Выбрать главу

— Хлопцы, за што вы на мяне? Я ж у божым свеце нічога не ведаю. Гэта паклёп!

Добра, што побач знаходзіўся брыгадзір. Ён падскочыў да ашалелых сваіх рабацяг і крыкнуў грозным голасам:

— За што вы прысталі да яго? Вы ведаеце, хто гэты чалавек і на што ён здольны? Не, пэўна, не ведаеце. Па-першае, гэта настаўнік, па-другое, беларускі паэт, а па-трэцяе, сумленны чалавек. Я яго даўно добра ведаю. Вас проста завялі ў зман.

Ад гэтых пераканаўчых слоў гарачыя грузіны пачалі астываць. І ў гэты ж момант падышоў чалавек з суседняй брыгады і прама сказаў:

— Я ведаю, хто забраў вашу муку. Той самы чалавек, які паказаў вам на гэтага невінаватага рабацягу.

Грузіны зноў «запалымнелі». Яны ўсе ўтрох рушылі да нар, дзе змяшчаўся той жулік, знайшлі сваю муку ў яго пад падушкай, а потым дабраліся і да яго самога, ды так аддубасілі, што нават Міхасю стала яго шкода.

— Кацо, даруй нам за нашу дурасць. Мы дарэмна пакрыўдзілі і абразілі цябе. Дзякуй брыгадзіру, што ён не дазволіў саграшыць нам перад табою. Ты добры чалавек. Даруй нам, браток, — прасілі яны Міхася.

— Тут не столькі вы вінаватыя, колькі той шакал, якога вы добра правучылі,— адказаў Міхась.

— Скажы, добры чалавек, гэта праўда, што ты яшчэ і паэт — пішаш вершы?

— Быў калісьці і паэтам, а цяпер вось — рабочае цягло.

— Дык вось што, — раздобрыўся адзін з іх — Махарадзе, — у мяне ёсць томік Ільі Чаўчавадзе, я дару табе яго. Гэта цудоўны паэт, геніяльны паэт!

— Ад такога падарунка я не адмоўлюся, — падзякаваў Міхась. — Ілью Чаўчавадзе я палюбіў яшчэ ў студэнцкія гады.

З гэтым томікам выбраных вершаваных твораў Міхась не расставаўся да канца так званага свайго тэрміну пакарання.

Праз нейкі час Гайсёнка выклікалі ў канцылярыю і пасля кароткай размовы адправілі ў Тайшэтлаг. Так тады пра гэта гаварылі, хоць дакладна ніхто не ведаў, куды ён падзеўся. Брыгадзірам замест яго быў прызначаны Рыгор Іванавіч Геаргадзе, грузін.

Брыгадзе было даручана разбіраць апалубку чыгуначных мастоў, дашчаныя платы лагернай калоны, сцены былых зямлянак і апусцелых баракаў і іншыя «драўляныя работы». Міхась з дзіцячых гадоў любіў працаваць па-сапраўднаму. А калі і здаралася быць без працы, дык не па сваёй віне. А таму і дошкі цягаў ён заўзята, без ніякай хітрасці і без «перакураў», што амаль усім яго паплечнікам па брыгадзе не вельмі падабалася. Людзі кураць, адпачываюць, расказваюць розныя гісторыі, а ён усё варушыцца. Нарэшце брыгадзір не вытрымаў, падышоў да Міхася і спытаў:

— Кацо, што ты робіш?

— А ці ж ты не бачыш? Дошкі нашу, — адказаў той.

— У нас, кацо, так не робяць. Бо заўтра таксама трэба будзе працаваць. Трэба берагчы сябе, мілы чалавек. Тут ніхто цябе не пашкадуе, акрамя самога сябе, ды, можа, акрамя такога дурня, як я. Лепш садзіся пакуры, а пасля будзем ішачыць.

На словы папроку брыгадзіра Міхась нічога не адказаў. Ён кінуў дошку, якую нёс, і сеў бліжэй да людзей з брыгады, якія не толькі курылі, але і ўмудраліся піць чай, завараны «грузінскім».

Міхась сядзеў, не ўсё разумеючы з размовы на грузінскай мове, і нечакана для сваіх субяседнікаў перабіў іх пытаннем:

— Кацо, няхай я безабаронны, а як гэта трапілі сюды вы, маючы такіх землякоў, як вялікі Сталін і яго дастойны паплечнік Берыя? Вось тут мне штосьці незразумела.

— Сталін — вялікі падлец! Разам з яшчэ большым падляцом Берыя загнаў вось у такія мясціны палову ўсіх грузінаў,— ускіпеў Геаргадзе. — Колькі яны нявіннай крыві пралілі і дзяцей асірацілі? А колькі ўдоў засталося!