З нарадчыкам мінчанінам Марозам і з прарабам Горлавым Міхась таксама быў у кантакце. Іх таксама даводзілася падкормліваць. Адным словам, і ваўкі былі сытымі, і авечкі цэлымі. Інакш у лагеры не пражывеш — сатруць, затопчуць.
Неяк аднойчы ў час справаздачы за дзень прараб Горлаў і кажа Міхасю:
— Слухай, Асцёрскі, з сённяшняга дня ты будзеш адчытвацца не за трыццаць чалавек, а за трыццаць аднаго. У брыгадзе яго не будзе, і ты ніколі яго не ўбачыш, але пайку яму ты павінен будзеш выпісваць. Ніхто пра гэта не павінен ведаць, акрамя нас двух. Зразумеў ты ці не?
— Не, не зразумеў,— адказаў яму Міхась. — Як жа гэта так, не ведаючы чалавека, я павінен адрываць ад іншых і карміць нейкага невідзімку. Так я не згодзен, — запярэчыў Міхась.
— Ад іншых ты адрываць не будзеш, — пераконваў яго прараб, — гэта я бяру на сябе. Мне трэба толькі адно, каб ты трымаў яго ў спіску сваёй брыгады. Гэты чалавек калісьці мяне ад смерці выратаваў і потым на ногі паставіў, а цяпер сам трапіў у бяду — у апалу. Я яму абавязаны ўсім сваім жыццём. Можа, калі-небудзь ён і табе прыдасца. У жыцці ўсякае бывае. Падумай добра і пагаджайся.
— Не ведаю, як мне тут зрабіць, — разважаў Міхась. — Ну, добра, я згодзен, але каб гэта было толькі паміж намі. Бо я не хачу, каб мяне яшчэ раз судзілі.
— Не хвалюйся, я не падвяду.
Такім чынам, брыгада Асцёрскага «вырасла» яшчэ на аднаго чалавека, які лічыўся ў ёй да апошняга дня існавання самой брыгады — да сакавіка 1941 года. А такім чалавекам-невідзімкам быў Міхаіл Іосіфавіч Шпілер. Пабачыць яго нават самому брыгадзіру давялося пазней.
Неяк раз ля вогнішча, якое палала ў сярэдзіне самога склада, сядзелі ўпяцёх — загадчык склада Наздроў, кантралёр Худэнка, брыгадзір Асцёрскі, дзяжурны-ахоўнік Груздоў і сучка Мушка. Каб не было маркотна, як кажуць, часалі языкі — расказвалі анекдоты і розныя гісторыі са свайго і чужога жыцця. Па чарзе малолі языкамі. Праўда, Міхась гаварыў мала, больш слухаў. Маўчала і Мушка. Асабліва любіў малоць языком кантралёр Худэнка — украінец з Палтаўшчыны, былы старшыня райспажыўсаюза. І вось ён расказаў сваёй кампаніі пра тое, як да рэвалюцыі на Манетным двары ў Петраградзе правяралі рабочых, якія пасля працоўнага дня вярталіся дамоў. Ён расказваў пра гэта так цікава, што нават Мушка слухала ўважліва, не варушыла хвастом. А што датычыць ахоўніка, дык ён толькі гаварыў словы захаплення:
— Як здорава! Як хітра! Во д’яблы! І трэба ж дадумацца!
Апавядальнік нетаропка, з усмешкай на твары расказваў:
— Дык вось значыць, як толькі гэты рабочы ці служачы падыходзіць да прахадной, яго адразу ж — на вагу. Калі яго вага перавышае тую, з якой ён прыходзіў на работу, яго за каўнер і адразу ж — у паліцэйскі ўчастак.
— Адкуль жа ім вядома яго папярэдняя вага?
— Дык яго ж узважваюць і тады, калі ён ідзе на работу. Розніца ў вазе і ёсць тое золата, якое ён праглынуў.
— Так, мудрона прыдумана, — сказаў Асцёрскі і спытаў у апавядальніка: — І цяпер так жа правяраюць?
— Не, цяпер рэнтгенам, — з тонам знаўцы адказаў той.
А ахоўнік усё паўтараў:
— Як здорава! Як хітра! Во д’яблы! І трэба ж дадумацца!
Праз нейкую паўзу апавядальнік падняўся і сказаў, гледзячы на Асцёрскага:
— Зробім маленькі перапынак, хачу паглядзець, што і як робяць твае хлопцы, — і хуценька пакрочыў у процілеглы канец доўгага склада-сховішча.
Не прайшло і пяці мінут, як ён прыбег адтуль узбуджаны, усхваляваны і, задыхаючыся, закрычаў:
— Брыгадзір, твае жулікі-бандыты кавуны мае паелі. Што ж я цяпер рабіць буду, га? Я ж бярог іх да кастрычніцкіх свят для начальства. Сам начальнік лагера Баруздзін пра гэта ведаў.
— Адкуль жа ты ведаеш, што гэта мае хлопцы зрабілі такое злачынства? А можа, яшчэ хто?
— Не абараняй іх, яны! — крычаў Худэнка.
— Тады вось што. Давай мы іх узважым. Інакш нам не даведацца, яны ці не яны. А што датычыцца рэнтгена, дык яго ж у нас няма.
— А калі сюды вялі, вы ж іх не ўзважвалі,— сказаў ахоўнік і зарагатаў.
— Яшчэ і здзекуецца з мяне, гадзюка! — гледзячы ў твар Асцёрскаму, закрычаў Худэнка. — Што ж я цяпер рабіць буду? Капут мне.
— Ой, здорава! Во д’яблы! І трэба ж было здагадацца!
— Вам смешна, а мне… — не гаварыў, а плакаў кантралёр.
Худэнка не памыліўся: дні праз тры яго не стала на складзе. Пасаду гэтую прапаноўвалі Міхасю, але ён адмовіўся.