Выбрать главу

Быў канец лютага. Маразы пяклі страшныя, а снегу амаль не было. Так што зямля прамерзла на два-тры метры, і яе голымі рукамі не возьмеш. Без кастра да яе не прыступіцца. Што адмарозіш, адтаеш, то і тваё. Інакш, хоць зубамі грызі.

Міхась павінен быў капаць траншэю пад цеплатрасу, якая ішла пад будынак будучага паравознага дэпо. Як і іншыя рабацягі, ён раскладваў вогнішча на сваім участку і потым патрошкі дзёўбаў ломам і кіркай. Пускаў у ход і рыдлёўку, але поспех быў слабы. Штосьці ў яго не выходзіла так, як у іншых. Так ён адпакутаваў дні тры. Бачачы, што нічога не атрымліваецца і што за сваю працу ён больш, як 300–500 грамаў зарабіць не зможа, і зусім перастаў старацца. «Усё роўна 300 грамаў і так дадуць, затое косці і шлункі будуць цалейшыя», — думаў ён. А таму патрошкі капаўся, каб не замерзнуць. Выкапаў столькі, каб можна было сесці на край траншэі і звесіць туды ногі, адкуль нясло цеплынёй ад раскладзенага вогнішча. Суседзі ж яго старанна капалі, кідаючы часам з’едлівае слова.

— Ты, Асцёрскі, не ўмееш зямлю капаць. І дзе ты толькі такі рос?

— Вось пажыву па суседству з вамі, нагляджуся на вашу кемлівасць ды спрыт — і навучуся. Так што я часу не марную.

— Глядзі, браток, каб не было позна, не дачакаўшыся, з голаду загінеш, — ушчувалі яны.

— Нічога, я вынослівы ды і прафілактыку прайшоў.

Так ён і пракантаваўся тыдні са тры. Да яго неаднойчы падыходзілі і брыгадзір, і прараб, і нават оперупаўнаважаны.

— Ты працаваць думаеш ці не? — пыталіся ў яго. — Ты ведаеш, што за сабатаж сурова караюць? Апамятайся, Асцёрскі,— пагражалі яму.

— Ну што ж, карайце мяне за тое, што я не магу працаваць так, як іншыя. Дахадзяга я і плюс няздатны да такой працы, — адгаворваўся Міхась.

— А можа, цябе начальнікам лагера паставіць? Там бы ты справіўся? — здзекаваліся лагерныя «прыдуркі».

— Такую пасаду перадаю вам, а для мяне і сумленных абавязкаў хопіць.

— Значыць, кіраўнічыя пасады ў лагеры — несумленныя? Так ці не? — спытаў прараб.

— У гэтым не нам з вамі разбірацца, — адказаў Міхась. — А працаваць з большым імпэтам у мяне няма сілы.

— Ну што ж, чакай сюрпрызаў,— закончыў прараб.

І ён чакаў. Чакаў з нецярпеннем, калі яго пашлюць у цэнтральны ізалятар — пазбавяць ад «парылкі», ад вошай і клапоў, ад зладзюг і бандзюг, ад усяго кашмару, якога ён пасля ленінградскай перасыльнай не сустракаў. Такое можна бачыць толькі ў сне.

Нечаканы сюрпрыз

Неяк выпадкова праз аднаго работніка механічных майстэрняў, якія размяшчаліся побач з яго калонай, Міхась даведаўся, што там галоўным інжынерам працуе Уладзіміраў, з якім ён два гады таму назад сябраваў і з якім яны дамовіліся па магчымасці дапамагаць адзін аднаму, выручаць адзін аднаго пры любых умовах, калі гэта будзе пад сілу. Ён тут жа напісаў паперку з некалькіх слоў: «Я знаходжуся ў калоне нумар 3. Жыву ў бурацкім дацане, працую землякопам. Пакутую. Чакаю ізалятара. Калі зможаш, выручай. Міхась Асцёрскі».

І вось у той жа дзень, пасля працы, калі рабацягаў кармілі знаёмай баландой, у барак-дацан зайшоў памочнік начальніка калоны па працы з паперкай у руцэ і гучна выкрыкнуў:

— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч хто будзе?

Міхась старанна сёрбаў жабрацкую порцыю баланды, баючыся, што не дадуць закончыць, калі выклікаюць.

— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч хто будзе? — паўтарыў памначальніка па працы.

— Чаго ж ты маўчыш? — папракнуў Міхася брыгадзір. — Перапалохаўся, ці што? Цябе ж клічуць, адгукніся.

— Я Асцёрскі,— адазваўся Міхась. — Што далей?

— Збірайся з рэчамі.

— А навошта ў кандзеі рэчы?

— Ні ў які кандзей ты не пойдзеш, — сказаў памначальніка.

— Дык куды ж тады?

— А куды — убачыш.

— А ўсё ж такі куды? — не цярпелася Міхасю.

— У калону механічных майстэрняў па выкліку начальства. Зразумела?

— Зразумела ці не, а ісці трэба, — адказаў Міхась.

Ён здагадаўся, што пра яго паклапаціўся даўні сябар па няшчасці (па трэцяй штрафной) Уладзімір Уладзіміраў. Адно яго непакоіла — што ён не паспеў вытрасці на жалезную грубку-«буржуйку», як гэта ён рабіў кожны вечар пасля вячэрняй баланды, са сваёй кашулі «сараканожак», якіх за суткі назбіралася шмат. Такую працэдуру рабілі ўсе, гэта быў адзіны ратунак ад паразітаў. Як яму цяпер са сваім «багаццем» будзе паказацца на вочы былому сябру?

Ужо па дарозе начальнік спытаў у Міхася:

— Ты што, слесар?

— Слесар, — на ўсякі выпадак адказаў Міхась.

— А які слесар, па электрыцы ці па машынах?

— І па тым, і па другім.