У кар’ер, дзе працавала брыгада Асцёрскага, прыгналі некалькі машын. Калі на ўсё гэта паглядзець казённым вокам, дык здаецца ўсё правільна: пры малых затратах — вялікі прыбытак. Начальства хваляць, бо ёсць добрыя вынікі працы, не тое што ад тачкі ці калымагі. Але так можа разважаць толькі той, хто стаіць убаку і не задумваецца над тым, хто і як гэта ўсё робіць.
Машыны толькі адвозяць пясок і гравій, а грузяць жа яго рукамі людзі, якіх ператварылі ў аўтаматы. Да машын патрэбны былі экскаватары, а іх не было. І вось людзі з брыгады Міхася і замянялі гэтыя экскаватары. Не паспеюць яны загрузіць адну машыну, як на яе месца прыходзіць другая, а потым трэцяя, чацвёртая, пятая. Толькі чуюцца сігналы: «Ту-ту-ту, ту-ту-ту, ту-ту-ту». Машыны мяняюцца, а людзі адны і тыя ж. Шафёры на сваіх «газіках» лёгка выконвалі і перавыконвалі нормы, а рабацягі ў кар’еры, працуючы без перакураў,— спраўляліся са сваімі нормамі на 50 працэнтаў, а гэта ўжо ўразала іх паёк таксама на 50 працэнтаў. Людзі пачалі слабнуць, а значыць, і даваць яшчэ меншую норму.
А тут яшчэ камары, машкара і розны таежны гнус. Праз некаторы час выдалі накамарнікі. Але ж яны выратоўваюць толькі ад камароў. А што датычыць машкары, дык яна свабодна пралазіць праз дзірачкі гэтай няхітрай сетачкі і да крыві раз’ядае твар занятага працай чалавека. Ад бясконцых укусаў пухне твар, ажно заплываюць вочы. Чалавек перастае паходзіць на самога сябе — на разумную істоту. Зняць бы гэты абрыдлы накамарнік, выцерці твар вільготнай хустачкай і расцерці чым-небудзь, каб не свярбела, ды няма як. «Давай, давай! Чаго стаіш, быдла? Бачыш, машыны чакаюць?» — чуецца голас падганятага. А машыны і праўда падаюць свой прыкры голас: «Ту-ту-ту». І так штодзённа, штогадзінна, штомінутна.
З кожным днём рады брыгады радзелі: рабацягі выходзілі са строю. Хто з іх па слабасці заставаўся ў зоне, хто трапляў у лазарэт, а хто і адпраўляўся да сваіх продкаў. За кароткі час брыгада скарацілася на адну трэць. Былі ўжо на чарзе і яшчэ пяць чалавек. А колькасць машын не змяншалася. Нават паабяцалі яшчэ прыслаць — каб датэрмінова выканаць план. Ніхто не думаў і не хацеў думаць пра тое, што брыгада на вачах гіне.
Міхась не ведаў, што і як яму рабіць, як быць. Ён да глыбіні душы шкадаваў сваіх людзей, сваіх сяброў па няшчасці. Але што ён мог зрабіць у сваім паднявольным становішчы? Адзінае, на што ён здольны — гэта адмовіцца ад брыгадзірства. Але ж гэта не выхад. Людзей гэтых і без яго будуць душыць да канца. Цяпер хоць ён закіне за іх слова, а потым? Хто ведае, што будзе потым?..
Асцёрскага пачалі вызываць «на кавёр» і «ганяць яму ката» за тое, што яго брыгада «не хоча работаць, сабатажнічае». Яго ўшчувалі, яму пагражалі і ледзь не каралі.
І як ён ні даказваў розным начальнікам, што гэта няправільна, бесчалавечна, ніхто і слухаць не хацеў, бо ім жа, начальнікам, не баліць.
Неяк паклікаў да сябе Міхася Мароз і кажа:
— А я, землячок, спадзяваўся на цябе, як на самога сябе, толькі ты вось падводзіш мяне.
— Дык выходзіць так, што не ты мне, а я табе свінню падклаў?
— Я цябе, Асцёрскі, не разумею.
— А што тут разумець: усю работу калоны ўзваліў на адну маю брыгаду. Гэта па-зямляцку?
— Ды што ж ты хочаш, каб я пасылаў туды жулікаў, якія нідзе не хочуць працаваць? Я ж табе даручыў самых лепшых рабацяг з «контрыкаў» з тым разлікам, каб потым даручыць ім самую адказную работу. Усё гэта было ўзгоднена з начальствам калоны. І іменна табе мы даручылі гэту адказную справу як сумленнаму і спрактыкаванаму брыгадзіру.
— Не, землячок, з мяне хопіць. Калі вы тут усе разам не прымеце ніякіх тэрміновых захадаў, палова маіх людзей выйдзе са строю.
— Другімі папоўнім брыгаду, — сказаў той холадна.
— Тады я сам падам у адстаўку, — папярэдзіў нарадчыка Міхась.
— Што ж, паспрабуй, табе не прывыкаць.
На гэта Міхась нічога не адказаў свайму «дабрадзею» і моўчкі выйшаў за дзверы.
А рабацягі і на самай справе пачалі адзін за другім выходзіць са строю. Яны трацілі прытомнасць проста ў кар’еры, і іх на гэтых жа машынах адвозілі, каго ў медпункт, а каго і ў лазарэт, адкуль яны ўжо больш у брыгаду не вярталіся…
— Брыгадзір, — прасілі яго рабацягі,— зрабі што-небудзь, каб нас перасталі так мучыць. За што ж гэта так?