па-ранейшаму размясціліся на адных нарах (сырых сасновых круглячках), як самыя блізкія сябры. Спалі побач, бок да боку, і елі з аднаго кацялка, як раней з Уладзіміравым.

Праўда, жулля і тут хапала, але яго было менш і не такое драпежнае, як на трэцяй штрафной. Работа тая ж самая — адсыпка чыгуначнага палатна, але затое пайка і баланда былі большыя. Бо тут ужо выпрацоўка запісвалася цалкам таму, хто над ёю пацеў. Ды і жуллё ў бараку не хадзіла па галовах. Хоць і прыблізная, але ўсё ж такі была нейкая дысцыпліна. Толькі вось дрэнна было з адзеннем і абуткам: амаль нічога нікому не давалі. Няхай сабе прыйшла і вясна, якая прынесла на сваіх крылах цеплыню, ды цела патрабавала адзення, а ногі — абутку. Але ніхто пра гэта не клапаціўся. Вопратка на плячах пагніла, абутак разваліўся. Даводзілася на голае цела апранаць куртку, а на работу хадзіць басанож. Ботаў нікому з рабацяг не давалі. Калі каго і абувалі, дык у лапці, сплеценыя самімі зняволенымі. Ды і то іх атрымлівалі толькі тыя, хто перавыконваў непасільныя нормы — «стаханаўцы». Усе астатнія хадзілі па камяністай трасе і працавалі босымі. У добрае надвор’е яшчэ туды-сюды, а вось у дождж з ветрам — хоць у пятлю лезь ці кідайся ў вір галавою.

Дарэчы, у адзін з такіх дзён Міхась і напраўду ледзь не кінуўся ў вір паўнаводнай і быстрай Селенгі. А было гэта вясною, у красавіку, калі рака не цалкам увайшла ў берагі. На Міхася найшла такая часіна, што ён раптам вырашыў пазбавіць сябе ад усіх пакут. «Чымся так жыць, лепш развітацца з жыццём», — падумаў ён, гледзячы на пеністыя хвалі неспакойнай ракі. Ён рашуча накіраваўся да высокага, скалістага берага, скінуў з сябе парваны бушлат і шапку, не ведаючы навошта, і толькі хацеў сказаць некалькі развітальных слоў жыццю, як побач з ім пачуўся трывожны голас:

— Міхась, што ты надумаў?!

Міхась уздрыгнуў, павярнуўся і ўбачыў перад сабою Міколу Канеўскага.

— Браток, што з табою? Што ты надумаў рабіць? Родненькі, не трэба! — дрыготкім голасам і са слязьмі на вачах гаварыў Міхасю яго сябар.

Міхась нічога не адказаў, а толькі наўзрыд горка заплакаў.

— Пойдзем, дружа, адгэтуль, ад рагатага д’ябла, які хацеў спіхнуць цябе ў гэтую каламуць, — сказаў Канеўскі, выціраючы заплаканыя вочы.

Пасля таго выпадку Канеўскі ніколі не пакідаў Міхася аднаго ля ракі: а што, калі яму зноў стукне ў галаву благое?

Здавалася б, з прыходам вясны, якая несла цеплыню, павінна прыйсці здароўе і бадзёры настрой. Але ўсё адбывалася наадварот. Разам з вясной прыйшлі і розныя хваробы: грып, цынга, курыная слепата і асабліва дызентэрыя, якая, падобна чуме, пачала касіць нявольнікаў — выбіваць іх з жыцця цэлымі пачкамі. Аднаго за адным кожны дзень адпраўлялі іх у лагерны лазарэт, дзе яны пасля страшных пакут «перасяляліся» на могілкі гэтага ж лазарэта. З лазарэта з такою хваробай амаль ніхто не вяртаўся жывым. А кожны хворы стараўся перахітрыць медыкаў, каб не трапіць у такі «рай». Людзі паміралі дзесяткамі і нават сотнямі, але аб іх смерці чамусьці было забаронена паведамляць іх родным і блізкім. Калі і даходзілі такія звесткі да сем’яў нябожчыкаў, дык гэта толькі патаемна, праз іх сяброў.

Неяк раз страшная хвароба напала была і на Міхася Асцёрскага, і ён трое сутак хаваўся з ёю ад лагернага начальства. А перад лекпомам давялося адкупляцца: ён аддаў яму адзіную сваю куртку, якая да гэтага заўсёды выратоўвала яго ад холаду. Добра, што лекпом сам быў зэкам. Ён ставіў Міхасю фіктыўныя дыягназы, каб толькі было за што вызваляць яго, хворага, ад работы.