— Хлопцы, вы не крыўдуйце на мяне, — звярнуўся Міхась да сваіх людзей. — Я раблю ўсё, што магу, але нічога ў мяне не атрымліваецца.
— А калі не атрымліваецца, не можаш адстаяць нашы правы, адкажыся ад брыгадзірства, — папракаў яго Іван Фаменка, ураджэнец Жытомірскай вобласці.
— Хоць сёння магу перадаць табе гэту нікчэмную пасаду, якая, акрамя непрыемнасцей, нічога мне не прыносіць.
— Гэта ты толькі так гаворыш, а сам нябось баішся, каб не страціць яе, гэтую пасаду.
— А ці ж не разам з табой падстаўляем свае плечы пад мяшкі, ці ж не разам трасём лахманамі?
— Яно так, ды ўсё ж такі пасада. А гэта многа значыць.
— Хопіць табе малоць языком, што памялом, — умяшаўся яго зямляк Максім Зарэмба. — Асцёрскі такі ж самы ішак, як і мы з табой. Траціць яму няма чаго. І тое, што нас абышлі з вопраткай і абуткам, ён не вінаваты. Не можа лізаць начальству зад, вось і ўся тут прычына.
— А не можа, дык няхай адмаўляецца ад брыгадзірства, — не здаваўся Фаменка.
— А калі і адмовіцца, дык усё роўна, Іван, цябе не паставяць на яго месца.
— А я і не рвуся на такую пасаду, мне і так добра, — няўпэўнена гаварыў Фаменка, а сам думаў, напэўна, не тое: яго ўвесь час заядала, што Асцёрскі карыстаецца аўтарытэтам у членаў брыгады.
— Вось што, хлопцы, кінем спрачацца, лепш давайце дамовімся так: як толькі зноў патрывожаць нас ноччу, адмовімся ісці на выгрузку у знак пратэсту, што падманулі нас з адзеннем і абуткам, — прапанаваў Міхась. — Можа, тады знойдуцца і вінаватыя, а для нас — адзенне і абутак.
— Правільна сказаў брыгадзір, — першым азваўся Фаменка, — я за гэта.
— Іван, гэта ты толькі так, для выгляду мелеш языком, а на самай справе не падтрымаеш брыгадзіра, — кінуў рэпліку яму зямляк. — Пры першым жа выпадку шуснеш у кусты.
— Дрэнна ты, Максім, ведаеш мяне.
— Не, браце, я цябе добра ведаю.
— Хопіць дыскуціраваць, лепш пойдзем адпачываць, — прымірэнча сказаў Міхась, — а то хутка і на самай справе могуць патрывожыць нас нястомныя начальнікі.
Брыгадзір не памыліўся. Не прайшло 2–3 гадзін пасля той размовы, як у бараку прагучаў голас нарадчыка:
— Асцёрскі, падымай брыгаду, трэба тэрмінова выгружаць вагоны.
Міхась падняў галаву і спакойна адказаў:
— Не буду падымаць!
— Гэта чаму?
— А таму, па-першае, што людзі мае яшчэ не паспелі адпачыць ад дзённай змены. Машынам і тым даюць час на адпачынак, а гэта ж жывыя людзі. Па-другое, у іх няма ў чым працаваць па цэлых сутках: знасілася і вопратка, і абутак. Прапануйце гэта тым, каго вы паспелі ўжо апрануць і абуць. А мы будзем адпачываць, як гэта і належыць рабочаму чалавеку.
— Ты што, Асцёрскі, шуткуеш ці на самай справе займаешся сабатажам? — разгубіўся бравы нарадчык.
— Я сказаў вам рускаю мовай, што не буду падымаць брыгаду і сам не пайду.
— Тады мы падымем яе без твайго дазволу, — грозна сказаў той.
І нарадчык разам з ахоўнікам пачалі самі падыходзіць да кожнага рабацягі і падымаць яго. Хоць і без ахвоты, але ўсе, акрамя брыгадзіра і Зарэмбы, паслухмяна падымаліся і апраналіся ў свае лахманы. А што датычыць Фаменкі, дык той, не чакаючы асабістай прапановы нарадчыка, першым усхапіўся, апрануўся і ўголас сказаў, каб усе, разам з падганяламі, чулі:
— Сябры, навошта нам гэтыя фокусы? Раз трэба, значыць, трэба. Гэтага патрабуе ад нас партыя і народ. Мы ж адбываем тэрмін пакарання. І толькі сумленнай працай мы зможам зняць з сябе гэтую ганебную пляму.
— Вось гэта голас патрыёта! — пахваліў яго ахоўнік і ўжо, звяртаючыся да нарадчыка, прапанаваў: — Вось яму і даручым сёння брыгаду.
— Фаменка, павядзеш брыгаду, — распарадзіўся нарадчык.
— Ёсць павесці брыгаду, — адказаў па-салдацку Фаменка.
Атрымалася так, што ўся брыгада, акрамя самога брыгадзіра і радавога Зарэмбы, пайшла выгружаць вагоны з рознымі грузамі для новабудоўлі. Кожны з рабацяг ведаў, што не паспее ён вярнуцца і паснедаць, як яго зноў пагоняць на такі ж самы занятак.
Міхась добра разумеў, што рабіў. Ведаў, што яго за гэта не пагладзяць па галоўцы. Але ён быў вельмі задаволены тым, што яго пазбавяць адказнасці за лёс 25 чалавек — пазбавяць ад брыгадзірства, чаго ён чакаў усе гэтыя два тыдні. Яно было не чым іншым, як путамі на сэрцы і душы.