Выбрать главу

— Значыць, недарэмна прывязлі цябе сюды. Маскіруешся, гадзюка, контра няшчасная! — накінуўся на Міхася начальнік аховы.

— Лепш быць няшчасным контрам, чымся шчаслівым калуном, — адказаў Міхась.

— У кандзей яго, гада паўзучага! — закрычаў разгневаны начальнік аховы.

Так ні за што ні пра што Міхась трое сутак адпакутаваў у лагерным ізалятары, дзе ад холаду і голаду ледзь застаўся жывы. І калі пасля гэтага зайшоў да лекпома, той параіў яму ўцякаць з гэтай калоны.

— Яны вас замучаць, — пераконваў лекпом Міхася. — Пакуль вы там, у ізалятары, пакутавалі, яны злавілі мяне і чыталі натацыі за вас. Я вырашыў зноў звесці вас у лазарэт, адкуль сюды ўжо вы больш не патрапіце. Інакш яны даканаюць вас, — тлумачыў лекпом Міхасю. — Толькі мы зноў зойдзем да прафесара і возьмем у яго накіраванне.

— Я згодзен, дарагі чалавек, прапанова ваша слушная.

Як сказалі, так і зрабілі. Спачатку схадзілі па накіраванне, а пасля ўзялі асабовую справу і рушылі ў лазарэт. Прафесар да гэтага аднёсся спакойна, з разуменнем, зычліва стрэў і так жа развітаўся. Ён па-бацькоўску пажадаў Міхасю ўсяго добрага.

Ужо па дарозе ў лазарэт лекпом Епіфанаў сказаў Міхасю:

— А мы з вамі яшчэ сустрэнемся ў Піцеры. Вы да мяне абавязкова прыйдзеце.

— А я ж не буду ведаць, у якую паліклініку ці бальніцу прыходзіць.

— Ні ў паліклініку, ні ў бальніцу, а ў храм святога Сергія. Зразумелі?

— Не, не зразумеў,— шчыра прызнаўся Міхась.

— Я ж па прафесіі — свяшчэннік, а не медык. Медыкам я зрабіўся паняволі. Але калі гаварыць праўду, дык кожны свяшчэннаслужыцель у агульных рысах знаёмы з медыцынай. Нас гэтаму патрошку вучылі.

— Значыць, вы не фельчар?

— Не, не фельчар. А зрабіўся ім для таго, каб выжыць і дапамагаць зберагчы сябе ад смерці такім вось, як і вы, грэшным.

— Ну, усё роўна вы добры чалавек, якому я вельмі і вельмі ўдзячны.

— Дзякую за добрыя словы, дружа. А да мяне ў храм святога Сергія вы ўсё ж такі прыйдзіце.

— Прыйду, абавязкова прыйду, калі толькі выжыву і дазволяць вярнуцца ў Ленінград.

— У Піцер, — паправіў яго лекпом.

Паабяцаць-то Міхась паабяцаў, а сам падумаў: «А што мне рабіць там, у тым храме? Маліцца я не ўмею, бо не прывучаны да гэтага. Толькі, мабыць, для цікавасці ды пабачыцца з былым сябрам па няшчасці? Калі дажыву да такога шчаслівага часу, то рызыкну — зайду. Ды вось наўрад ці дажыве ён і сам, гэты пастыр у халаце лагернага фельчара».

У лазарэце яны развіталіся, як добрыя сябры з надзеяй на хуткую сустрэчу.

І вось зноў і ўжо каторы раз Міхась трапіў на бальнічны ложак. Былы яго лекпом раіў свайму падапечнаму, як толькі можна, пратрымацца там да цёплых дзён, да травы і кветак. Бо летам усё ж цяплей, а значыць, і лягчэй пераносіць усе цяжары і нягоды. Хоць голадна, але затое не холадна. Так ён і стараўся рабіць.

«Вось так, — думаў Міхась, — у месцах зняволення дазволена ўсё: звычайны малапісьменны чалавек раптам можа зрабіцца папом, як мне расказваў былы катаржанін царскіх часоў Міхаіл Маркавіч Сталяроў пра свой «свяшчэнны сан» у Прыбайкаллі перад першай сусветнай вайной, калі ён знаходзіўся акурат у такім жа становішчы, як і я, — будаваў Транссібірскую магістраль, — і тыповы поп — фельчарам. І адначасова дурань ці тупіца будзе хадзіць у разумніках, а разумны чалавек застаецца ў дурнях. Тое ж самае можна сустрэць часам і на волі, але радзей, чым тут. Лагер — гэта млын, які перамолвае чалавечыя душы, характары і волю».

З такімі думкамі-развагамі Міхась і апынуўся ў знаёмых сценах лазарэта. Сцены былі знаёмыя, але з медперсанала знаёмых амаль што нікога не засталося. Не застаў ён там ні ўрача Раісу Паўлаўну Коршак, ні яе памочніка — фельчара Уладзіміра Раманюка. Іх кудысьці перавялі, а куды — ніхто добра не ведаў. Адны гаварылі — у Навушкі, другія — у Кяхту, трэція — у Заудзенск.

Паколькі яўнай, выразнай хваробы ў новага пацыента новыя медыкі не знайшлі, то і трымалі яго ў сваёй установе нядоўга. Падмацавалі сілы, далі магчымасць апамятацца ад усіх нягод і адправілі зарабляць пайку ці, як тады гаварылі, «искупать свою вину честным, добросовестным трудом».

А здарылася гэта недзе ў сярэдзіне лютага 1940 года, у час разгару ваеннага канфлікту на Карэльскім перашыйку.

Гусінае Возера і «сараканожкі»

На гэты раз Міхась трапіў не толькі ў другую калону, але нават і ў другое аддзяленне Южлага — у пасёлак Гусінае Возера. Там якраз і размяшчалася кіраўніцтва гэтага лагера, толькі трохі воддаль ад лагерных зон, у якіх марнелі тысячы зняволеных.