Уцёкі
Хутка пасля таго ў «Брыгаду ух» прывялі яшчэ двух дахадзяг. Адзін з іх Міхасю быў добра знаёмы. Гэта Іван Чуркін, з якім ён калісьці сябраваў і збіраўся разам уцякаць, ды перашкодзіла хвароба.
І Чуркін, і Асцёрскі вельмі ўзрадаваліся такой сустрэчы. Больш за два гады яны не бачыліся, але не забывалі ранейшую дружбу.
— Ты выпадкова не ведаеш, куды Чумакоў падзеўся? — спытаў Чуркін у Міхася.
— Трошкі ведаю. Месяцы тры-чатыры таму назад выпадкова бачыў яго, ехаў у цягніку у Заудзінск, вёз справаздачу ў цэнтральную бухгалтэрыю лагера. А потым чуў, што ён тады ж і ўцёк з дзяржаўнымі грашамі. Былі аб’яўлены пошукі і грашовыя прэміі таму, хто яго зловіць.
— Малайчына, Міхаіл! — пахваліў яго Чуркін. — Усё ж такі перахітрыў лагерных босаў.
— Скажы, Ваня, дзе ты да гэтага часу быў, у якіх месцах? Каго бачыў са знаёмых?
— Быў я ў сотні месцаў, а гэта ўжо сто першае. І вось на вялікае шчасце зноў сустрэўся з табою. Да цябе ні з кім са знаёмых не сустракаўся. А ты дзе «загараў» увесь гэты час?
— Я таксама памяняў добрую сотню месцаў. Толькі ў адным лазарэце разоў пяць «гасцяваў», — гаварыў свайму даўняму сябру Міхась. — Падрабязна аб усім пагаворым як-небудзь другім разам. Часу ў нас цяпер хопіць.
А прыблізна праз месяц Чуркін выбраў момант, калі Міхась быў адзін у складзе, ля вогнішча, дзе пяклася бульба, сеў побач і сказаў амаль шэптам, напаўголаса:
— Ты ведаеш, Міхаська, што мне прыйшло зараз у галаву? Што мне даўно ўжо не дае спакою? Я вырашыў ажыццявіць тое, што мы не маглі зрабіць разам з табою амаль тры гады таму назад.
— А што менавіта? — насцярожыўся Міхась.
— Даваць дзёру з гэтай заклятай пасткі, пакуль яшчэ жывы і здаровы, як гэта зрабіў наш сябар Міша Чумакоў. Усё роўна такі тэрмін мы не вытрымаем у гэтых пагібельных месцах.
— Не, Ваня, гэта пустая задума.
— Чаму пустая? Ты ведаеш, колькі такіх, як мы з табой, паўцякала?
— А табе вядома, колькі іх пералавілі і зноў прыгналі туды, адкуль беглі? І ты ведаеш, кім іх потым зрабілі? Калекамі. А сяго-таго і шлёпнулі. Ад гэтых бясконцых заслонаў нікуды ты не пройдзеш. А калі і здолееш прабрацца, дык пасля куды ты дзенешся? Усё роўна сцапаюць. У нас кожны чалавек на ўліку. Цяпер у органах НКВД штаты разрасліся да такіх памераў, што яны перавышаюць колькасць рабочых і служачых на прадпрыемствах і ва ўстановах. І гэта толькі афіцыйных, а колькі тайных даносчыкаў-стукачоў — кожны другі жыхар. А тут яшчэ і час такі,— працягваў Міхась. — Ты бачыш, што не сціхаюць войны. А ў такі час у «дзяржаўных блюсціцеляў» і вушы чуйныя, і зрок востры. Так што выкінь з галавы сваю задуму, дарагі дружа.
— Значыць, ты не хочаш у маю кампанію?
— Не, — сказаў Міхась, — і табе не раю.
— Тады дапамажы мне. Арганізуй так, каб я непрыкметна знік з гэтага склада-сховішча, бо канвою тут ніякага. За канваіра тут ты.
— Ты што, па-сяброўску хочаш свінню мне падкласці? Ты ж добра ведаеш, што не паспееш ты пакінуць Заудзінск, як мяне адразу ж возьмуць за адно месца. Я ж адказваю за цябе.
— Дык што ты прапануеш? Бо я ўсё роўна павінен уцякаць. Гэта ў мяне даўно наспела.
— Калі ўжо ты так вырашыў, то рабі гэта не сярод белага дня, калі я за цябе адказваю, а ноччу, з зоны калоны. Так і я змагу дапамагчы і адказнасці за цябе не буду мець. Адказваць будзе лагерная варта — ахова і адміністрацыя калоны. Згодзен ты на такі варыянт ці не?
— Згодзен, прапанова твая слушная, — пагадзіўся Чуркін. — Толькі я папрашу цябе аб адным: дай мне свой бляшаны чамаданчык, а я табе свой — дашчаны. Мне з ім будзе зручней, асабліва калі дабяруся да цягніка. Там мяне могуць прыняць з ім за чыгуначніка. Ключы ад вагонаў я ўжо падрыхтаваў.
— Чамаданчык бяры нават без замены, я тут і другі набуду. Мне тут лягчэй, чым табе там будзе.
— Дзякуй табе, дружа, што не адхіляеш майго рашэння і абяцаеш нават памагчы. А што датычыць часу, дык пасля вырашым.
Дзён праз пяць пасля гэтай гутаркі Чуркіна ў зоне не стала. Ён з дапамогай Міхася перабраўся цераз плот з калючым дротам і знік у цемені сакавіцкай ночы.
Калі назаўтра, у час разводу, на вахце не далічыліся аднаго чалавека з брыгады Асцёрскага, адразу не паверылі, што з гэтых дахадзяг хто-небудзь можа рызыкнуць на такі ўчынак. Але пасля дзённага пошуку па зоне і каля яе паднялі трывогу і пачалі шукаць яго па ўсім наваколлі Заудзінска. Ды толькі дарэмна: Чуркіна ўжо і след прастыў.
Міхася выклікалі ў аператыўны аддзел, дзе пратрымалі цэлы дзень. Але паколькі прычапіцца да яго не было як, адпусцілі. Затое брыгаду без канвою за зону больш ужо не выпускалі. Цэлы дзень, як свечка, ля склада ці ў самім складзе стаяў у салдацкай форме з вінтоўкай цераз плячо ахоўнік. І амаль кожны дзень прыходзіў у склад і цэлымі гадзінамі тырчаў там аператыўнік з наганам на баку. Адным словам, Міхасю і яго людзям перасталі давяраць.