Выбрать главу

— О, універсал, значыць, нездарма выклікаюць.

— Вядома ж, — згаджаўся Міхась, а сам думаў: «Які чорта лысага я слесар? Я — токар, толькі не па металу, а па салу».

Ужо на вахце пасля праверкі дакументаў паўтарылі пытанне памначальніка па працы калоны нумар 3:

— Вы — электраслесар?

— Так, электраслесар.

— Вас хто выклікаў, Уладзіміраў?

— Уладзіміраў.

— Адвядзіце яго ў пяты барак.

— Я хацеў бы перш за ўсё ўбачыць самога Уладзімірава, — сур’ёзна сказаў Міхась.

— Гэта можна, — згадзіўся вахцёр. — Гаўрыкаў, адвядзіце навічка да галоўнага інжынера, — звярнуўся той да нарадчыка.

— Ёсць, будзе зроблена, — адказаў нарадчык.

Уладзіміраў жыў у зоне, як і ўсе зняволеныя, але ў асобным памяшканні. Міхась заспеў яго за вячэрнім чаем. На стале ляжаў белы хлеб, а побач — масла, каўбаса і цукар. Як быццам бы гэта было на волі. Ён не паверыў сваім вачам, што яго былы сябар, з якім разам пухлі ад голаду два гады таму назад, можа жыць цяпер у такіх умовах, носячы мянушку, ці, дакладней, ярлык «ворага народа». Яму здавалася, што гэта сон ці галюцынацыі. Не верылася, што ўсё гэта наяве. Міхась пераступіў цераз парог і аслупянеў. Потым прывітаўся нясмела, застаўшыся стаяць ля парога.

— Ну, праходзь жа, дарагі мой дружа, чаго стаіш? — і не чакаючы адказу, падышоў да Міхася і моцна па-мужчынску абняў яго. — Даўненька ж мы з табой не бачыліся.

Міхась маўчаў. Ён не ведаў, з чаго пачынаць і як сябе весці з сённяшнім Уладзіміравым.

Той зразумеў гэта і зноў сам загаварыў:

— Распранайся, садзіся за стол, разам будзем вячэраць, а потым лажыся на мой ложак, адпачывай. Пэўна ж, стаміўся за дзень.

— Вячэру я раздзялю з табою, а лажыцца не буду.

— Ты што, саромеешся ці грэбуеш мною? — здзівіўся Уладзіміраў.

— Не ў гэтым рэч, — рашыў прызнацца Міхась. — Не хачу прыносіць табе і твайму сябру па пакоі непрыемнасці. Я прыйшоў сюды не адзін. Разам з сабою прывёў, дакладней, прынёс няпрошаных гасцей — «сараканожак». А таму мне спачатку трэба будзе пазбыцца іх, а потым ужо і прызямляцца дзе-небудзь. Зразумела?

— Я ўсё зразумеў, дружа. Зараз я пастараюся пазбавіць цябе ад гэтай погані.— І ўжо звярнуўшыся да свайго памочніка, сказаў: — Пеця, хуценька пакліч сюды начбыта.

Праз колькі хвілін у пакой заявіўся памочнік начальніка па быту.

— Сяргей Паўлавіч, — звярнуўся да яго Уладзіміраў,— тут вось толькі што прыйшоў па нашым выкліку мой лепшы сябар. Глядзі, як яго там разадзелі — як клоуна ў цырку Шапіто. Гэта, па-першае, а па-другое, яго заелі «сараканожкі». Арганізуй яму лазню, новую бялізну і вопратку.

— Не хвалюйся, усё будзе зроблена! — Ён паклікаў днявальнага і загадаў прывесці лазеншчыка.

Хвілін праз трыццаць Міхась ужо мыўся ў лазні, сцёбаў сябе гарачым венікам. Пасля таго як памыўся, яму прынеслі новую, чыстую бялізну і ўсю іншую амуніцыю. З лазні ён яшчэ раз завітаў да галоўнага інжынера, які зноў прапанаваў Міхасю начаваць у яго.

— Не, дарагі мой сябар, накіруй мяне ў барак, я лепш заўтра зноў да цябе завітаю, і тады мы з табой аб усім пагаворым.

— Няхай будзе па-твойму. Зараз цябе ўладкуюць. Дарэчы, пойдзеш у брыгаду Беленькага. Памятаеш такога па ленінградскай перасыльнай?

— А як жа, добра памятаю.

— Дык вось да яго і пойдзеш. Бачыш, табе пашэнціла, — гаварыў ён. — Калі ён будзе пытаць у цябе, што ты можаш рабіць, скажы яму прама — нічога. Бо ён пра цябе ўсё ведае. Я сам яму расказаў. Так што не бойся. Усё будзе добра. Да заўтра!

Не прайшло і дзесяці хвілін, як Міхась быў ужо ў бараку, дзе размяшчалася брыгада Беленькага, і ляжаў на нарах з саламяным матрацам.

Слесар паняволі

Назаўтра, як і папярэджваў Уладзіміраў, брыгадзір для формы ці для парадку спытаў у Міхася:

— Ну, што, навічок, можаш рабіць па электраслясарнай справе?

— Абсалютна нічога, — адказаў Міхась. — Буду прыглядацца, вучыцца і дапамагаць вам — спецыялістам.

— Люблю і паважаю за шчырасць. Але не хвалюйся, і для цябе знойдзецца работа, — супакоіў брыгадзір навічка. — Наш аб’ект — электрамантаж будучай электрастанцыі. З малатком можаш абыходзіцца?

— А як жа. Не толькі з малатком, але і з сякерай таксама.

— А вось сякера тут ужо не патрэбна.

Калі прыйшлі на месца, Міхасю далі малаток і шлямбур.

— Вось табе інструмент, — сказаў брыгадзір, — будзеш біць дзіркі ў сценах, дзе трэба. Дзе-нідзе прыйдзецца мець справу і з ключом — гаечным, газавым. Знаёмы з імі ці не?

— Сустракаўся, але так сабе, наглядна.