— Ну, канечне, у гэтым я мастак.
— Вось і ўсё. Больш нічога і не трэба.
— А куды ты цяпер едзеш? — спытаў Міхась.
— У Заудзінск, у цэнтральную бухгалтэрыю са справаздачай.
— А калі будзеш вяртацца?
— Ой, не скора, не раней, як праз месяц.
— А як жа з выклікам на агранома?
— Ты напішы на імя начальніка калоны, і ён без мяне гэта зробіць. А хочаш — чакай. Толькі, калі без мяне будзеш пісаць, не прызнавайся, што ведаеш мяне, — папярэдзіў ён.
— А я тут на калоне МЧ, ведаеш такую? — сказаў Міхась.
— Ведаю. Жадаю поспехаў! Бывай, дружа!
Цягнік крануўся з месца і паціху пайшоў далей, у напрамку Заўдзінска.
Міхась так і не сабраўся напісаць заяву на агранома. А недзе праз тыдні два пасля таго па ўсім лагеры пайшла чутка, што ўцёк галоўны бухгалтар сельгаскалоны Чумакоў з буйнаю сумай дзяржаўных грошай. Аб’яўляліся пошукі і грашовая ўзнагарода таму, хто яго зловіць.
Неўзабаве пасля таго здарэння Уладзіміраў паклікаў да сябе Міхася і сказаў яму:
— Ведаеш што, Міша, я хачу прапанаваць табе адну заманлівую пасаду — рахункаводам у нашу кантору. Як ты на гэта глядзіш? Можа, гэта будзе лепш, чым штодзень дзёўбаць у сценах дзіркі?
— Мне і самому надакучыла гэтае дзёўбанне, — разважліва гаварыў Міхась, — але і рахункаводства не выхад з майго становішча. Шчыра кажучы, я хачу авалодаць прафесіяй кваліфікаванага рабочага. Калі ты хочаш мне памагчы, то ўладкуй на пасаду слесара механічных майстэрняў тут, у цэху. Можа, у далейшым яна, гэтая прафесія, і будзе маёй карміцелькай. Бо наперадзе яшчэ больш як пяць гадоў.
— Калі ласка, гэта я зраблю без ніякіх эксцэсаў.
— Дзякую, дарагі дружа!
І Міхась пачаў асвойваць слясарную справу. Яго прымацавалі да лепшага, спрактыкаванага майстра, які адразу ж пачаў па-сапраўднаму вучыць свайго падапечнага, пачынаючы з азоў. Спачатку навучыў яго разбірацца ў інструментах, потым паказаў, як наразаць балты і гайкі, пасля падвёў да свідравальнага станка і наглядна паказаў, як ён працуе. Праз нейкі час яго навучылі, як трэба працаваць з пілой, рашпілем, нажоўкай і гэтак далей. Навучылі нават кацельнай справе. За ўсе віды работы Міхась браўся з вялікай ахвотай, бо ведаў, што ўсё гэта яму вельмі і вельмі спатрэбіцца. Лагеру не патрэбны пісьменнікі, кампазітары, мастакі, настаўнікі. Яму патрэбны былі цесляры, слесары, токары, муляры, сталяры, землякопы, тынкоўшчыкі, лесарубы, чыгуначнікі і гэтак далей. А таму ён свядома імкнуўся авалодаць такімі прафесіямі, якія ў далейшым гарантавалі б яму пайку хлеба, а значыць, і жыццё.
Падманлівая свабода
Зноў, як і год назад, пачалася гульня ў свабоду. Гэтай заманлівай гульнёй дражнілі зняволеных. Зрэдку пачалі выклікаць па адным гэтых, што страцілі чалавечае аблічча, няшчасных і гаварыць, каб усе чулі, што іх вызваляюць, як няправільна асуджаных. Маўляў, Лаўрэнцій Паўлавіч разабраўся, гэта не Яжоў. З надзеяй, што нарэшце разбяруцца, пачалі пісаць скаргі амаль пагалоўна ўсе зняволеныя. Хто сам не мог, а такіх было многа — прасілі іншых. Пісьменным людзям не было спакою: іх прасілі і ўдзень і ўночы займацца гэтай пісанінай. Не заставаўся ўбаку ад падзей і Міхась. Яго літаральна атакавалі. Прапаноўвалі апошнія свае пайкі, каб толькі ён напісаў Лаўрэнцію Паўлавічу. Трэба прызнацца, што былі такія «грамацеі», якія карысталіся выпадкам — і абіралі «прасіцеляў». Міхась жа ні з каго не браў і ломанага граша, а адмовіць нікому не мог. Толькі адзін раз ён прыняў нешта накшталт платы за сваю працу — маленькі бляшаны самаробны чамаданчык, і то ў якасці сувеніра на памяць, пасля таго, як «прасіцеля» выклікалі па такой паперцы «на свабоду». А куды яго адправілі, ніхто не ведаў. Бо часта рабілася так, што пад выглядам вызвалення зняволеных адпраўлялі на Калыму, на Таймыр і нават на востраў Вайгач.
Але як бы там ні было, а людзі спадзяваліся на нейкую справядлівасць і пісалі. Напісаў ад сябе і Міхась, і не адну, а адразу тры скаргі ў розныя месцы: на імя Сталіна, Калініна і Берыі. Хоць сам сябе і падманваеш такой надзеяй, і то ўжо неяк лягчэй. Напісаў, значыць, ёсць чаго чакаць. А таго не ведалі няшчасныя зэкі, што «дабрэйшы з дабрэйшых нарком» са згоды «мудрэйшага з мудрэйшых правадыра» штодзённа папаўняў іх праклятую богам і людзьмі сям’ю зэкаў. Бо яму трэба было пакрыць тыя страты, якія панеслі лагеры за два гады — сотні тысяч загінулі ад холаду, голаду і здзекаў. А тым часам на Поўначы і на Паўночным Усходзе адкрываліся будаўнічыя аб’екты. Трэба было заграбаць жар чужымі рукамі, бо сваіх шкода. Мільёны ні ў чым не вінаватых паднявольных у іх паняцці былі накшталт рабоў, а сябе яны ўяўлялі рабаўласнікамі.