Выбрать главу

І нарадчык Мароз, у сваю чаргу, паклікаў да сябе Міхася і пачаў яго ўшчуваць:

— Ну, і падвёў жа ты мяне, зямляк! Я спадзяваўся на цябе, як на самога сябе, а ты…

— Дык што ж я такога дрэннага зрабіў для цябе, што ты папракаеш мяне?

— А ты не ведаеш? Чуркіна правароніў, а значыць, падвёў і сябе, і мяне пад дурнога хату…

— Дык што ж ты хочаш, каб я яго пасвіў і ўдзень, і ўночы? На гэта ёсць лагерная ахова. Вось няхай яна і пасе.

— Ахова аховай, а я ўжо атрымаў суровую вымову з папярэджаннем і страціў давер у вачах начальства. Гэта ж па маёй прапанове тваю брыгаду расканваіравалі. Цяпер і брыгадзе будзе горш — зноў канвой.

— А пры чым тут брыгада? Ён жа не са склада ўцёк, а ноччу з зоны.

— Усё роўна на брыгаду легла пляма і на мяне таксама — за тое, што я даверыўся табе разам з усёй брыгадай, у тым ліку і Чуркіну, — тлумачыў нарадчык Мароз.

Адбывалася гэта вясною грознага 1941 года, пра падзеі якога ніхто яшчэ нічога не ўяўляў, але ўжо адчувалася нешта нядобрае. Бо калі б Міхась ні выходзіў са склада, дзе працавала яго брыгада, а склад размяшчаўся побач з Транссібірскай магістраллю, бачыў, як кожны дзень адзін за адным ішлі цягнікі з усходу на захад, загружаныя зброяй — танкамі, гарматамі, самалётамі, а таксама байцамі. Спачатку ўсё гэта маскіравалася, а потым ішло адкрыта. І так было штодзень на працягу вясновага часу.

Няўдалае і няўдзячнае настаўніцтва

Недзе ў сярэдзіне сакавіка Міхася выклікалі ў КВЧ (культурна-выхаваўчая частка) Южлага і аб’явілі:

— З заўтрашняга дня будзеш працаваць выкладчыкам рускай мовы і літаратуры на курсах культпалітработнікаў лагера.

— Як гэта раптам заўтра? Гэта ж не бульбу перабіраць і не зямлю капаць. Трэба як след падрыхтавацца. Набыць падручнікі і розныя метадычныя дапаможнікі. І праграму трэба прагледзець, на аснове якой і скласці план. Выкладчыцкая работа — складаная і адказная справа. Зразумела вам гэта ці не?

— Ты ж педінстытут скончыў, чаго табе рыхтавацца? Прыходзь у клас і гавары сваім навучэнцам тое, чаму цябе ў інстытуце вучылі.

— Так ніхто ніколі не робіць. Нават ні адзін прафесар без падрыхтоўкі не ідзе да студэнтаў, а не тое, што я, абалванены зэк.

— Ну добра, заўтра за дзень падрыхтуешся, а паслязаўтра прыходзь, — пайшоў на кампраміс начальнік КВЧ.

— Гэта што, загад ці прапанова? — не супакойваўся Міхась.

— Разумей, як хочаш. І тое, і другое.

— Раз абавязваеце, павінен згаджацца. Прыйду…

— Дарэчы, — працягваў начальнік КВЧ, — плата за работу будзе складацца з павышанай пайкі і прыварку. Плюс да ўсяго гэтага атрымаеш новае адзенне і абутак. А пакуль паходзіш у гэтым. Спачатку паглядзім, як будзеш працаваць.

На гэта Міхась нічога не адказаў. Ён стаў па камандзе «смірна!» і спытаў:

— Можна ісці, грамадзянін начальнік?

— Ідзі, але не забывай аб нашай дамоўленасці.

Так Міхась раптам стаў настаўнікам, ды яшчэ дзе — на курсах культпалітасветных работнікаў лагера! Але канец быў нечаканы. З горам папалам ён папрацаваў там дзесяць дзён, а на адзінаццаты клас аказаўся пусты, не было ні душы.

— Дзе мае студэнты? — спытаў ён у прыбіральшчыка.

— Былі, ды сплылі. Сёння ноччу іх усіх нечакана адправілі ў Мінск, — адказаў прыбіральшчык.

— А чаму так раптам? — дапытваўся Міхась.

— А хто ж яго ведае. Кажуць, што немец рыхтуецца пайсці вайной на нас, — тлумачыў той.

Калі з такім пытаннем Міхась звярнуўся да начальніка КВЧ, той адказаў:

— Курсы працаваць больш не будуць, — і больш нічога не тлумачыў.

— А мне што цяпер рабіць? — не разумеў Міхась.

— Зайдзі да памочніка начальніка калоны па працы, і ён усё табе скажа. Ты свабодны.

А начальнік па працы адказаў на яго пытанне так:

— Ідзі да брыгадзіра тынкоўшчыкаў, будзеш тынкаваць жылыя дамы для чыгуначнікаў. Зразумела?

— Зразумела, буду асвойваць яшчэ адну прафесію. Але спачатку хачу атрымаць тое, што мне абяцалі — новае абмундзіраванне.

— Я табе нічога не абяцаў, а значыць, нічога і не дам. Звярніся да таго, з кім дамаўляўся.

— Мне гэта абяцаў начальнік КВЧ.