Выбрать главу

Жорсткасць

Праз нейкі час, не дачакаўшыся адказу, ён пасылае яшчэ адну, ужо дзесятую па ліку скаргу, толькі ўжо на імя Сталіна. Адначасова ён піша і жонцы Таісе. Дарэчы, ён пісаў ёй кожны месяц, але ад яе — ні слова. Думаў, можа, цяпер, калі памяняліся наркомы і адкрыта на партканферэнцыі былі асуджаны дзеянні Яжова і яго хеўры, перастане маўчаць і Таіса. Але дарэмна — і на гэтыя пісьмы адказу не было. Міхась думаў: «У чым прычына?»

А з Таісай адбывалася вось што.

Не прайшло і года пасля арышту Міхася, як у доме, дзе жылі Асцёрскія, памяняўся домакіраўнік. Новым кіраўніком стаў былы работнік органаў унутраных спраў, маёр у адстаўцы Рэдзькін Андрэй Мітрафанавіч. Яго звольнілі з органаў тады, калі быў зняты з паста наркома сам Яжоў і пакончыў жыццё самагубствам начальнік Ленінградскага аддзялення НКВД Закоўскі. Новы нарком ачышчаў сваё ведамства ад яжоўцаў і на месца іх уладкоўваў сваіх людзей. Рэдзькін адрабіўся лёгкім спалохам: яго выпіхнулі з органаў і выключылі з радоў ВКП(б). Калі пра ўсё гэта даведалася жонка, то адразу ж пакінула яго. Навошта ён такі цяпер? Яна знайшла сабе другога са званнем і пасадай, а яго папрасіла вызваліць кватэру. Пасля некалькіх месяцаў жыцця без кватэры і без працы ён уладкаваўся домакіраўніком, дзе меў маленькі службовы пакойчык, у якім і жыў.

І вось, калі гэты Рэдзькін даведаўся, што ў адным з падпарадкаваных яму дамоў жыве жонка палітзняволенага, ён адразу ж наматаў сабе на вус. Спачатку ён завітаў да яе «па службовых справах», а потым пачаў заходзіць і так сабе — «на агеньчык». Ён хадзіў да таго часу, пакуль не застаўся начаваць.

— Мы з табой абое пакрыўджаны лёсам. Нешта ёсць у нас агульнае, — гаварыў Таісе Рэдзькін. — Дык давай жа мы з табой, Таіса Максімаўна, аб’яднаемся. Усё роўна Асцёрскага ты не дачакаешся. А калі і дачакаешся, то ён табе твайго адрачэння і разводу не даруе.

— А што, калі Міхась хутка прыйдзе, што тады?

— Ты падумай толькі — восем гадоў? Ці ж ён вытрымае там столькі? — пераконваў домакіраўнік Таісу. — Ды і хто ён цяпер табе? Ніхто. Ты свабодная жанчына.

— А дзіця ж у мяне ад яго.

— Дзіця мы перапішам на мяне, бо сваіх у мяне пакуль што няма.

— Не ведаю, што і рабіць… — паступова здавалася Таіса «кавалеру».

— Ну, чаго табе яшчэ думаць, мы ж усё роўна ўжо жывём з табой як муж з жонкаю.

— Так можна, а вось замуж… Страшна, — гаварыла, а сама даўно ўжо вырашыла і баялася, як бы толькі ён не перадумаў.— Ну, што ж, няхай будзе па-твойму. Толькі адна ўмова: мой сын няхай будзе і тваім. Згодзен?

— Дык я ж ужо і сказаў табе, што сына мы перапішам на маё прозвішча.

Так Таіса стала жонкай Рэдзькіна.

А назаўтра новы муж Таісы паставіў перад ёю ўмову: каб яна не адказвала на пісьмы былога мужа — Міхася Асцёрскага. Яна дала яму слова згоды і стрымала яго.

Праз колькі дзён яны пайшлі ў загс, каб пераўсынавіць сына Міхася Асцёрскага, Алега, на Андрэя Рэдзькіна. Але, на шчасце, у загсе сядзелі, відаць, недурныя людзі. Там у іх спыталі:

— Бацька жывы?

— Жывы, але ён адбывае тэрмін пакарання па палітычных матывах.

— Тады напішыце яму, каб ён даў згоду.

— Гэтага я рабіць не буду, — сказала Таіса, — бо ён усё роўна не дасць такой згоды.

— А без гэтага мы нічога рабіць не будзем. Вось так, грамадзяначка Рэдзькіна.

— А я яшчэ і не Рэдзькіна, — не стрымалася Таіса. — Я цяпер зноў Мартынава.

— Тым лепш для вас, — загадкава заўважыў работнік загса.

Так і вярнуліся ні з чым да свайго дому «маладажоны». Больш па гэтым пытанні яны ўжо ні да каго не звярталіся.

— Я ўсё роўна і так буду лічыць Алега за свайго сына, — супакойваў Рэдзькін сваю маладуху.

Як гэта часта здараецца з жанчынамі, Таіса перастала думаць пра Міхася. Тыя пісьмы, якія прыходзілі ад яго, яна, не чытаючы, рвала і кідала ў грубку, што вельмі падабалася яе новаму мужу. Можа, яна і наогул не ўспомніла б пра яго, каб ён сам час ад часу не турбаваў яе. Яна проста захаплялася сваім новым «шчасцем».

І вось аднойчы, недзе ў канцы 1939 года, яе спакой парушыла нечаканая позва за подпісам пракурора горада, у якой прапаноўвалася прыбыць ёй туды 25 лістапада, у 10 гадзін раніцы «на собеседование», як гэта значылася ў паперцы. Позва гэтая перапалохала Таісу. Яна хацела была не прызнавацца мужу, але не ўтрымалася.

— Як ты думаеш, Андруша, навошта я спатрэбілася гэтым пракурорам?