Выбрать главу

— Сябры, хто з вас умее плесці лапці? — звярнуўся да сваіх рабацяг брыгадзір Гайсёнак.

— Я, — доўга не думаючы, сказаў Міхась.

Разам з ім азваліся яшчэ два чалавекі, якія, як і Асцёрскі, нарадзіліся і раслі ў вёсцы.

— А навошта вам гэта? — спытаў у сваю чаргу Міхась.

— У нашай калоне, — пачаў той спакойна і па-дзелавому, — адкрываецца майстэрня па вырабе лапцей. Не толькі нам, але, відаць, і начальству абрыдла бачыць нас босымі і са знявечанымі нагамі.

— Ну, і што далей? — пачуўся голас аднаго з тых, што назваліся спецыялістамі па пляценні.

— А далей вось што. Я дакладу начальству, і вас, пэўна, возьмуць працаваць па гэтай прафесіі.

Так яно і атрымалася. У той жа дзень Міхася і яшчэ двух чалавек з брыгады паклікалі да памочніка начальніка па працы калоны нумар два і прапанавалі ім плесці з лыка лапці, пры гэтым пакуль што без нормы. Пасля ж была ўстаноўлена і норма — пяць пар на дзень. Норма ўстанаўлівалася на вока, бо такая прафесія ні ў якім нарматыўніку не значылася.

Каля месяца працаваў Міхась па гэтай рэдкай спецыяльнасці. Яго прадукцыя, як і іншых лапцяплётаў, ішла ў лік прэміі стаханаўцам. Усіх вязняў некалькі чалавек не паспявалі абуваць. Ды і лыка скончылася хутка. Тады было прапанавана драць лыка з лазы. Але з гэтага нічога не атрымалася. Пасля замест лыка ў майстэрню прывязлі корд — матэрыял са зношаных аўтапакрышак — і прапанавалі рабіць з яго нешта падобнае на чаравікі ці галошы. І былых лапцяплётаў ужо пачалі называць «сапожнікамі». Так цягнулася да асенне-зімовых халадоў. Пасля невядома адкуль прывезлі цэлую кучу старых ботаў і валёнак «сто першага тэрміну», і былая лапцюжная майстэрня стала майстэрняй па рамонту рознага абутку. А Міхасю тым часам знайшлі новую прафесію — ганчарную.

Усё адбылося неяк нечакана. У барак-палатку, дзе жыў Міхась, прайшоў памочнік начальніка па працы і спытаў:

— Хто з вас займаўся ганчарнай працай?

— А што такое ганчарная праца? — спытаў хтосьці.

— Карацей кажучы, хто можа рабіць гаршкі? — тлумачыў начальнік.

— Калісьці я разам з бацькам займаўся такою справай, — прызнаўся Міхась.

— Тады пойдзеш са мной, — прапанаваў памначальніка па працы.

— З рэчамі?

— Не, пакуль так, а там будзе відаць.

Міхася павялі ў кантору, дзе такіх, як ён, сядзела ўжо чалавек пяць.

— Вы ведаеце, што ў нас не хапае посуду. Ды і той, якім вы карыстаецеся, непрыгодны, — тлумачыў начальнік калоны. — Вось мы і вырашылі вырабляць яго з белай гліны, якая знайшлася непадалёку ад нас у кар’еры. Вам трэба будзе рабіць з яе гаршкі, міскі, талеркі, глякі, гладышы. Зразумела?

— Зразумець мы зразумелі, а вось як быць з кругамі-станкамі, на якіх мы павінны будзем працаваць, і з горнам для абпальвання вырабаў? — звярнуўся Міхась да начальніка.

— Кругі мы ўжо заказалі брыгадзе цесляроў, а горан адразу ж пачнем будаваць, як толькі арганізуем вашу ганчарню, — запэўніў шэф.

Так пачалася яшчэ адна старонка лагернага жыцця Міхася Асцёрскага. Яго як больш вопытнага ў гэтай справе прызначылі старшынёй гэтай арцелі, але «без адрыву ад вытворчасці». Адным словам, адказнасць двайная, а плата тая ж самая — 1100 грамаў хлеба і тры разы ў дзень баланды. Ён не стаў спрачацца, добра ведаючы, што яго нязгода нічога добрага не прынясе. Ніхто цябе не паслухае. А вось абразіць, пакараць можа кожны, хто толькі захоча. І ніхто цябе не пачуе, а тым больш не абароніць. Тут пануюць законы тайгі і тундры, дзе дужы паядае слабейшага. А двухногія драпежнікі куды больш злыя і бязлітасныя, чым чатырохногія.

Праз дзень пачалася праца ў ганчарні. Пакуль рыхтавалі кругі, уся арцель працавала ў кар’еры — нарыхтоўвала гліну. А калі «станкі» былі гатовы, гліну апрацоўвалі — мясілі і паўфабрыкатам дастаўлялі да рабочага месца кожнага ганчара. Уся арганізацыйная работа ўскладалася на Міхася як старшыню арцелі, які сам сядзеў за кругам.

Калі быў гатовы горан і выраблена першая партыя посуду, заставалася галоўнае — прапусціць посуд праз горан, абпаліць яго. Гэту справу ўзяў на сябе адзін з ветэранаў ганчароў — Якаў Хмель. Яму было ўжо пад пяцьдзесят год, сам ён паходзіў з беларускага Палесся. Міхась даверыў яму такую адказную справу, хоць і сам трохі разумеў у ёй.