— Вось ад яго і патрабуй, а я тут ні пры чым.
Начальнік жа КВЧ не стаў і гаварыць з Міхасём пра вопратку. Ён сказаў толькі адно:
— Многа ты захацеў за дзесяць дзён працы на незакончаных курсах. Папрацуй у брыгадзе Падменнага, заслужы сапраўднай працай, а не бяздзеллем на нейкіх там курсах.
— У такім выпадку я не пайду ні на якую работу!
— Не пойдзеш па добрай волі, прымусім сілай!
— Ваша воля, толькі нікуды я не пайду, пакуль не атрымаю разлік за працу на курсах.
— У кандзей пасадзім як міленькага!
— У кандзеі таксама можна жыць, мне не прывыкаць, — адказаў Міхась.
— Ты свабодны, — закончыў размову начальнік КВЧ.
Міхась сваё слова стрымаў: ні назаўтра, ні на паслязаўтра на работу не пайшоў, і яго пасадзілі ў кандзей пры вахце, як якога-небудзь злачынца, пасадзілі на хлеб — трыста грамаў — і ваду.
Яму не сказалі, на колькі дзён і начэй яго запіхваюць у гэтую мышалоўку, але відаць было, што не на адны суткі.
Ён адпакутаваў суткі пад строгім наглядам і на галодным пайку. Ніхто яго не патурбаваў ні словам, ні справай. Ахоўнік аказаўся пільны і строгі. А на другія суткі на вахту заступіў другі вартавы. Гэта быў чалавек ужо іншых поглядаў. Пасля адбою на сон, калі ўсё сціхла, ён адчыніў дзверы ў цёмны катушок, дзе марнеў на нарах з сырых круглякоў учарашні настаўнік, а сённяшні арыштант, і спытаў у Міхася:
— За што гэта вас загналі ў гэты каземат?
— За непавагу да начальства, — адказаў арыштант.
— А ў чым канкрэтна была гэта непавага? — не адставаў ахоўнік.
Міхась перасіліў сябе і расказаў усё, як было.
— Дык вы, значыць, настаўнік?
— Так, настаўнік, які амаль не пачынаў яшчэ настаўнічаць.
— А па якому прадмету?
— Руская мова і літаратура.
— Вось якраз такі настаўнік і мне трэба.
— Для вашых дзяцей?
— Не, не для дзяцей, яны яшчэ маленькія, для самога мяне. Нас усіх абавязалі здаць экзамены за пачатковую школу. Інакш трэба будзе кожны дзень пасля заняткаў хадзіць у вячэрнюю школу для малапісьменных, альбо дадуць «воўчы білет». З арыфметыкай у мяне яшчэ сюды-туды, нешта петру, а вось з рускай мовай — справа дрэнь. Можа, дапаможаце? Я ў даўгу не застануся.
— Ну што ж, колькі змагу, дапамагу. Можна было б пачаць і з сённяшняга дня, ды ў нас тут ні падручнікаў няма, ні ручкі з чарнілам, ні паперы.
— Паперы, ручку і чарніла я і зараз магу дастаць, а вось што датычыць падручніка, то заўтра прынясу.
— Тады нясіце ўсе вашы пісьмовыя прылады, і мы пачнём практыкавацца і адначасова паўтараць граматычныя правілы.
— Вы давайце выходзьце сюды, на вахту, — прапанаваў «вучань» свайму выпадковаму «настаўніку» з двайным «наморднікам».
Гадзіны тры-чатыры яны займаліся разборам слова па частках, а потым і самога сказа. Потым практыкаваліся і тлумачылі разам кожную зробленую памылку, а іх было амаль у кожным слове. І калі стаміліся і настаўнік, і вучань, Міхась прапанаваў перапынак да наступнай ночы.
— Вы можаце зрабіць так, каб дзяжурыць толькі ноччу, пакуль я тут «адпачываю»?
— Магу, — адказаў «вучань», — а зараз давайце будзем разам вячэраць. Сёння мы спажывём толькі мой паёк, а заўтра я прынясу спецыяльна для вас вячэру.
Так яны «працавалі» пяць начэй запар.
Кожную раніцу да Міхася прыходзілі з прапановай ісці на работу, але ён выстаўляў сваё патрабаванне — выдаць яму абяцаную вопратку ў лік платы за працу на курсах, як яму калісьці і абяцалі. І пакуль яго патрабаванне не ўлічвалася, не кранаўся з месца.
На шостыя суткі прыйшоў да Міхася памочнік начальніка па быту і прапанаваў яму ісці ў кладоўку па новую вопратку і абутак. На гэтым і скончыўся яго тэрмін пакарання, а разам і яго настаўніцкая праца з лагерным вартаўніком.
З ізалятара Міхася паслалі ў брыгаду, якая выконвала астатнія земляныя работы на чыгунцы.
На гэты раз Міхась трапіў у брыгаду Гайсёнка, беларуса, ураджэнца Полацкага раёна, з якім ён разам марнеў у ленінградскай перасыльнай.
— Во дзе мы сустрэліся з табой, землячок, — сустрэў яго з радасцю брыгадзір.
— Я вельмі рады такой сустрэчы, — сказаў Міхась.
— Ну, расказвай па парадку, дзе быў, што рабіў? — пытаўся той.
— Потым, часу ў нас хопіць, — ухіліўся ад расказу Міхась. — Давай поўную нагрузку на хамут, будзем цягнуць разам.
— Пра нагрузку не клапаціся, крыўдаваць не будзеш.
У абавязак брыгады ўваходзіла апрацоўваць кюветы і рабіць адводныя канаўкі ад чыгуначнага палатна. Адным словам, работы хапала. Да таго ж летні дзень доўгі. А ў лагеры ў той час працавалі ад сонца да сонца. Пры гэтым — без выхадных, як рабы ў Старажытным Рыме. А кармілі слаба, па-турэмнаму. Калі збоку не здабудзеш чаго, дык цяжка было пражыць на тых казённых харчах. Больш спрытныя зэкі здабывалі сабе сёе-тое з прадуктаў за грошы, якія ім употай прысылалі з дому, або муку, з якой пяклі праснакі. Значную частку гэтай брыгады складалі грузіны, а народ гэты, як вядома, практычны. Вось яны разбіваліся на групкі і раздабывалі сяго-таго з прадуктаў, за грошы, канечне, у дадатак да жабрацкага пайка. І вось неяк раз адна з такіх групак набыла недзе жытняй мукі для праснакоў і заціркі, схавала яе ў скрынку, якая знаходзілася пад іх нарамі, а самі хлопцы адправіліся ў лазню. Калі вярнуліся, то ўбачылі, што скрынка пустая — мука кудысьці сплыла. Яны пачалі наводзіць даведкі, а адзін з сапраўдных віноўнікаў гэтага зладзейства — крымінальнік — сказаў, што муку ўкраў Асцёрскі. Грузіны, не разабраўшыся, узброіліся жалезнымі прутамі і з лаянкай пайшлі на Міхася. Бачачы такую небяспеку, Міхась закрычаў: