У адрозненне ад іншых лагерных зон, у калонах раёна Гусінага Возера (а іх там было тры) не было спецыяльна зробленых баракаў. Іх замянялі дацаны — памяшканні былога будысцкага манастыра, якіх там разам з храмамі стаяла некалькі. Незадоўга перад тым іх ачысцілі ад манахаў і свяшчэннаслужыцеляў. Пасля ўсе яны апынуліся ў становішчы Міхася і яму падобных зэкаў, толькі ў іншых рэгіёнах краіны. І вось у гэтых дацанах было набіта столькі жывых чалавечых душ, што, здавалася, як толькі трымалі іх сцены! Усё гэта нагадвала Міхасю Ленінградскую перасыльную турму 1937 года, дзе ён «парыўся» цэлых тры тыдні. Такая ж цесната, духата і бруд, такія ж вошы, клапы і іншыя паразіты, тое ж бяспраўе і свавольства мацнейшых над слабейшымі. Розніца была толькі ў тым, што там не ганялі «на свежае паветра» — на паднявольную і непасільную працу. А астатняе было ўсё тое ж самае. Дык то ж быў часовы прыпынак, а тут трэба было жыць і працаваць. Адным словам, становішча людзей гэтай бруднай «лазні» было безнадзейнае.
Рабацягі-дахадзягі, якіх афіцыйна ў газетах і па радыё называлі «камсамольцамі-энтузіястамі», неслі на сабе двайныя пакуты: і на непасільнай працы, і ў быту. З іх цяпер здзекаваліся ўжо берыеўскія памагатыя. Даводзілі бедалагаў да нематы, безнадзейнасці і адчаю.
У гэтых дацанах былі паспешліва збіты і нары, але яны маглі прыняць толькі частку незлічонай сям’і зняволеных. Нары, як правіла, займалі крымінальнікі. А да гэтай катэгорыі лагернікаў, як вядома, адносіліся зладзеі, рабаўнікі, рэцыдывісты і іншая брыдота. Яны верхаводзілі і там. Астатнія ж, а іх тысячы, валяліся на падлогах гэтых былых «свяшчэнных месц». Так што усе паразіты і з падлогі, і з нараў паўзлі на тых, хто быў унізе.
«Вось дык выйграў,— думаў сам сабе Міхась. — Больш як за два гады лагернага жыцця бачыў рознае, але такога яшчэ не сустракаў. Пэўна, тут і канцы аддам… Доўга ў такіх умовах не вытрымаеш. Лепш самому налажыць на сябе рукі, чым чакаць, пакуль прыйдзе яна з касою…»
А ўжо па той чыгунцы, якую пачынаў будаваць Міхась з нуля, пачалі хадзіць рабочыя цягнікі. Але гэта, як гаворыцца па-руску, «времянка». Кожны дзень замяняліся і шпалы, і рэйкі. Вось Міхася і накіравалі ў брыгаду, якая займалася гэтымі справамі. Як правіла, шпалы любой вагі насілі на сабе два чалавекі. А шпалы былі з лістоўніцы, цяжэйшай за дуб. Калі гэта шпала 2-й катэгорыі, яна важыла прыкладна 150 кілаграмаў, а 1-й — усіх 200. Што датычыць рэек, то іх цягалі па 5 чалавек, а то і па 10. Для Міхася ўсё гэта было не пад сілу, і яго брыгадзір-блатняк забракаваў. Пасля некалькіх «прыгожых слоў і пацалункаў» з боку брыгадзіра і майстра яго адправілі пуцявым абходчыкам. Але і ў гэтай ролі Міхась прабыў нядоўга.
Неяк здарылася так, што ён згубіў гаечны ключ, а гэта лічылася вялікім злачынствам. Наркамат шляхоў зносін узначальваў «верны ленінец», паплечнік «вялікага Сталіна» Лазар Майсеевіч Кагановіч. Вось ён, гэты «жалезны нарком», і выдаў пастанову, у якой гаварылася, што работнік чыгункі, які згубіць гаечны ключ альбо «лапу», будзе пакараны па ўсёй строгасці савецкіх законаў — аж да кары смерцю. І Міхась, улічваючы ўсё гэта, не пажадаў чакаць гэтых крайніх захадаў і вырашыў сам разлічыцца са сваім недарэчным жыццём. Тым больш што і «жыллёвыя ўмовы» вымушалі і піхалі на гэты крайні крок. Ён вырашыў дачакацца рабочага цягніка і кінуцца пад колы.
Ужо чуўся свісток паравоза, на сустрэчу з якім рыхтаваўся Міхась. Ён ужо сабраў апошнія свае сілы, стараўся суняць хваляванне, як раптам ззаду яго пачуўся голас майстра:
— Асцёрскі, скачы!
Ад нечаканасці Міхась здрыгануўся. А калі павярнуў галаву, то ўбачыў у руках майстра свой гаечны ключ, які цудам знайшоўся.
— Бяры, ды глядзі — больш не будзь варонай. Такая няўвага да дабра не даводзіць.
— А мне цяпер усё роўна, — замест «дзякуй» сказаў Міхась.
— Я цябе не разумею, Асцёрскі.
— Тым лепш для нас абодвух.
— Ты што, не збіраешся больш працаваць тут?
— Не жадаю больш ні працаваць, ні жыць…
— Ты, Асцёрскі, гэтую дурноту выкінь з галавы! Працаваць у мяне ты хочаш ці не?
— Не, — сказаў наадрэз Міхась. — Вазьміце ў мяне ўсе прылады. Больш сюды я не прыйду! — І ён тут жа аддаў яму і гаечны ключ, і лапу і малаток.
— Ну што ж, даражэнькі, пашкадуеш, але будзе позна, — сказаў майстар. — На мяне не крыўдуй, сам вінаваты.
— Крыўдаваць мне на вас няма за што. Я сам пажадаў гэтага. А таму і крыўдаваць буду толькі на сябе.
Аб такім «свавольстве» Міхася ў той жа дзень паведамілі лагернаму начальству, і яго на другі ж дзень накіравалі ў брыгаду землякопаў.