Выбрать главу

— Такія, як Фаменка, пра гэта не думаюць.

— А не думаюць таму, што не здольныя на гэта, — заключыў Міхась. — Давай трошкі здрамнём, а то заўтра чорт ведае што з намі будзе.

— Правільна кажаш, давай, дружа, здрамнём, — пагадзіўся Зарэмба.

Як яны перажылі тую ноч, яны і самі не ведалі. Начныя марозы яшчэ даходзілі да 15 градусаў, а кандзей гэты ніхто не апальваў. Пасінелых ад холаду іх выпусцілі ў сем гадзін раніцы і загадалі ісці ў барак на свае месцы, але на работу не выходзіць. Разам з усімі яны паснедалі і занялі на нарах свае месцы. З барака без дазволу ім таксама забаранілі выходзіць, акрамя як у туалет.

Аператыўнікі і ахоўнікі наведвалі іх праз кожных 20–30 мінут. Але як бы ні было строга, Міхась выбраў момант і завітаў да прараба, якому расказаў пра ўсё, што здарылася. Той выслухаў уважліва і толькі паспачуваў:

— Сам ты, Асцёрскі, вінаваты. Навошта было лезці на ражон. Ты ў лагеры захацеў праўду знайсці? Яе, калі сказаць шчыра, на волі няма, а не тое што ў гэтым пекле.

— Дык ці ж за тое, што не пайшоў на работу, зноў арыштоўваць ды яшчэ і выдумляць чорт ведае што?

— А сюды ты трапіў за што? Успомні, чаго толькі ні прыпісвалі табе, каб завесці справу і ўклеіць у яе абвінавачванні, пра якія ты не толькі не чуў, але і ў сне не сніў?

— Тое было адно, а гэта зусім іншае. Тут дапамог Фаменка, які цяпер узначаліў былую маю брыгаду.

— З брыгадзіраў яго я звольню, але такія людзі без справы не застаюцца. Ён усё роўна прылепіцца яшчэ куды-небудзь, канечне, цераз трупы іншых, сабе падобных.

Прараб не памыліўся. Праз пару дзён пасля таго Міхась убачыў Фаменку на пасадзе фурмана начальніка калоны. Ён ехаў важна ў новай амуніцыі. Калі яны параўняліся, Міхась выпаліў яму:

— Ну што, гадзюка, выслужыўся? Дабіўся свайго?

— Я свайго дабіўся, а ты з Зарэмбам таксама.

— Падонак, юда! — сказаў Міхась і плюнуў яму ў твар.

— Ад падонка і чую! Ты яшчэ пашкадуеш!

— Пашкадуеш і ты, гадзюка!

Праходзіць дзень, другі, а Асцёрскага і Зарэмбу нікуды не пасылаюць, затое па-ранейшаму праз кожных 20–30 мінут іх наведваюць ахоўнікі ды аператыўнікі.

Неяк раз, калі яны ў бараку засталіся ўдвух, Зарэмба і пытае ў Міхася:

— Скажы, Асцёрскі, куды нас надумалі адпраўляць, як ты думаеш?

— А трасца іх ведае. Пэўна ж, не да цешчы на бліны. Якую-небудзь прорву знойдуць.

— А не ў цэнтральны ізалятар?

— Наўрад, каб адважыліся туды запіхнуць нас. Бо там хоць трыста грамаў на дзень, а даць трэба — не заробленых. А мы ж людзі працаздольныя. І не для таго нас завозілі ў такія месцы, каб мы сядзелі і дармовы хлеб елі. Нас бралі для таго, каб мы зараблялі і на сябе, і яшчэ на добры дзесятак дармаедаў, сярод якіх мы знаходзімся і якія на волі ходзяць з партфелямі.

— Значыць, на Калыму павязуць?

— Я думаю, што не. Там ужо і без нас хапае. Хутчэй за ўсё звязуць куды-небудзь далей ад гэтай бруднай чыгуначнай станцыі, бліжэй да Ангары, у глыб тайгі. Адтуль, хоць і гнаць будуць, дык і сам не пажадаеш уцякаць. Сотні кіламетраў па тайзе не пройдзеш.

— Калі так, то гэта яшчэ паўбяды, — павесялеў Зарэмба. — У тайзе жыць яшчэ можна. Там ёсць ягады, грыбы, арэхі. З голаду не памрэш. Кажуць, і жэньшэнь ёсць.

— Вось пра гэта я не чуў,— здзівіўся Міхась.

— А якая ў цябе прафесія на волі, брыгадзір?

— Па-першае, я ўжо не брыгадзір. А што датычыць прафесіі, скажу, — настаўнік. Для лагера не падыходзіць.

— А я — каваль, — прызнаўся Зарэмба.

— Каваль і ў гэтых месцах — хадавая прафесія. Не ведаю, чаму ты маўчыш.

— А яна мне і ў калгасе абрыдла: дзень і ноч, як дзяцел той, дзёўбаеш малатком, а карысці ад працы ніякай.

— Затое з голаду не памрэш і ў такую няміласць не трапіш, як мы вось зараз з табой.

— А хто яго ведае, можа, ты і праўду кажаш, — згадзіўся Зарэмба. — Як прыеду на новае месца, адразу ж далажу начальству ці мясцоваму кіраўніцтву.

— Мне, таварыш Зарэмба, аднаго шкада, — уздыхаючы, гаварыў Міхась. — Тут я не так даўно падаў заяву на курсы шафёраў. Абяцалі накіраваць. А цяпер, як бачыш, усяму капут… Хацелася і мне мець рабочую прафесію, ды вось твой зямляк перашкодзіў, растуды яго туды!

— Можа, у другім месцы даб’ешся?

— Не, дружа, такія магчымасці ў лагерных умовах не так часта здараюцца.

Мінулі ўжо трэція суткі «дамашняга арышту» Міхася і Зарэмбы. І вось на чацвёртыя суткі, раніцай, пасля разводу, у барак зайшоў памначальніка па працы і загадаў арыштантам збірацца ў дарогу са ўсімі сваімі рэчамі. Зборы былі нядоўгімі, таму што рэчаў асаблівых амаль што не было. Якія ў зняволенага рэчы?