Выбрать главу

Просьба яго была задаволена.

Калі ж сказаць шчыра, то Міхась хацеў вярнуцца ў калону нумар 1 таму, што на кухні там працаваў Міхась Стралкоў, з якім ён раней пасябраваў і які яго да лазарэта падкормліваў. Толькі на гэты раз Асцёрскі пралічыўся. Пакуль ён ляжаў у лазарэце і зарабляў сабе групу, ці катэгорыю, Стралкова перавялі на другую камандзіроўку — на 201 кіламетр, на будучую станцыю Джыда.

Брыгада дахадзягаў выконвала «лёгкія работы». Яна нарыхтоўвала друз для станцыйных пуцей і дзёран для замацавання насыпу і самога палатна чыгункі і яе адхонаў, а таксама кюветаў; укладвала гэты дзёран і рассыпала друз на станцыйных пуцях і раз’ездах. Яна выконвала і яшчэ шмат якія работы апрача земляных. Адным словам, людзі гэтыя былі вызвалены толькі ад земляных работ ды яшчэ пагрузкі лесу.

Узначаліць гэту брыгаду даручылі былому саўгаснаму бухгалтару з Растоўскай вобласці Міхаілу Чумакову — таксама дахадзягу. Міхаіл Пятровіч Чумакоў быў яшчэ маладым чалавекам — гадоў трыццаці. Па сваім целаскладзе ён выглядаў атлетам, як сапраўдны данскі казак. Але непасільная фізічная праца і сістэматычнае недаяданне прывялі яго да становішча дахадзягі. Трэба заўважыць, што да лагера ён вельмі мала займаўся фізічнай працай. Спачатку школа, потым курсы бухгалтарскага ўліку, а пасля і сама бухгалтарская праца. Так што ўвесь час да фізічнай працы ён меў дачыненне толькі калі-нікалі, і тое на сваім гародзе. Усё рабілі спачатку бацькі, а потым і жонка, з якой ён паспеў нажыць трое дзяцей — дзвюх дачок і аднаго сына. Ён дужа сумаваў па сям’і, якую вельмі любіў і пра якую неаднойчы расказваў, як пра нешта святое.

Міхась адразу пасябраваў з ім. Мо таму, што Чумакоў, нягледзячы на сваю бухгалтарскую прафесію, якую лічыў сумнай, вельмі любіў літаратуру, асабліва паэзію. Ён прызнаўся Міхасю, што час ад часу сам папісваў вершы.

— Каб не ўліп у гэтую няшчасную бухгалтэрыю, не звязаў свой лёс з абрыдлымі лічбамі, быў бы я паэтам, — прызнаваўся ён Міхасю, які да гэтага не адкрываўся яму ў сваёй сімпатыі і прыхільнасці да мастацкага слова.

— Дарэмна ты караеш сябе і абражаеш сваю цудоўную прафесію, — супакойваў яго Міхась. — Бо ў кожнай справе, у кожнай прафесіі, у тым ліку і бухгалтарскай, ёсць свая прыгажосць, свая паэзія. Дарэчы, можна працаваць з лічбамі і адначасова займацца літаратурнымі справамі,— працягваў ён. — Вось Антон Паўлавіч Чэхаў па прафесіі ўрач, а Гарын-Міхайлоўскі — інжынер, а якія яны пісьменнікі! Дай божа кожнаму. І вось другі прыклад. Наш беларускі паэт Альберт Паўловіч — бухгалтар, як і ты, а піша цудоўныя вершы.

— Дык гэта ж геніі, а я што — пасрэднасць.

— А ты ведаеш, што сказаў Гётэ? А вось што: «Геній — гэта цярпенне і праца».

— Чаго-чаго, а цярпення ў нас з табой хапае, — горка ўсміхнуўся Чумакоў.

Чумакоў быў памяркоўны і па-сяброўску шчыры. Ён ніколі не крывіў душой, за што яго і паважалі сябры па няшчасці.

Аднойчы Міхась спытаў у яго:

— Скажы, цёзка, за што цябе, чалавека мірнай прафесіі, схапілі і прывезлі на гэтую катаргу?

— Тое, за што мяне забрыталі і запраглі ў гэтыя непасільныя драбіны, выедзенага яйка не варта, — пачаў Чумакоў.— Неяк мне захацелася паарыгінальнічаць, і я купіў сабе піпку, падобную на тую, з якой не расставаўся Сталін. Вось хаджу па станцыі і дымлю. Людзі паглядзяць, усміхнуцца, і на гэтым годзе, як кажуць, канцы. Але не ўсе так аднесліся да маёй арыгінальнасці. Зайздроснікам маім было гэта не ў нос, — працягваў свой расказ Чумакоў.— І вось яны шукалі выпадку скампраметаваць мяне, дакладней — злавіць мяне і нешта прышыць. Вось адзін з такіх нягоднікаў-правакатараў падыходзіць да мяне і кажа: «Ну, ты, Чумакоў, і даеш! Абзавёўся піпкай, як у самога Сталіна!» А я без усякага ўсяго і адказаў яму: «А што я, горшы за Сталіна, што не магу мець такой піпкі?» Для правакатара гэтага было даволі. Назаўтра, ноччу, да мяне прыйшлі «госці», зрабілі разгромны вобыск, надзелі «наморднік» і адвязлі ў Мілераўскае раённае аддзяленне НКВД. Два тыдні памучылі там, а потым адправілі ў Растоў, дзе прапакутаваў яшчэ два месяцы. Пасля ўсіх «банных працэдур» прывезлі ў гэты закляты Южлаг,