Выбрать главу

Узброены пісталетам, ахоўнік адвёў двух «небяспечных» зэкаў на станцыю, дзе ў саставе таварнага цягніка знаходзіўся вагон-цяплушка з кратамі на акенцах. Разам з двума дзесяткамі такіх жа «злачынцаў» іх запхнулі ў гэты вагон і зачынілі дзверы.

— Куды нас павязуць? — спытаў Міхась у сваіх новых суседзяў.— Пэўна, кудысьці далёка?

— Ды не, на 21 кіламетр. Датуль толькі і ходзяць цягнікі. А далей — цаліна. Праведзена толькі лінія, ды сям-там спілаваны дрэвы на месцы будучай чыгункі.

— Тады яшчэ не так страшна.

— Не страшна, але і не весела. Вакол лес і лес!..

Не паспелі новыя знаёмыя абмяняцца некалькімі словамі, як цягнік крануўся і ўзяў курс у напрамку Ангары. Праз якую-небудзь пару гадзін яны ўжо былі на месцы, нягледзячы на тое, што цягнік ішоў з хуткасцю чарапахі. Гэта было яшчэ часовае чыгуначнае палатно, па якім курсіравалі толькі рабочыя цягнікі мясцовага значэння і спецыяльнага прызначэння. Тайга яшчэ «па вушы» была заснежанай. У некаторых месцах у снежных гурбах можна было схавацца з галавой. А ўжо наступілі першыя красавіцкія дні!

Новую рабочую сілу, ці цягло, змясцілі ў часовыя баракі, якія паспелі абжыць іншыя рабацягі. Баракі гэтыя ледзь можна было бачыць — яны патаналі ў глыбокім снезе. А налічвалася іх, акрамя падсобных гаспадарчых памяшканняў, пяць. Непадалёку ад баракаў, абнесеных высокім дашчаным плотам з калючым дротам наверсе, былі памяшканні для начальства і аховы. Стаяла будыніна і для службовых сабак. Адным словам, — сярэдневяковы горад-княства, дзе было ўсё сваё, нават і ўзброеная сіла.

Перад вахтай зрабілі пераклічку па тых спісах, якія ехалі разам з нявольнікамі. Правяраў нарадчык гэтай калоны, якога Міхась адразу пазнаў. Гэта быў той мінчанін Мароз, які служыў нарадчыкам у Заудзінску, калі Міхась яшчэ брыгадзірыў на бульбяным складзе. Той таксама пазнаў Міхася, але змаўчаў. А як толькі пераклічка скончылася, ён сказаў:

— Зняволены Асцёрскі, пасля ўладкавання ў бараку зайдзіце ў нарадны пакой, што побач з вахтай, трэба будзе ўдакладніць вашы даныя. Зразумела?

— Зразумела, — адказаў Міхась.

Так ён і зрабіў. Калі знайшоў сабе месца, уладкаваў так званыя свае рэчы, адразу ж накіраваўся да свайго земляка.

— Ну, добры дзень, зямляк! — сустрэў яго Мароз. — Якім ветрам прынесла цябе сюды?

— А, пэўна, такім жа, як і цябе, — Гальфстрымам, які заўсёды кіруе з захаду на ўсход. «По морям, по волнам, нынче здесь, а завтра там». Памятаеш, як пелі ў першыя гады савецкай улады? Вось так і мы зараз.

— Ты ведаеш, чаго я паклікаў цябе? — спытаў Мароз.

— Па-зямляцку пабуськацца. Так ці не?

— Не, не толькі таму, — працягваў Мароз. — Калона гэта, землячок, паходзіць на штрафную. А ты ведаеш, што на штрафных камандзіроўках — не мёд. І я, зямляк твой, хачу аблегчыць тваё становішча — хачу прапанаваць табе брыгаду, якую мяркую скалаціць з самых сумленных рабацяг — выключна з «контрыкаў». Як ты на гэта глядзіш? Як табе падабаецца такая прапанова?

— Не ведаю, што і сказаць табе. Я ўжо на гэтых брыгадах набіў аскому. Яны ў мяне стаяць косткай папярок горла. Такая пасада і сюды мяне прывяла. — І ён расказаў Марозу ўсё, што з ім здарылася за апошні час.

— Не хвалюйся, тут гэтага не будзе, — запэўніў Мароз Міхася. — Дарэчы, начальнікам калоны з’яўляецца той чалавек, якога ты карміў цэлага паўгода, не бачачы ў вочы, — Шпілер Міхаіл Іосіфавіч.

— Дык і ты ведаў пра гэта?

— А як жа? Гэта ж я і даваў даручэнне прарабу, а той табе.

— Добра, я згодзен. Толькі, дзе трэба, дапамагай мне напачатку.

— Канечне, няўжо ты яшчэ сумняваешся?

— Дзякую за добрыя словы і за абяцанне.

Зноў асечка

Брыгада, якую даручылі ўзначаліць Міхасю, складалася з 30 чалавек, і амаль усе яны былі «ворагамі народа», за выключэннем двух-трох «бытавікоў», ды і яны трапілі ў лагер не за нюх табакі па прыдуманым артыкуле СВ («социально-вредный»). Адзін з такіх «социально-вредных» быў Мікалай Расказаў, з якім пасля Міхась пасябраваў.

Спачатку працаваць было не так ужо і цяжка: расчышчалі трасу будучай чыгункі ад снежных заносаў. Брыгадзе выдалі шырокія драўляныя лапаты, і яна добра спраўлялася са сваімі абавязкамі. Выконвала і перавыконвала нормы выпрацоўкі, а значыць, і атрымлівала нармальны паёк. Так прайшоў амаль цэлы красавік, пакуль сам сабою не растаў снег. Пасля даручылі пілаваць з пня дрэвы — на лесапавале чыгуначнай магістралі. Тут яны таксама сяк-так спраўляліся. Спраўляліся рабацягі і тады, калі на тачках пачалі адсыпаць само палатно будучай дарогі. А вось калі «на дапамогу» прыйшла тэхніка, а гэта ўжо было недзе ў канцы мая, брыгада, як кажуць, села на мель.