І вось недзе ў канцы мая 1940 года, раніцай, перад разводам на аб’екты, у барак, у якім жыў Міхась, увайшоў з паперкай у руцэ памочнік начальніка калоны-майстэрні па працы і гучна спытаўся:
— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч ёсць?
— Я Асцёрскі,— саскочыў са сваіх нараў Міхась.
— Збірайцеся з рэчамі.
— Куды мяне пасылаеце? — неяк механічна спытаўся Міхась.
— На свабоду, — адказаў той. — Снедалі ці не?
— Паснедаў.
— Як збярэцеся, прыходзьце на вахту, толькі хутчэй.
— Я зараз, толькі развітаюся з сябрамі.
— Добра, толькі не затрымлівайцеся.
Міхась хуценька сабраў свае манаткі і накіраваўся да Уладзімірава, каб падзяліцца з ім сваёй радасцю і ўзяць у сябра яго дамашні адрас.
— Ну, Уладзімір Рыгоравіч, прыйшла і да мяне чарга. Можаш павіншаваць: мяне вызваляюць, зараз будуць адпраўляць. Давай адрас жонкі. Пісьма пісаць ужо няма часу — мяне чакаюць на вахце, — Міхась выпаліў усё гэта яшчэ з парога.
— Якая радасць! Радасць не толькі твая, але і мая, — узбуджана гаварыў Уладзіміраў.— Ад усяго сэрца віншую цябе, дружа! А наконт пісьма, дык я хоць некалькі слоў напішу. Ты скажы там, на вахце, што я затрымліваю, і яны з адпраўкай пачакаюць. Я зараз.
Так Міхась і зрабіў. Калі сказаў, што яго затрымлівае Уладзіміраў, начальства пайшло насустрач — пачакала. Акрамя Міхася на вахце стаялі з такой жа радасцю яшчэ два чалавекі.
Мінут праз трыццаць іх вывелі за зону і скіравалі на новую чыгуначную станцыю, пабудаваную рукамі паднявольных зэкаў. А яшчэ праз колькі хвілін падышоў таварна-пасажырскі цягнік, ці, як яго называлі, «рабочы поезд», і Міхась апынуўся ў вагоне-цяплушцы з кратамі на вокнах.
Адвячоркам таго ж самага дня яны прыбылі на месца прызначэння — станцыю Заудзінск. Іх, як і раней, пад канвоем адвялі ў барак перасыльнай калоны і загадалі чакаць далейшых указанняў і распараджэнняў. Такіх, як Міхась, там назбіраўся вялізны барак.
«Нешта не падобна на свабоду, — думаў Міхась. — Вызваленнем тут і не пахне». І так падумаў, пэўна, не адзін толькі ён.
Прайшоў дзень, другі, трэці… Усіх «вызваленых» кормяць, пояць, а далей ніякіх захадаў не прымаюць. На работу таксама не шлюць. Так яны пражылі не дні, а тыдні — ужо пераваліла на другі месяц. «Вызваленыя» спачатку пачалі хвалявацца, а потым і абурацца. Іх непакоіла невядомасць. Яны ўжо пачалі прасіцца на работу, ці каб адпраўлялі куды-небудзь у іншае месца, дзе патрабуюцца рабочыя рукі.
— Не маем права, вы на ўліку вышэйшага начальства, а ў нас знаходзіцеся часова, да асобага распараджэння, — гаварылі ім у адказ. — Вас, можа, хутка выпусцяць.
І каб людзі не хваляваліся і паверылі ў хуткае сваё вызваленне, іх сфатаграфавалі, нібыта для пашпартоў.
Гэта была сярэдзіна лета 1940 года, калі да СССР далучаліся Прыбалтыйскія рэспублікі і Бесарабія, а менш як год назад былі ўз’яднаны Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна са сваімі ўсходнімі братамі, адгрымелі баі на Халхін-Голе і на Карэльскім перашыйку.
Адным словам, час для лепшага будучага не спрыяў. Пры такой сітуацыі трэба было быць дурнем, каб паверыць у нейкае вызваленне. А такіх, на жаль, было шмат. Яны верылі і спадзяваліся.
— Таварышы, ніхто не збіраецца выпускаць нас адгэтуль, — сказаў Міхась. — Нам проста пускаюць пыл у вочы. Пэўна, кудысьці ў другое месца збіраліся накіраваць, ды, відаць, з-за міжнародных абставін «замарозілі» будоўлю. І цяпер будуць трымаць нас да таго часу, пакуль не знойдуць дзюрку, якую пасля заткнуць намі.
— Правільна сказаў таварышок — мы кролікі.
— Марскія свінкі,— паправіў яго нехта.
— Пойдзем заўтра ўсім кагалам і запатрабуем у начальства яснасці: ці дамоў, ці яшчэ куды.
Калі яны зрабілі такія захады, ім зноў паўтарылі тое ж самае:
— Мы не маем права кранаць вас з месца, таму што знаходзіцеся да асобага распараджэння.
— Тады знайдзіце нам тут які-небудзь занятак, а інакш мы можам звар’яцець.
І толькі ўжо аж праз тры месяцы, у жніўні, іх пачалі выводзіць на сякую-такую працу. Спачатку прымусілі чысціць чыгуначныя пуці на станцыі Заудзінск, а пасля пачалі прывучаць да малярных работ (фарбавалі франтоны, дзверы і вокны чыгуначных памяшканняў).
Новую прафесію Міхась асвоіў хутка: праз які тыдзень ён лічыўся ўжо адным з лепшых маляроў брыгады «вызваленых». Як і ўсе іншыя зэкі, яны хадзілі пад канвоем.