Выбрать главу

Арышт

Міхась не памыліўся ў сваім прадчуванні: раніцай наступнага дня, перад разводам, у барак прыйшоў нарадчык і аб’явіў:

— Асцёрскі і Зарэмба пойдуць у брыгаду Зверава. Зразумела?

— Зразумела, у брыгаду звера, — падкусіў яго Міхась.

— Не звера, а Зверава, — паправіў Міхася нарадчык.

Брыгада Зверава выконвала амаль такія ж самыя работы: выгружала грузы з вагонаў, а потым загружала вагоны і машыны, якія накіроўваліся на трасу будаўніцтва самой чыгункі Тайшэт — Ангара.

Дваццаць кіламетраў гэтай лініі ўжо дзейнічала. Дык вось, па іх і адпраўлялі грузы і людзей у глыб тайгі.

Розніца была ў тым, што цяпер яго разам з іншымі зэкамі вадзілі да месца працы пад канвоем і з сабакамі. Канвой як канвой, а вось сабакі даводзілі да шаленства, асабліва пасля таго, як яны на яго вачах загрызлі да смерці аднаго рабацягу, які без дазволу асмеліўся быў заскочыць у магазін, каб чаго-небудзь прыкупіць да свайго жабрацкага пайка. На рабацягу ахоўнікі-сабакаводы пусцілі двух аўчароў, і яны за лічаныя мінуты аднялі ў яго жыццё. І гэта адбылося ў самым цэнтры Тайшэта. З таго моманту ён і ўзненавідзеў сабак і сабачнікаў — тых, хто іх вадзіў на павадку. Праўда, працаваць у такіх умовах Міхасю давялося нядоўга — усяго толькі пяць дзён, але і гэтага было дастаткова.

Неяк пасля рабочага дня, калі Міхась, седзячы ля грубкі, аплятаў заробленую цяжкай працай магаравую кашку, у барак завітаў узброены аператыўнік і гучна спытаў:

— Асцёрскі Міхаіл тут размяшчаецца?

— Я Асцёрскі,— адказаў Міхась, — чым магу служыць?

— Дзе ваша месца? — зноў спытаўся той.

Міхась паказаў яму на нары другога паверха.

— Бярыце вашы рэчы разам з матрацам і падушкай і пойдзем са мной.

— Куды і навошта? — звярнуўся Міхась да опера.

— Пасля будзеце ведаць. Збірайцеся хутчэй. Усё, што ў вас ёсць, паўтараю, бярыце з сабой, — катэгарычна заявіў опер.

Міхась добра ведаў, што ў такіх выпадках не жартуюць. Гэта не нарадчык і нават не прараб, з якімі можна было і паспрачацца. Бо яны самі такія ж зэкі, як і ён. Тым больш што гэта не звычайны ахоўнік, а аператыўнік. А таму ён хуценька пазбіраў усе свае манаткі і ў суправаджэнні таго ж самага аператыўніка скіраваў на вахту. Там яго абшукалі, перамацалі кожны рубчык на вопратцы, вытраслі салому з матраца і падушкі, потым загадалі зняць боты, у якіх адарвалі падэшвы і ўсцілкі. Затым загадалі зняць і бялізну, якую таксама дасканала перагледзелі, перамацалі.

Пасля ўсяго гэтага прапанавалі сесці на табурэтку і адказаць на пытанні:

— Калі, куды і з кім вы збіраліся ўцякаць?

— Нікуды і ні з кім я не збіраўся і не збіраюся ўцякаць, гэта паклёп.

— Дзе вашы грошы, якія вы збіралі на дарогу?

— Няма ў мяне і капейкі за душой.

— З чыёй дапамогай вы збіраліся адгэтуль уцякаць?

— Я ўжо сказаў вам, што нікуды я не збіраўся ўцякаць, а значыць, і дапамога мне была не патрэбна.

— Пасадзіце пакуль што ў ізалятар, а заўтра мы дапытаем яго, як трэба, — звярнуўся ён да вахцёра, таксама ўзброенага.

— Забірай свае лахманы, — сказаў Міхасю ўжо вахцёр, — пойдзеш на свежае паветра — у цёмны катух. Там ужо адзін такі, як ты, ёсць.

Ён тут жа адчыніў дзверы ізалятара, і Міхась апынуўся ў ім, як у магіле.

Намацаў рукамі нары і хацеў толькі паслаць матрац, каб прылегчы, як адчуў пад рукамі нешта мяккае. Ён адразу ж здагадаўся, што гэта той «адзін такі», пра якога гаварыў яму вахцёр. Значыць, гэта быў жывы чалавек. «Будзе трошкі весялей», — думаў Міхась.

— Ану пасунься бліжэй да сцяны, разлёгся, як дома! — прамовіў Міхась.

— Гэта ты, Асцёрскі?

— А хто ж, калі не я? А ты хто?

— Ці ж не пазнаеш? Максім Зарэмба.

— Вось сустрэча, дык сустрэча! Як жа гэта ты трапіў сюды?

— А вось так жа, як і ты. Абодвух нас «упёк» сюды мой землячок Фаменка, бо яму ў любых умовах трэба кар’ера.

— Дык ён жа ўжо дабіўся свайго — стаў брыгадзірам.

— Брыгадзірства для яго мала. Яму хочацца чагосьці большага, цікавейшага ці цяплейшага. Хто-хто, а я дык яго, падлюку, ведаю.

— Падонак, шакал, — дадаў Міхась. — Я яго зразумеў ужо тады, калі ён драў глотку наконт амуніцыі і абвінавачваў мяне ў нерашучасці, а сам першы пайшоў на здзелку з нарадчыкам і са сваім сумленнем.

— Ён даўно чакаў гэтага канфлікту, — зноў загаварыў Зарэмба. — А цяпер яшчэ баіцца, што ты вернешся на сваё месца. І мяне ён не любіць за тое, што я ведаю яго паганую душу. У брыгадзе сам ён працаваць не будзе, як гэта рабіў ты.

— Ну, ліха яго мацеры! Дачакаецца і ён свайго чорнага дня. Такое ніколі нікому не праходзіць дарма. Можа, ён рана яшчэ радуецца. Гара з гарой не сыходзяцца, а чалавек з чалавекам могуць сустрэцца.